«Аграном па прафесіі, спартсмен па прызванні». Так характарызуюць калегі трэнера-выкладчыка па цяжкай атлетыцы ДЮСШ Карэліцкага раёна Святаслава Палуяна

? Шчаслівы той, хто ведае сваё прызванне і, нягледзячы на цяжкасці, смела ідзе за сваёй марай і застаецца верным справе жыцця. Тым больш у спорце, дзе патрэбны асаблівы характар і нязломны дух. Бо тут за кожнай перамогай стаяць дзясяткі паражэнняў, за новым рэкордам – гады трэніровак, жорсткай дысцыпліны і траўмаў. Сёння ты пакараеш вяршыню, а заўтра зноў пачынаеш усё спачатку ля падножжа Алімпа. Як прайсці гэты няпросты шлях, дакладна ведае і з поспехам вучыць сваіх выхаванцаў ужо не адно дзесяцігоддзе трэнер-выкладчык па цяжкай атлетыцы ДЮСШ Карэліцкага раёна Святаслаў Палуян.

?‍ – Як адбылося, што вясковы хлопец стаў майстрам спорту СССР па цяжкай атлетыцы?

– Пачатак быў закладзены ў дзяцінстве ў роднай вёсцы Некрашэвічы. Нарадзіўся я ў 1956 годзе ў добрым месцы ў цікавы час. Дзяцей у нашай мясцовасці было шмат, тэлевізараў – два на ўсю вёску, а мабільныя ў СССР ўвогуле яшчэ не існавалі. Таму мы малымі шмат часу праводзілі на вуліцы і самі выдумлялі сабе розныя гульні. І, безумоўна, былі заўзятымі аматарамі спорту. У тыя гады гэта было неверагодна папулярна. Асабліва мы захапляліся цяжкай атлетыкай і адзінаборствамі. Нават з аднакласнікамі зрабілі сабе пляцоўку для трэніровак, прынеслі апілак з піларамы, паралельна чыталі кніжкі, выпрацоўвалі ўласную тэхніку і актыўна займаліся. Памятаю сваю першую штангу, зробленую з лома і трактарных “каткоў”, ды часопіс “Цяжкая атлетыка”, па якім напачатку і трэніраваўся. А потым у восьмым класе на часовую замену з Лукскай школы да нас прыйшоў настаўнікам фізкультуры Вячаслаў Буйвалаў, спартсмен ад прыроды і фанат сваёй справы. Мы з хлопцамі расказалі яму пра свае эксперыменты, і ён запрасіў нас на трэніроўкі ў Лукі. Там ужо была сапраўдная штанга, а побач – надзейны і дасведчаны трэнер, улюбёны ў сваю справу. Восьмы клас я то пешшу, то на ровары ганяў пасля ўрокаў у Лукі на заняткі, а ў дзявятым пайшоў туды вучыцца. На спорт часу мы не шкадавалі і трэніраваліся так, што нават школьныя драўляныя палы ламалі, а потым улетку на канікулах рамантавалі.

?‍ – І так спорт стаў Вашым спадарожнікам па жыцці?

– Ваша праўда, з ім мы ніколі надоўга не расставаліся. Вось успамінаю 1971 год. Мае першыя раённыя спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы ў старым Доме культуры ў Карэлічах. Раней я такое бачыў толькі на карцінках у кнігах і часопісах. А тут раптам нашы простыя карэліцкія хлопцы з райцэнтра і калгасаў дэманстравалі такую моц і падрыхтоўку, што сапраўды браў гонар за землякоў. Я таксама вярнуўся з тых спаборніцтваў з граматай. Потым пайшлі змаганні больш высокага ўзроўню, у дзясятым класе трапіў у зборную вобласці, мне нават для трэніровак Вячаслаў Буйвалаў аддаў дахаты ў Некрашэвічы штангу. Ездзіў яшчэ школьнікам і на рэспубліку. У гэты час пазнаёміўся са сваім будучым трэнерам Робертам Матвіенкам, выкладчыкам Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута (цяпер аграрнага ўніверсітэта). Таму пасля школы і паступіў туды на факультэт аховы раслін. Там актыўна працягнуў трэніроўкі, нават з выпускнога паехаў адразу на спаборніцтвы. Падобная гісторыя здарылася і падчас службы ў арміі ў штабе дывізіі ў Гвардзейску Калінінградскай вобласці. Там я правёў прыкладна 180 дзён у вайсковай форме, а астатнія 365 – у спартыўнай. І падчас далейшай працы ў ахове раслін, сельгасхіміі заўжды знаходзіў час для самастойных трэніровак спачатку ў сценах сярэдняй школы №2 у Карэлічах, затым нашага вучылішча, практываўся і са штангай, і з гірамі, спрабаваў зрабіць у райцэнтры трэнажорную залу.

?‍ – Дарэчы, а як Вы спалучалі спорт і агранамію?

– І тое, і другое ў маіх генах. Я ж хлопец вясковы. З маленства любіў працаваць на зямлі, садзіць кусты і дрэвы. Ды і бацькі ўсё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы, маці скончыла аграрны тэхнікум, тата быў трактарыстам. Пасля вучобы ў Гродне да арміі паўтара месяца працаваў на малой радзіме ў Мірскім спецаддзяленні сельгастэхнікі па спецыяльнасці аграном па ахове раслін. Пасля службы вярнуўся ў Карэлічы на станцыю аховы раслін, а гэта самалёты, праполкі, пратраўліванні і іншыя надзённыя агранамічныя клопаты. Праўда, з 1982 па 1985 гады працаваў трэнерам па цяжкай атлетыцы ў спартыўный школе. Але ў той час ажаніўся, трэба было думаць пра сям’ю, вырашаць жыллёвае пытанне. І я перайшоў у сельгасхімію, там знаходзіўся на розных пасадах, дырэктарам у тым ліку. Праца цікавая, складаная, шмат чаго рабілася на энтузіязме, нават журавіны на балотах разводзілі. І так было аж да 2003 года.

?‍ – Але цяжкая атлетыка Вас не адпусціла?

– Так, спорт у маім выпадку – гэта назаўсёды. У тых жа 1980-х гадах, падчас маёй першай трэнерскай працы, у нас было толькі невялікае памяшканне на базе школы №2 райцэнтра і моцнае жаданне займацца. Мы рабілі ўсё сваімі рукамі, капалі пляцоўкі, залівалі іх бетонам, збудавалі тры сур’ёзныя памосты, набралі некалькі групаў спартсменаў-аматараў і апантана трэніраваліся. І зараз, праз дзесяцігоддзі, гэты спартыўны запал не згас. У сценах сярэдняй школы №1 у мяне займаюцца адораныя юнакі і дзяўчаты, а побач заўжды надзейная падтрымка калег па Карэліцкай ДЮСШ. Нездарма сярод маіх выхаванцаў – больш за дваццаць спартсменаў высокага класа, сярод якіх большасць майстроў спорту. Ёсць і рэкардсмены рэспублікі – гэта Алёна Чычкан, дарэчы, майстар спорту міжнароднага класа, і мая дачка Святлана, якая ў 14 гадоў стала майстрам спорту і таксама пайшла трэнерскай дарогай. Хочацца адзначыць таксама Святлану Паплаўскую, Наталлю Грыбок, Вікторыю Бязмен, Дзмітрыя Бязмена, Ірыну Бурак, Кацярыну Галушку, Кацярыну Талмачову, Ілью Карабача.

?‍ ‍– Спорт – занятак для моцных духам. Як не зламацца на гэтым шляху?

– Кожны спартсмен павінен сам адказаць для сябе на гэта пытанне. Агульнай інструкцыі няма. Як і выпадковых людзей, абраўшых гэтую няпростую дарогу. На ўласным вопыце скажу, што мне, напэўна, пашанцавала. Проста я па жыцці сустракаў багата цудоўных і адданых справе людзей, гатовых падзяліцца ведамі і прыйсці на дапамогу. Ды і ў саперніках заўжды бачыў у першую чаргу сяброў, якія здольныя шмат чаму навучыць. А яшчэ ў любой сітуацыі трэба заўважаць не цяжкасці, а магчымасці. Лёгка не будзе ніколі і нідзе. Таму калі любіш нешта, адчуваеш у гэтым сваё прызванне – не здавайся, працуй, бо чалавек здольны адолець любыя вяршыні.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара