В унисон с эпохой. В райцентре состоялась культурно-просветительская акция «Пламя гордости за Победу» (фоторепортаж)
У бягучым годзе беларусам пашанцавала – амаль на цэлы тыдзень мы з вамі можам забыцца на працу і заняцца хатнімі справамі, сустрэцца са сваімі роднымі і, як кажуць, адпачыць душой. Паколькі галоўным святам у гэтым віры выхадных з’яўляецца 9 Мая, урачыстыя мерапрыемствы ладзяцца ўжо зараз. Напрыклад, у нядзелю, 5 мая, супрацоўнікі Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адправіліся на імправізаваныя мясцовыя гастролі, каб узняць настрой кожнага карэліччаніна і нагадаць усім знаёмыя радкі з папулярных песень ваеннага часу.
Культурна-асветніцкая акцыя “Полымя гонару за Перамогу” пачалася з пляцоўкі магазіна “Еўраопт” па вуліцы Гастэлы. Выхадны дзень і добрае надвор’е зрабілі сваю працу: паслухаць улюбёныя песні савецкага часу сабраліся прадстаўнікі як маладога, так і сталага пакалення. Не шкадуючы далоняў, міжвольныя гледачы шчодра падтрымлівалі артыстаў, гучна падпявалі, а некаторыя нават не маглі выстаяць на месцы і пускаліся ў скокі. Сярод звычайных пакупнікоў магазіна, а разам з тым і гледачом сапраўднага канцэрту стаў Глеб Аляксандравіч Крышэнь, на долю якога выпалі цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны.
– Сталася так, што на працягу двух гадоў я быў вязнем лагера ў Польшчы, – прыгадвае той няпросты час мужчына. – А выратаваў мяне… нямецкі ўрач, уяўляеце?.. Таму з нагоды надыходзячага свята я хацеў бы пажадаць усім нам міру на зямлі, а таксама не забывацца пра добрых і чулых людзей, бо, як паказвае жыццё, імі могуць быць тыя, ад каго дапамогі зусім не чакаеш…
Другім пунктам “канцэрту на калёсах” стала пляцоўка каля магазіна “Белтавіс” па вуліцы Нягневіцкай. І тут мінакі сустракалі артыстаў спагадлівымі ўсмешкамі і шчырымі словамі падзякі за добры настрой і “такія добрыя і душэўныя песні”. Калі маленькія слухачы зачараванымі вачыма глядзелі наўкол, то іх бацькі гучна і весела падпявалі “Смуглянку”, “Три танкиста”, “В землянке” і іншыя хіты, якія раней ведаў кожны грамадзянін.
– Агромністы, проста велізарны “дзякуй” за такое свята! – не стрымліваючы ўласных эмоцый, дзеліцца Зоя Мікалаеўна Сасімовіч. – Ведаеце, нам, людзям сталага ўзросту прыйсці на які-небудзь канцэрт на плошчу ўжо не так і проста – гады бяруць сваё. А тут такія песні, такі канцэрт! Вельмі прыемна, што не забываеце нас і даяце магчымасць амаль не выходзячы з дому атрымаць такую асалоду (усміхаецца).
Далей удзельнікі акцыі павярнулі на вуліцу Кастрычніцкую, дзе каля магазіна іх ужо чакалі з два дзясяткі чалавек. І зноў на розныя галасы загучалі “Майский вальс”, “Синий платочек”, “Танки грохотали” і тая песня, без якой не абыходзіцца ні адзін Дзень Перамогі – улюбёная “Катюша”.
Раскацістая гульня акардыёна і чыстыя спевы артыстаў вымушалі людзей выходзіць з хаты, адчыняць вокны або рабіць прыпынак прама на праезнай частцы. Стрымацца і не заспяваць было насамрэч цяжка, таму што атмасфера свята кранала кожнага – і старога, і маладога. Менавіта таму і я ў хуткім часе пачала залівіста працягваць тую самую “Катюшу”…
Напрыканцы супрацоўнікі Цэнтра культуры завіталі на пляцоўку каля магазіна “Хіт”, што на вуліцы Школьнай, і зладзілі канцэртную праграму каля Дома быта па вуліцы Прытыцкага. І, нягледзячы на тое, што пасля абеду надвор’е сапсавалася, здаецца, ўсе Карэлічы спявалі разам і былі натхнёныя і зараджаныя пазітывам на ўсё астатняе жыццё.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара