Правінцыйны СВЕТ: Трэці не лішні, альбо Формула сямейнага шчасця роду Карэцкіх (+відэа)
Людзі імкнуцца спасцігнуць сакрэт вечнага жыцця альбо хаця б знайсці сэнс свайго існавання, мы ў бясконцых пошуках абсалютнага шчасця і панацэі ад усіх зямных турбот. Не выключэнне і я. Але адна сустрэча натхніла мяне паглядзець па-новаму на іншую вялікую таямніцу чалавецтва ад пачатку свету, якая завецца сям’я.
Гэта гісторыя пачалася з выпадковай (ці, хутчэй, зусім невыпадковай) сустрэчы з пані Вандай Пяткевіч падчас адной дзівоснай паездкі. Я ўважліва слухала яе прамову на лекцыі. І гэты аповед пра жыццё, асабліва пра сям’ю, ускалыхнуў маё сэрца. Столькі тут было любові і цеплыні, што, здавалася, нібы сонейка зазірнула ў залу і абагрэла кожнага. Пагадзіцеся, тэма “бацькі і дзеці” даволі няпростая, для некаторых рытарычная і зачыненая на вякі вечныя, для іншых балючая і эмацыйная. А тут стаіць перад табой чалавек, і ты, дзякуючы яму, нібы адкрываеш таямніцу, па зямных мерках, ідэальнай сям’і, дзе ўсе шчаслівыя разам. А калі аказалася, што пані Ванда, хоць і жыве ў Навагрудку, але родам з Карэліч, я зразумела: гэта лёс.
? У радавым гняздзе Карэцкіх
І ўжо праз некалькі дзён у пошуках рэцэпта шчаслівых і гарманічных узаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі я апынулася ў гасцях у радавым гняздзе пані Ванды ў нашым райцэнтры. Якраз была субота, і тры пакаленні жанчын сям’і Карэцкіх – бабуля, тры дачкі ды ўнучка – сабраліся разам.
– Прыехалі мы ў Карэлічы ў 1962 годзе разам з мужам Леанідам з Дзятлаўскага раёна, – распачала размову “старэйшына” сям’і пані Тэрэса Карэцкая. – Лёня працаваў трактарыстам у “Племзаводзе “Карэлічы”, я – краўцом. Хутка мы сталі бацькамі трох дачок. Першай нарадзілася Ядзвіга, праз чатыры гады – Ванда, а яшчэ праз чатыры – Тэрэза. Дарэчы, карэліцкі ксёндз а. Ежы Саковіч называе мяне “Тэрэса-сеньёрша”, а малодшую – “Тэрэза-юніорша”.
Словы “Бог”, “вера”, “касцёл” пранізваюць усю нашу размову. І нездарма, бо менавіта Карэцкія не толькі збераглі неверагодную цеплыню ўзаемаадносін ва ўласным доме, але і дапамаглі адрадзіць у Карэлічах духоўную сям’ю католікаў.
– Што вы, пры чым тут мы?! Гэта ласка і міласць Бога, – усміхаецца пані Тэрэса і распавядае сямейную легенду. – Па волі нябёсаў я нават замуж выйшла. Мы з Лёнем з адной вёскі Лапушна. Хоць яго сям’я потым і пераехала ў Карэлічы, але хлопец часта прыязджаў да бабулі на Дзятлаўшчыну. Сустрэліся мы на моладзевай вечарыне. І Леанід праз пэўны час прапанаваў ажаніцца. Я доўга думала над адказам. Тады мая матка жартам прапанавала пайсці да касцёла і ўслухацца ў звон калакалоў. І ведаеце што яны мне “падказалі”? Ідзь за Лёню, ідзь за Лёню! Я і пайшла, а вянчаліся мы ў Фарным касцёле ў Навагрудку. Туды пазней ездзілі з Карэліч, пакуль наш храм адбудоўваўся.
Адраджэнне касцёла Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў нашым райцэнтры і стала справай жыцця сям’і Карэцкіх.
Пані Тэрэса дастае пажоўклы школьны сшытак, на ім напісана “1961-1962”. Такіх нататнікаў у яе багата, бо жанчына ўсё жыццё вядзе дзённік.
– Мама запісвае кожны дзень усе падзеі. Гэтыя сшыткі – гісторыя нашай сям’і, – удакладняе малодшая дачка Тэрэза.
А пані Тэрэса ўжо знайшла патрэбную старонку:
– Я нічога не ведала пра мясцовы храм. Часам мы з Лёнем хадзілі міма будынка касцёла ў кінатэатр. Помню, такі брудны ён стаяў, абшэрпаны, абгароджаны нейкімі штыкецінамі, на вежы – пажарная сірэна. Балела душа, касцёл быў, як смяротна хворы чалавек. Спачатку тут размяшчалася база, а потым магазін уцанёных тавараў, прымалі і шклотару. Мы працягвалі ездзіць у касцёл у Навагрудак аж да лета 1990 года, пакуль аднойчы пасля св. Імшы ксёндз Антоні Дзям’янка (цяпер біскуп Пінскай дыяцэзіі) не паклікаў мяне з яшчэ адной карэліччанкай Марыяй Юрэвіч на размову аб адраджэнні касцёла ў нашым райцэнтры. І я, як маладзейшая, вырашыла ўзяцца за гэтую, як потым аказалася, часам непасільна цяжкую справу. Спачатку пайшла да мясцовых уладаў, яны сказалі, што трэба знайсці хаця б 20 вернікаў. Удваіх з мужам мы абышлі Карэлічы ўздоўж і ўпоперак, дапамагалі і нашы дзеці, а подпісы ставілі нават праваслаўныя. Зрабіць усё атрымалася толькі з другой спробы. За гэты час я паспела дачку Ванду выдаць замуж за Казіміра Пяткевіча з Навагрудка, які таксама падключыўся да сямейнай справы адраджэння касцёла. Увосень 1990 года мы нарэшце атрымалі дазвол. І на гэтым… усё толькі пачалося! Смецце вывозілі з касцёла трактарамі. Добра, што мой муж Лёня быў трактарыстам на “Племзаводзе “Карэлічы”, адгукнуліся і яго калегі разам з кіраўніком гаспадаркі Піліпам Богушам. І 16 снежня 1990 года мы адкрылі наш касцёл. Зіма, халадэча, замест даха – дзірка, бачна неба (мы яшчэ жартавалі, што нашы малітвы напрамую ляцяць да Бога), а людзей усё роўна прыйшло багата.
– Памятаю, стаялі да самага алтара, і нават на вуліцы. Мне з хораў было ўсё добра бачна, бо ў той дзень я іграла на аргане, – дадае пані Ядзвіга.
– Пасля адкрыцця прысутныя падыходзілі да нас і казалі: “Якая ў вас моцная вера, што нават на руінах вы зладзілі такі цуд”. І праца пайшла, практычна на наступны дзень абралі касцёльны камітэт, а мяне аж на 25 гадоў яго старшынёй, – працягвае пані Тэрэса.
– Нават калі наша матуля хварэла, ляжала ў бальніцы, усё роўна не пакідала спраў храма, – кажа пані Ванда.
– Мусіць, так Бог дае. Мала чаго нам не хочацца альбо наадварот. Трэба пераадольваць сябе і спадзявацца на лепшае, – запэўнівае пані Тэрэса. – Дзіўным чынам знайшліся ахвярадаўцы аж з Германіі, як і раней дапамагаў нам “Племзавод “Карэлічы”, паступова складвалася моцная суполка вернікаў, у гады дэфіцыту мы ўсё ж знаходзілі матэрыял для будаўніцтва, рамантавала наш касцёл увогуле брыгада румынаў. Памятаю, мой муж уставаў а пятай гадзіне, ішоў спачатку нешта рабіць для будоўлі, а ўжо потым на працу, а з яе – ізноў да будучай святыні. І ў 1991 годзе наш касцёл быў з дахам, з адрамантаваным фасадам, побач мы засыпалі абрыў. А пасля паездкі да біскупа з’явіўся ў нас і свой ксёндз Тадэвуш Маркевіч з Польшчы. І ўжо з ім і яго паслядоўнікамі мы працягнулі рамонт.
? Традыцыі з пакалення ў пакаленне
Але як жылі дзеці ў тыя дзесяцігоддзі, калі бацькі адраджалі храм?
– Тата і мама з’язджалі ў касцёл яшчэ на світанні, а вярталіся адтуль, здаралася, і ў гадзіну ночы, – успамінае малодшая з сясцёр Тэрэза. – Я ж заставалася на вялікай хатняй гаспадарцы: свінні, каровы, гусі, качкі. Бо дзяўчаты ўжо выйшлі замуж і раз’ехаліся. Але я ніколі не наракала на лёс, бо разумела: мае бацькі занятыя вялікай справай.
– Сапраўды, у нашай сям’і заўжды шмат працавалі. І гэта таксама нас аб’яднала, – пагаджаецца пані Ядзвіга.
Дарэчы, тры сястры ўдалыя і ў жаночых работах, і ў мужчынскіх. Могуць і плітку пакласці, і сцены абліцаваць, і электрычнасць правесці. Калісьці іх бацька сваімі рукамі збудаваў дом, а зараз, калі таты не стала, сёстры працягваюць яго справу і разам ствараюць утульны сямейны рай.
– Галоўны генератар ідэй у нас Ядзвіга, – заўважаюць Ванда з Тэрэзай.
Застаецца толькі здзіўляцца, як музыкант з дыпломам кансерваторыі паспявае выкладаць у Лідскім каледжы, кіраваць калектывам са званнем “народнага”, іграць на аргане ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе ды яшчэ столькі цікавых рэчаў рабіць у бацькоўскім доме ў Карэлічах. Заўжды жанчына знаходзіць час даць параду свайму сыну Артуру, таксама прафесійнаму музыканту, і пацешыцца з маленькім унукам Багуславам.
– А раней я яшчэ была арганісткай у касцёле ў Карэлічах. І на працягу 20 гадоў ездзіла кожныя выхадныя сюды з Ліды, – усміхаецца пані Ядзвіга.
У такім дынамічным рытме жывуць і малодшыя сёстры. Пані Ванда, эканаміст па адукацыі, працуе спецыялістам па продажу на хлебазаводзе. Як і маці, яна – старшыня касцёльнага камітэта, праўда, у храме святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. Яе сын Марэк таксама ўвесь у працы: ён і інжынер, і фатограф. У малодшай Тэрэзы – дзве дачкі Рэната і Дарына і сур’ёзная пасада.
– Яна ў нас старшая медыцынская сястра ў Карэліцкай раённай паліклініцы, – удакладняюць сёстры. Бачна, што ў сям’і ганарацца поспехамі адзін аднаго. І дадаюць. – Увогуле, Тэрэза – наш сямейны доктар.
А замест адказу на пытанне, дзе крыніца сілаў, жанчыны з любоўю глядзяць на маці:
– Часам патэлефануеш матулі і ведаеш, што, магчыма, сёння яна сябе нядобра адчувае. Але пачуеш яе заўжды бадзёры голас, пагаворыш некалькі хвілін, і становіцца лягчэй. Нібы гэта ты была хворая, а любоў матулі цудадзейным чынам усё перамагла, – дзеліцца пані Ванда. – Наша мама ніколі не наракае на лёс і бачыць у падзеях і людзях лепшае. Кажа, што раз штосьці здараецца, значыць так трэба. З такімі бацькамі дзецям лёгка. І ўжо сваім сынам і дочкам мы перадаем уменне радавацца кожнаму імгненню жыцця.
– А яшчэ з дзецьмі трэба сябраваць, – заўважае сама пані Тэрэса.
– І, безумоўна, сям’я не можа існаваць паасобку, – працягвае пані Ванда. – Мы заўжды на сувязі, па некалькі раз на дзень тэлефануем адзін аднаму. Ніколі не губляемся. Нават нашы дзеці, хоць і стрыечныя, але адчуваюць сябе роднымі братамі і сёстрамі.
– Нездарма наша галоўная сямейная традыцыя – збірацца ў бацькоўскім доме кожныя выхадныя, – падхоплівае Ядзвіга. – Святы – асобная тэма. Вельмі любім Каляды, Вялікдзень і дні нараджэнні. Абменьваемся падарункамі, а на стол гатуем усе разам, для мамы абавязкова – белы аўсяны кісель. Муж Ванды Казік займаецца пірагамі, вушкамі з грыбамі ды іншым печывам, ён у нас сямейны кандытар.
? Пад апекаю нябёсаў
На рэпліку “вы ідэальная сям’я!”, малодшая Тэрэза адказвае:
– Усё залежыць ад бацькоў. А на прыкладзе нашай сям’і скажу, што і ад моцы веры, ад Бога таксама. Кожны з нас адчуў на сабе гэта не раз.
На вачах пані Ванды я бачу слёзы. Яна глядзіць на сваю пляменніцу Дарыну. Калі Тэрэза была ёй цяжарная, на 20-м тыдні ў плода дыягнаставалі сур’ёзную паталогію. Маладую жанчыну адправілі на пункцыю ў Мінск. У чарзе да доктара яна разам з роднымі малілася, і раптам выйшла акушэрка і сказала, што сёння не паспеюць усіх прыняць. І тут Тэрэза зразумела, што ёй не патрэбна пункцыя, яна ўжо любіць гэтае дзіця, а вера дапаможа адолець любыя паталогіі. І дзіва, хоць Дарына нарадзілася кволай і ўрачы сумняваліся ў яе шансах выжыць, але ж яе абышлі прагнозы медыкаў. Скептыкі скажуць, што гэта супадзенне, але нованароджаную Дарыну па пратэкцыі ксяндза Антонія Дзям’янкі ахрысцілі прама ў раддоме, пасля чаго ўсё паступова наладзілася. Пазней дзяўчынку ў чатыры годзікі чакала складаная аперацыя. Ізноў урачы не давалі ніякіх гарантый. У ноч перад назначанай аперацыяй у сям’і Карэцкіх ніхто не спаў, усе праз слёзы маліліся. А на раніцу Дарына прачнулася хворай, хірургічнае ўмяшанне адмянілі. Ізноў дзяўчынка цудам акрыяла. Зараз Дарына вучыцца ў 10 класе карэліцкай сярэдняй школы №2, у яе выдатны голас і вялікі інтарэс да гісторыі.
Я цікаўлюся ў Дарыны яе адносінамі з Богам. Бо сёння многія хутчэй павераць у іншапланецянаў, вампіраў і прагнозы сіноптыкаў, чым у Яго існаванне. Дарына глядзіць на мяне са здзіўленнем:
– У мяне моцная вера ў Бога. Так я шчыра адчуваю. Ды і падзеі майго жыцця сведчаць пра тое, што нават калі ты ў страшнай бядзе, хтосьці магутны цябе ахоўвае. А яшчэ вера залежыць ад выхавання. Бо Бог дзейнічае, у першую чаргу, праз сям’ю.
Сваё сямейнае шчасце пані Ванда таксама сустрэла ў касцёле. Навагрудчанін Казімір Пяткевіч даўно заўважыў прыгожую карэліччанку ў Фары. Але ўсё не адважваўся падысці. І калі сям’я Карэцкіх ішла на аўтавакзал пасля св. Імшы, Казімір павольна ехаў за імі на машыне. І так было цэлы год. Пакуль аднойчы пані Ядзвіга не прыехала ў Цырын у госці да сваёй сяброўкі Гражыны. Была з ёй і Ванда. А ў гэты час Казімір прывёз на св. Імшу ў Варончу навагрудскага ксяндза. А той па дарозе і спытаў: “Казік, ці маеш ты дзяўчыну?” Хлопец адказаў, што не. Пакуль ксёндз быў у касцёле, Казімір паехаў да сваёй сястры Гражыны ў Цырын. Калі ён пабачыў там Ванду, то страціў мову, толькі пасля на зваротнай дарозе ксяндзу сказаў, што цяпер мае нявесту. Так і сталася, не прайшло і года, як Казімір з Вандай ажаніліся. І вось ужо 29 гадоў разам. А свайго сына Марэка назвалі ў гонар колішняга пробашча парафіі ў Карэлічах.
Ёсць у пані Ванды і яшчэ адна неверагодная сямейная гісторыя:
– У 1999 годзе я моцна захварэла, правяла некалькі месяцаў у бальніцы. Пасля выпіскі прымала па 16 таблетак у дзень. А якраз выпала магчымасць паехаць ў Ватыкан да Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Дарога была далёкая, ляжала праз горы, а я адчувала сябе дрэнна. Тады я спытала парады ў мамы, і тая наказала мне скарыстацца рэдкім шансам і абавязкова ехаць. І сапраўды, у паездцы я нібы забыла пра хваробу, адчувала сябе лёгка і радасна. У той час у нас не было мабільных сродкаў сувязі, і родныя не ведалі, як нашы справы. Маці перажывала, глядзела навіны, і раптам адна з камер сярод тысяч вернікаў паказала менавіта нас з сястрой Ядзяй. А потым здарылася яшчэ адно дзіва. На той момант Папа сябе дрэнна адчуваў і нікога не прымаў, але цудам выбраў для аўдыенцыі сярод католікаў з усяго свету менавіта нас. Папа Рымскі прывітаўся з намі па-беларуску, распытаў пра справы і нават узгадаў пра возера Свіцязь. Пасля такіх дзіўных выпадкаў разумееш, што знаходзішся пад апекай нябёсаў.
? Сакрэт шчаслівай сям’і
Святыя айцы спрадвеку казалі, што самыя моцныя духоўныя стасункі – паміж бацькамі і дзецьмі. Ад нараджэння кожны з нас ужо валодае гэтым скарбам, проста часам забывае на яго прысутнасць у сваім жыцці. Таму ў формуле “бацькі-дзеці” павінен быць трэці – Бог, як у сям’і Карэцкіх. Паверце, гэты трэці не лішні. У самай складанай сітуацыі, моцнай сварцы, смяротнай крыўдзе Бог будзе надзейнай падтрымкай вашай сям’і.
Калі ж вам, як практыкам і рацыяналістам, бліжэй навуковыя тэорыі, то хай абавязковай трэцяй складаючай у вашых сямейных узаемаадносінах стане любоў. Нават заядлыя дарвіністы пагодзяцца з тым, што зэдлік лепш стаіць на трох ножках, чым на дзвюх, і плоская двухмерная прастора ні ў якае параўнанне не ідзе з аб’ёмнай трохмернай. Прыкладаў можна прывесці бясконца, але галоўнае не тэорыя, а практыка. Таму любіце і беражыце сваіх родных!
А калі верыце, то і маліцеся за блізкіх. Бо якраз красавік прысвечаны ружанцовым інтэнцыям аб умацаванні ва ўзаемнай любові бацькоў і дзяцей, старэйшага і малодшага пакаленняў.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з сямейнага архіва Карэцкіх
Відэа аўтара