Поўны дом талентаў. Тата Вячаслаў Шавейка і яго дачка Арына расказалі, як трапіць на раённую Дошку гонару

Раённая Дошка гонару ўключае дзясяткі выключных гісторый карэліччан, і сямейных таксама. Яскравы таму прыклад – галоўны інжынер Карэліцкага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення “Лідагаз” Вячаслаў Іванавіч Шавейка і яго таленавітая дачка Арына, вучаніца 9 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”.

Дом сям’і Шавейка патанае ў кветках і зеляніне. У кожным кутку адчуваецца асаблівая сямейная атмасфера, тут разумеюць і падтрымліваюць адзін аднаго, давяраюць і любяць.

– Сям’я ў жыцці кожнага чалавека — аснова асноў, менавіта тут закладваецца падмурак яго будучыні, – пачынае размову Вячаслаў Іванавіч.

? – Ваш асабісты шлях на раённую Дошку гонару таксама пачынаўся з сям’і?

– Так, мае бацькі далі мне вельмі шмат, каб я змог рэалізаваць сябе. Мама – настаўнік гісторыі, тата – інжынер, яны ведалі, што добрая адукацыя заўжды дапаможа ў жыцці. Таму вучыўся я добра, дарэчы, тут, у першай школе ў Карэлічах, паспяваў па ўсіх прадметах, але асабліва любіў урокі працы. У старэйшых класах пачаў удзельнічаць у завочных алімпіядах пры сталічных ВНУ, паказаў добрыя вынікі па матэматыцы, меў тэхнічны склад розуму, таму на сямейным савеце вырашылі паступаць у Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (цяпер БНТУ). Там я абраў прэстыжны аўтатрактарны факультэт і спасцігаў азы інжынера-аўтамабіліста. Вучыцца было надзвычай цікава, і ўвогуле студэнцкія гады мінулі радасна.

? – З такой запатрабаванай спецыяльнасцю Вы маглі застацца ў вялікім горадзе, але вярнуліся назад…

– Так, я свядома абраў малую радзіму. Пасля заканчэння акадэміі ў 1996 годзе пачаў кар’еру інжынерам у Карэлічах у райсельгасхіміі, займаўся пытаннямі транспарту, аховы працы. Нейкі час правёў у райвыканкаме інспектарам Дзяржтэхнагляду. Затым — 8 гадоў у райсельгастэхніцы, што таксама было надзвычай карысным вопытам. А ў 2001 годзе мяне запрасілі стаць намеснікам начальніка Карэліцкага раёна газазабеспячэння. Зараз займаю пасаду галоўнага інжынера, але абавязкі засталіся ранейшымі.

? – А дакладна якімі?

– Праца ўключае ў першую чаргу адказнасць за бесперабойнае і безаварыйнае забеспячэнне газам раёна, а таксама за калектыў, арганізацыю яго бяспечнай і плённай дзейнасці. Тым больш праз нас ідзе транзітам газ на Навагрудскі і Баранавіцкі раёны, таму мы яшчэ адказныя ў пэўным сэнсе і за нашых суседзяў.

? – Такая сур’ёзная праца ды столькі год у прафесіі, напэўна, Вы маеце і шмат узнагарод?

– Ёсць некалькі. Маю Ганаровую грамату ад райвыканкама, некалькі адзнак ад кіраўніцтва нашай газавай структуры, яшчэ быў на Дошцы гонару ў “Лідагазе” і “Гроднааблгазе”.

? – Паспяховы вопыт. А як трэба працаваць, каб быць на раённай Дошцы гонару?

– Напружана, самааддана, але найперш разам з калектывам. Бо добрыя вынікі працы – гэта заўжды заслуга не аднаго чалавека, а ўсіх работнікаў. Мы працуем зладжана, за поспехам кожнага з нас стаіць каманда.

? – Ці маеце час займацца нечым проста для душы?

– Абавязкова. Як і многія аддаваю перавагу прыродзе, рыбалцы, актыўнаму адпачынку. А яшчэ любімае хобі – дом. Гэта наша агульная сямейная справа. Разам з жонкай Аленай, з дзецьмі Арынай і Лізай малюем эскізы, нешта прыдумваем і паступова ўвасабляем у жыццё.

? – А як усё пачыналася?

– Са знаёмства з Аленай у 1996 годзе, пажаніліся ў 1997-м, і з тых часоў разам. Нават зараз працуем у адной арганізацыі. Але ў кожнага столькі абавязкаў, што можам за ўвесь працоўны дзень нават не пабачыцца. Сустракаемся ўжо дома, размаўляем, дзелімся надзённым, абмяркоўваем будучае.

? – І выхоўваеце цудоўных дзетак. У чым сакрэт?

– Галоўнае – вельмі любіць, наглядаць, што дзеткам падабаецца, даваць ім прастору ў гэтым кірунку развівацца, – далучаецца да нашай размовы гаспадыня дома Алена. – Вось наша Арына – сапраўдны гуманітарый, можа прачытаць вялікую кнігу за вечар, а яшчэ скончыла з адзнакай школу мастацтваў, займалася і на фартэпіяна, і харэаграфіяй, малодшай Лізе бліжэй танцы і нешта пастаянна ствараць сваімі рукамі. Любяць нашы дзяўчынкі і жыўнасць. Рыбкі, трус, каты, сабака – іх верныя сябры. Да таго ж Арына і Ліза – нашы памочнікі па хатніх справах. Увогуле нашы дачушкі – малайчынкі.

– Мы давяраем ім, а яны нам, – дадае тата.

? – І ёсць плён: ваша Арына – гонар раёна. Як вы можаце апісаць яе?

– Ціхая і спакойная, – адразу кажуць бацькі.

? – Настолькі ціхая, што трапіла на раённую Дошку гонару?

– Так атрымалася, спакойная па характары, але старанная ў справе, – адказвае Арына. – Як успамінаюць бацькі, з дзіцячага садка я хадзіла на ўсе магчымыя гурткі. Затым пачалося маё насычанае творчае жыццё ў школе мастацтваў. Рада, што там трапіла ў дзіцячую вакальную групу “Арыетта” Таццяны Кулак, ёсць магчымасць выступаць і з танцавальным калектывам “Юнацтва” Людмілы Кудрыцкай. Захапляе мяне і краязнаўчая даследчая дзейнасць у сярэдняй школе № 1. Наша праца з Насцяй Фадзеевай пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі Вольгі Маліноўскай па ўзорах драўлянага дойлідства на Карэліччыне была адзначана прызавымі месцамі на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. А яшчэ разам з Янай Бабанскай мы з’яўляемся валанцёрамі адукацыйнага праекту “Роўны навучае роўнага”, праводзім урокі на актуальныя грамадскія тэмы.

? – А адзнакі ў школе не “пакутуюць” ад такога насычанага жыцця?

– На шчасце, не, – усміхаецца Арына. – Трэба імкнуцца сумяшчаць усё з розумам, планаваць час, і тады ён абавязкова будзе для многіх заняткаў. Новыя веды і ўражанні – лепшы стымул дзеля гэтага. Штосьці абавязкова будзе атрымлівацца не з першага разу, але важна не апускаць рукі і спрабаваць зноў.

? – Выдатны алгарытм, каб заслужыць гонар быць прадстаўленай на раённай Дошцы гонару, так?

– Прызнаюся шчыра, гэта стала для мяне асаблівай і нечаканай навіной. Быць прадстаўленай на школьнай Дошцы гонару ўжо з’яўляецца адказнасцю і гонарам, а раённая – павышае патрабаванні да цябе ў некалькі разоў. Таму буду і надалей працаваць над сабой, каб апраўдаць давер раёна, настаўнікаў, аднакласнікаў і, безумоўна, бацькоў. А яшчэ абавязкова вывучу добра некалькі замежных моў, каб пабачыць свет, пазнаёміцца з культурай, архітэктурай, традыцыямі і людзьмі з розных краін. Як бачыце, планаў на будучыню шмат, родныя побач, таму веру, што ўсе мары здзейсняцца!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара