Карэліччане дзеляцца ўражаннямі ад Еўрагульняў-2019 у Мінску

??? ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску збіраюць не толькі жыхароў сталіцы і гасцей з усяго свету. На стадыёнах можна ўбачыць тысячы беларусаў усіх узростаў з розных куткоў краіны. Сапраўды, наша рэспубліка ў гэтыя дні жыве Еўрагульнямі. Жыхары Карэліцкага раёна таксама заўважаны на трыбунах. Нашымі арганізацыямі і прадпрыемствамі набыты 356 білетаў, бо такую падзею нельга абмінуць увагай. У гэтым на 100 адсоткаў упэўніліся тыя карэліччане, якія ўжо пабывалі на грандыёзным спартыўным свяце.

??? Ларыса РАПАВЕЦ,
начальнік Карэліцкага маслацэха ААТ “Малочная кампанія “Навагрудскія дары”
:

–Уражанні ад ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску надзвычайныя! На спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы і акрабатыцы я паехала 23 чэрвеня разам з дочкамі і калегамі. Масавасць, знешні выгляд сталіцы, гасціннасць жыхароў, добразычлівасць валанцёраў, прадуманая ў дэталях арганізацыя – усё спрыяла таму, каб мы запомнілі гэтую паездку надоўга. Асобна хочацца сказаць пра самы спаборніцтвы, бо там эмоцыі нас перапаўнялі, асабліва калі выступалі беларускія спартсмены. Увогуле кожны з нас адчуў сябе часцінкай вялікай і яскравай падзеі ў спартыўнай гісторыі нашай краіны!

??? Аксана КЛІНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСВУП “Племзавод “Карэлічы”:

– Адна справа глядзець спаборніцтвы па тэлевізары, а зусім іншая апынуцца ў эпіцэнтры падзеі еўрапейскага маштабу. Еўрагульні падарылі нам безліч цудоўных момантаў. Разам з работнікамі сельгаспрадпрыемства мы правялі выдатную нядзелю 24 чэрвеня на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. А яшчэ мой маленькі сын шчаслівы, што апынуўся на вялікім стадыёне “Дынама” і зблізку ўбачыў спартсменаў, ён так шчыра балеў за кожнага. У цэлым у Мінску пануе атмасфера сяброўства, адкрытасці і свята!

??? Валянціна СВІРЫД,
загадчык таварнай фермы “Палужжа” КСВУП “Племзавод “Карэлічы”:

– У сельскай гаспадарцы заўжды шмат працы, але выхадны ў Мінску ў нас атрымаўся адмысловы! Таму мы ўсе вельмі ўдзячныя Еўрапейскім гульням за тое, што з калегамі адпачылі душой. Радасна, што гэтае вялікае спартыўнае свята не толькі для жыхароў сталіцы, але і для кожнага беларуса нават з самай аддаленай вёскі.

??? Наталля МАРДЗІЛОВІЧ,
намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Лукі-Агра”:

– Мы адправіліся 22 чэрвеня на Еўрагульні жаночым калектывам, таму і абралі спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы і акрабатыцы. Прыгажосць фантастычная! Наша дзяўчаты вярнуліся дахаты вясёлыя, бадзёрыя, у поўным захапленні. Нават шкада, што час у Мінску праляцеў незаўважна, бо так хацелася, каб наша паездка працягвалася як мага даўжэй!

??? Тамара АРЦЮХ,
сакратар прыёмнай старшыні КСУП “Лукі-Агра”:

– Любая змена абстаноўкі – гэта заўжды станоўча. Выдатна, што мне пашчасціла трапіць на Еўрапейскія гульні. Якое хараство ў Мінску, як усё утульна і ладна! Ды і на спаборнітцвах так усё файна зроблена, што хоць я і не спецыяліст у спорце, але адчувала сябе вельмі камфортна, усё разумела, што адбывалася на стадыёне. А яшчэ мы прывезлі з Мінска шмат сувеніраў, папоўнілася іх калекцыя і ў кабінеце нашага кіраўніка, дзе мы збіраем розныя рэчы з адметных паездак.

??? Алена КЛАЎСУЦЬ,
намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце СВК “Свіцязянка-2003”:

– Пры выбары спаборніцтваў мы імкнуліся, каб было цікава і мужчынам, і жанчынам. Таму і спыніліся на самба, пра што ні кроплі не пашкадавалі. Нядзеля 23 чэрвеня ў сталіцы для нашых работнікаў стала сапраўдным святам. Мы прыехалі загадзя, пагулялі па Мінску. Гэта не перадаць словамі, колькі ў Беларусь прыехала гасцей з усяго свету і на якім высокім узроўні наша краіна іх сустракае.

??? Валянціна ЖУЧКО,
юрысконсульт СВК “Свіцязянка-2003”:

– На Еўрагульні паехала шмат моладзі нашай гаспадаркі. Дзень прайшоў актыўна, дынамічна і пазітыўна. Спадабалася, што і на стадыёне, і ў фан-зоне ўсё арганізавана для добрага адпачынку: паўсюль фуд-корты, маніторы з трансляцыяй спаборніцтваў, спартыўныя і забаўляльныя праграмы. Мы зарадзілася асаблівымі эмоцыямі на новы працоўны тыдзень!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота ўдзельнікаў апытання