В рамках акции «Чистый водоём» школьники очистили от мусора берега озера Юбилейное в Кореличах и реки Нёман
У чарговы раз дарослыя, моладзь і дзетвара Карэліччыны прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Чысты вадаём”.
– У першую чаргу акцыя накіравана на экалагічнае выхаванне ўсіх слаёў насельніцтва, прыцягненне ўвагі грамадства да праблемы забруджвання водных рэсурсаў, а таксама на прывядзенне ў парадак тэрыторый вакол вадаёмаў, – адзначыў дырэктар Карэліцкай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Віктар Крывіцкі. – У першыя дні акцыі да збору смецця на берагавой лініі возера Юбілейнае ў г.п. Карэлічы далучыліся вучні 7-8 класаў СШ №1 г.п. Карэлічы. Колькі там было пластыкавых і шкляных бутэлек, поліэтылена і іншага смецця! Адным словам, назбіралі прыкладна 25 мяшкоў адходаў аб’ёмам 120 літраў кожны.
Наступны водны аб’ект Карэліччыны, які таксама стаў чысцейшым і прыгажэйшым пасля правядзення акцыі, – рака Нёман, на берагах якой у пачатку тыдня старанна папрацавалі вучні 7 класа Ярэміцкага ВПК дзіцячы сад-СШ. Трэба было толькі бачыць, з якім запалам хлопцы ачышчалі ад смецця бераг ракі, дзе яны адпачываюць улетку і з якога ловяць рыбу.
– Як жа мы маглі не прыняць удзел у акцыі? Гэта ж наш Нёман, і мы хочам бачыць яго чыстым, – адзначыла настаўнік фізікі Ярэміцкага ВПК дзіцячы сад-СШ Любоў Іванаўна Пляскач. – Дзеці таксама з вялікім задавальненнем адкугнуліся.
Браты Яўгеній і Максім Ганчар, якія ўлетку амаль штодзень адпачываюць на Нёмане, выказалі сваё меркаванне:
– Прыбіраць трэба, але лепш за ўсё не пакідаць пасля сябе смецце. Мы заўсёды так і робім.
У рамках акцыі “Чысты вадаём” егер Анатолій Паўлюкоўскі і работнік арганізацыйнай структуры Вадзім Крывіцкі ўстанавілі на беразе Нёмана інфармацыйныя памяткі, якія заклікаюць да сяброўскіх адносін з прыродай.
У акцыі «Чысты вадаём» таксама прынялі ўдзел работнікі Карэліцкага РАНС, якія сумесна з актывістамі БМГАВП, вучнямі сярэдніх школ №1 і №2 прыбралі смецце на возеры Быкава ў Карэлічах.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара