Урачы-спецыялісты з Гродна пракансультавалі карэліччан па праблемах бясплоднасці ў межах акцыі «За нараджэнне»

21 чэрвеня на базе Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы ўпершыню адбыўся прыём урачамі-спецыялістамі з Гродна ў межах абласной акцыі “За нараджэнне” па праблемах бясплоднасці.

Сёння дэмаграфічнае пытанне і тэма сям’і з’яўляюцца надзвычай актуальнымі як для краіны ў цэлым, так у прыватнасці і для нашага рэгіёна. Менавіта гэта і стала нагодай для правядзення маштабнай абласной акцыі “За нараджэнне”.

– Аддаленасць невялікіх населеных пунктаў ад абласных цэнтраў і сталіцы часам становіцца перашкодай для пацыентаў, якім неабходна дапамога спецыялістаў вузкага профілю. А што можа быць у гэтым свеце больш каштоўным, чым сям’я з дзеткамі? Таму ў нашым абласным перынатальным цэнтры і ўзнікла ідэя правядзення вялікай акцыі па праблемах бясплоднасці. З падтрымкай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама праект стаў рэальнасцю. Да канца лета мы наведаем усе раёны рэгіёна, а пакуль прыёмы прайшлі ў Ваўкавыску, Зэльве і Навагрудку, – падзялілася дэталямі загадчык кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення “Шлюб і сям’я” паліклінікі Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра, урач акушэр-гінеколаг Наталля Палудзень. – У Карэлічах, у прыватнасці, да мяне звярталіся ў асноўным па пытаннях планавання сям’і. Таксама былі агучаныя праблемы бясплоднасці, звыклага невыношвання цяжарнасці. Дадам, што разам са мной прыём вядуць урач акушэр-гінеколаг кабінета па жаночай бясплоднасці кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення “Шлюб і сям’я” паліклінікі Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра Ніна Юшкевіч і ўрач-уролаг гарадской паліклінікі № 6 г. Гродна Барыс Пілецкі. Мы кансультуем, даем рэкамендацыі па назіранні, прызначаем лячэнне, накіроўваем на далейшае абследаванне.

Усяго да гродзенскіх спецыялістаў звярнуліся 12 карэліччан, кожны з якіх атрымаў належную кансультацыю. З такім падыходам ёсць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што асноўная мэта акцыі – падняць нараджальнасць у вобласці – будзе паспяхова дасягнута.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

?? Таксама рэкамендуем прачытаць:
“Наша забота — здоровье матери и её будущего ребёнка. Интервью с заведующей поликлиникой Гродненского областного перинатального центра Светланой Разиной”