Правінцыйны СВЕТ: Сем дзён у цішыні і я – не Брэд Піт
Толькі ў цемры – святло,
Толькі ў маўчанні – слова…
Барыс Грабеншчыкоў
? І грымнула цішыня…
Я збілася з ліку, колькі разоў за апошні месяц пачынала пісаць гэты тэкст. На ноўтбуку, у нататніку, у асабістым дзённіку, на сурвэтках, нават на палях нашай “раёнкі”. Сцірала, закрэслівала, выдаляла файлы, выкідвала паперы ў сметніцу і зноў вярталася да чыстай старонкі. Вось і зараз, калі набіраю радок за радком, унутры штарміць. І, паверце, мае блізкія і сябры ды яшчэ калегі гэта ой як адчуваюць (скарыстаюся нагодай і скажу: “Прабачце гэты ўраган эмоцый, мае любыя❤”) Сапраўды, хоць у нашых краях і няма мора-акіяну, але час ад часу кожнага з нас накрывае добры такі дзявяты вал.
Самае цікавае, што напачатку гэтай летняй гісторыі, як у большасці прагнозаў надвор’я, нішто не прадказвала навальніцы. Мне выпаў вольны тыдзень. І якраз у Наваградак прыехалі з ігнацыянскімі рэкалекцыямі айцы-езуіты. Я падумала: “Ваў! Як файна! Такі знакаміты манаскі ордэн! Сам Папы Рымскі Францішак належыць да яго! А духоўныя практыванні склаў сярэдневяковы містык-багаслоў святы Ігнацый Лаёла! Ды яшчэ магчымасць прайсці такое суровае выпрабаванне для сучаснага чалавека – на сем дзён адмовіцца ад гаджэтаў, інтэрнэта і, увогуле, ад размоў, правесці час практычна ў абсалютнай цішыні! Усё, не тое, што іду, а бягу!”
Памятаю, калі збірала чамадан на рэкалекцыі, адчувала сябе героем Брэда Піта з кінастужкі “Сем гадоў у Тыбеце”. Яшчэ думала: “Хай гэта і не Гімалаі, а Наваградскае ўзвышша, і не сем гадоў, а толькі дзён, але яны зменяць мяне, я дасягну фантастычных новых ведаў і авалодаю здольнасцю захоўваць унутраную цішыню, светлы розум і спакой у любой сітуацыі”.
“Ха-ха…” – адказваю зараз той ранейшай наіўнай Марыне. І дадаю: “Дзякуй”. Бо гэтыя сем дзён у маўчанні не зрабілі з мяне доктара багаслоўя, але далі вельмі важны ўрок, які я пражываю цяпер і працягну засвойваць яшчэ не адзін год. Тэзісна ён гучыць так: “У жыцці можна шмат гаварыць і ўрэшце рэшт нічога не сказаць”. І ў якасці бонуса: “Усё самае важнае для нас адбываецца ў цішыні. Але ў гэты час мы, як правіла, нічога не заўважаем, бо ва ўсю балаболім”.
Я, безумоўна, міну большасць дэталяў рэкалекцый. Скажу толькі, што гэта быў унікальны вопыт і неверагодна насычаны і захапляльны тыдзень, дзе знайшлося месца змястоўным і натхняючым лекцыям, шчырым размовам з духоўным настаўнікам, якія літаральна раскладвалі мяне па палічках, глыбокім медытацыям, прагулкам у гармоніі з сабой і прыродай, узрушлівым малітвам і нечаканым унутраным адкрыццям. Таксама цікавы факт: нас сабралася 27 абсалютна розных па ўзросту, інтарэсах і занятках людзей з Беларусі, Расіі і Украіны, мы амаль нічога не ведалі адзін пра аднаго, да таго ж, згодна правілам не мелі магчымасці размаўляць. Але, о цуда, аказалася, што нам гэта і не патрэбна, каб адчуць сябе адным цэлым, такой моцнай супольнасцю і правесці гэтыя сем дзён як у раі. Так, часамі былі настолькі моцныя перажыванні, што аж землятрусам па нервах і да слёз, але ў фінале я адчувала адно – ЭЙФАРЫЮ! І пакідала рэкалекцыі з такой лёгкай душой, нібы за спіной – крылы і сам Пан Бог нясе мяне на руках.
? Адаптацыя. Агнём, мячом і словам
А на наступны дзень настала, та-дам, – РЭАЛЬНАЕ ЖЫЦЦЁ. Ды так, што я замоўкла яшчэ на двое сутак, бо пасля тыдня цішыні наша звыклае “бла-бла-шоў” навокал проста паралізуе.
Я гартала дзённік рэкалекцый і са слязамі на вачах перачытвала запіс за 6 чэрвеня: “Мы імкнемся агучыць ледзь не кожную сваю думку. Але ці варта гэта? Вось сяджу ў парку, навокал – суцэльнае хараство. І мне ўжо карціць патэлефанаваць сяброўцы і падзяліцца гэтай файнай карцінкай. Але маўчу, жаданне праходзіць, застаецца супакой і разуменне, што асаблівыя моманты важна і каштоўна перажываць унутры сябе, каб адчуць іх глыбіню і спасцігнуць нешта важнае і большае. Прыгажосць – падарунак Бога і трэба ўмець насалоджвацца ім з даверам, павольна і з падзякай”.
Але параліч маўчання хутка мінуў. Пасля рэкалекцый гэта быў першы і самы кароткі перыяд адаптацыі, які незаўважна змяніў другі. Нават не ведаю, як яго назваць, можа, штосьці ў стылі “паміж небам і зямлёй” альбо “хто, чаму і дзе я?”. Паступова вяртаўся дар мовы і пачуццё рэальнасці. Але ўсё роўна мне яшчэ не вельмі хацелася весці доўгія дыялогі.
І тут я заўважыла ўнікальную рэч. Большасць з нас інстынктыўна пазбягае цішыні ўсімі магчымымі спосабамі. Вось сяджу я, маўчу, унутры спяваюць херувімы і лятаюць матылькі, аж раптам, праз некалькі хвілінаў без слоў, чалавек, які выпадкова апынуўся побач, абавязкова прамовіць: “Бедная ты наша, штосьці здарылася, так? Не перажывай, усё будзе добра! Ды яшчэ хтосьці, напэўна, цябе пакрыўдзіў? Не рві сабе сэрца, жыццё яго пакарае! А я табе вось што скажу…” І панеслася душа ў рай. І ты, такая крыху ў ступары ад пачутага, сядзіш моўчкі і думаеш: “Гэта ж трэба, ты яму ні слова, а ён – раз і на пустым месцы сачыніў цэлую шэкспіраўскую драму пра цябе…” Была і іншая катэгорыя суразмоўцаў, якія запаўнялі паўзу біяграфіямі і за 15 хвілінаў нейкім дзівам расказвалі ўсё сваё жыццё ды яшчэ суседа ў яскравых дэталях. Ох, рабяты, нейкі паталагічны страх у нас з вамі перад цішынёй! Але “песня” не пра гэта, рухаемся далей.
Вы ўжо, напэўна, здагадваецеся, што праз тыдзень такіх гутарак здарыўся “БУХ!”, і настаў трэці перыяд адаптацыі пасля рэкалекцый – эмацыйны. І тут панесла ўжо мяне. Адным толькі словам, але як агнём і мячом, я рубіла як з пляча. Любая хлусня, плёткі, пустыя размовы, крывадушша, брудныя жарты, слабасці, грахі і ў дадатак бюракратыя ды фармалізм адгукаліся ўва мне, як у святым Міхале Арханёле, так моцна, нібы настаў апакаліпсіс. Гэта магло бы закончыцца даволі драматычна, але, дзякуй Богу, адным днём я зразумела, што, чым больш рэагую словамі на ўсё гэта “бла-бла-шоў”, тым больш смецця сама прыношу ў гэты свет.
Таму чацвёртым перыядам адаптацыі, і, між іншым, апошнім, стала ПЕРАМІР’Е. Бо з рэальнасцю можна ваяваць хоць усё жыццё, але нікому ад гэтага не стане лепш. Напачатку было Слова, і адносіцца да яго належыць з вялікай пашанай. Яно нам дадзена не для спрэчак, не для злога, а для ўзаемапаразумення, хвалы і падзякі.
Асабіста мне варта яшчэ шмат працаваць над сабой у гэтым кірунку. Я толькі пачала шукаць баланс паміж цішынёй рэкалекцый і голасам гэтага шумнага свету, гармонію як у словах, так і ў думках і ва ўчынках.
? Журналістыка на аўтапілоце і ў рэжыме фарсажа
Дарэчы, калі я ішла на духоўныя рэкалекцыі, то нават і не ўяўляла, што яны настолькі адгукнуцца ў маёй прафесіі журналіста. Пасля іх я ў адзін момант ашалела ад пачуцця той вялікай інфармацыйнай хуткасці, на якой жыве наша рэальнасць. Невядома куды мы ТАК ляцім у віхуры навінаў, што з жыцця знікае магія, губляецца каштоўнасць імгнення. Мы ўсе селі ў цягнік, які з кожным днём набірае хаду, а мы крычым: “Давай яшчэ хутчэй!” Няўжо не разумеем, што аднойчы на павароце сыйдзем са шпалаў і рухнем у бездань, а фонам будзе спяваць Барыс Барысавіч: “Гэты цягнік у агні, і нам няма куды больш бегчы…”
Але ж голасу розуму і пачуццю самааховы не падаецца наш ганарлівы “вараг”. І мы працягваем атакі на інфармацыйныя прасторы. І поўнасцю ігнаруем той факт, што сёння ў свеце ўжо такі аб’ём інфармацыі, які не адзін геній з самым высокім IQ не здольны ўспрыняць. Але гэта не перашкаджае нам бамбаваць стужкі навінаў. Мы імгненне не можам пабыць у цішыні. Нібы сваімі інстаграмамі, ютуб-каналамі, хэштэгамі, адзнакамі на мапах кажам: “Паглядзіце, Я ЁСЦЬ!” Быццам без гэтага ўсе нашы амаль восем мільярдаў чалавецтва бы зніклі. Так дзіўна, той жа Леанарда да Вінчы за ўсё жыццё не сузіраў столькі інфармацыі, колькі мы часам за адзін тыдзень, але, о дзіва, змог убачыць Мону Лізу, лятальны механізм ды тэлескоп. І так шматлікія філосафы, вучоныя і творцы мінулага. А мы, здавалася бы ўсе інфармацыйна граматныя, а прагрэсу ды толку часам – надуты нуль.
Яшчэ адна балючая тэма. Зараз што не падзея, паўсюль адразу каментарыі, дэталі, фота, відэа. Ну іх настолькі шмат, што замест захаплення ў людзей пачынаецца зваротная рэакцыя.
Прывяду прыклад. Жыве годны чалавек, дапамагае дзіцячым дамам і бальніцам, садзіць дрэвы і выратоўвае планету. І раптам усе СМІ пачынаюць кожны дзень бамбаваць інфармацыйную прастору мультымедыйным кантэнтам пра яго. Паверце, ужо праз тыдзень большасць планеты пачне адчуваць да гэтага чалавека не самыя пазітыўныя эмоцыі. У серыяле “Вялікі маленькі падман” гераіня Рыз Уізерспун кажа пра адну жанчыну: “Яна такая мілая… Увогуле, настолькі мілая, ідэальная, вольнадумаючая і багемная, што часам хочацца…” І яе працягвае гераіня Шайлін Вудлі: “Даць ёй у твар”. Адным словам, шмат – не значыць добра. Празмернасць прыводзіць да хваробы альбо катастрофы.
Да таго ж, у акіяне інфармацыйнага смецця так цяжка становіцца знаходзіць лотасы, якія хоць і жывуць у бруднай вадзе, але іх няшмат. Узгадваю нядаўнюю гісторыю з адным відэаблогерам і, да таго ж, прафесійным журналістам. Ён за апошнія гады зрабіў багата топавых інтэрв’ю з зоркамі, але аднойчы зняў адзін асаблівы фільм. І гэта быў стрэл у сэрца! У мяне жаночая памяць, і праз некалькі гадоў, я наўрад ці ўспомню 99 адсоткаў “твораў” сучасных ютубераў і інстаграмераў, а вось “Калыму – радзіму нашага страху” Юрыя Дудзя не забуду.
Бо я не хачу шмат інфармацыі, тым больш, з прыстаўкай “дэз-“. Мне дастаткова некалькі добрых матэрыялаў. Я сумую па тых часах, калі ў дзяцінстве без інтэрнэта чакала любімы часопіс альбо газету, якія выходзілі раз у месяц, і перачытвала іх па некалькі разоў. Гэтыя моманты я памятаю і зараз, а стужку навінаў, што была тыдзень таму, а то і ўчора, не.
А яшчэ мне горка праз тое, што ў нашым шалёным інфармацыйным шматгалоссі я часам не чую голаса душы. А як без яго стварыць такі тэкст, каб людзі чыталі і праз словы адчувалі жывога чалавека, стук яго сэрца, а не шараговага і апісанага па інерцыі агульнымі словамі героя матэрыяла?! Я стала журналістам не дзеля артыкулаў штампамі. Мне важна, каб усе яны праходзілі праз мяне, каб кожны радок вымаўся знутры. А для гэтага патрэбна супыніцца і – ЦІШЫНЯ. Яна дазваляе сканцэнтравацца і ўбачыць галоўнае. А яшчэ ў цішыні нельга схлусіць. Відаць, таму Бог, шчасце, любоў, усе і ўсё так любяць яе і больш яскрава праяўляюцца нам падчас унутранага і знешняга маўчання.
? І крыху лірыкі…
Напрыканцы я хачу вам падарыць адзін прыгожы і вельмі дарагі для мяне момант з рэкалекцый. Познім вечарам перад сном у нас выдавалася крыху вольнага часу. І я па старой стромкай лесвіцы праходзіла ў касцёл Святога Міхала Арханёла. Звычайна ён быў пусты, усё святло патушана, і толькі на алтары чырванела лампадка вечнага агню. Я садзілася перад любімым абразом Пана Езуса, закрывала вочы і слухала цішыню храма. Так, нават праз метровыя сцены старадаўняй святыні да мяне даляталі гукі знешняга свету, людскія галасы, шум машынаў. Але яны былі такія нязначныя і проста танулі ў магутнай цішыні касцёла. Я адчувала сябе пад такой апекай, нібы была дзіцём на каленях у Бога. У тое імгненне я дакраналася да сапраўднага шчасця і адчувала абсалютную любоў….
Я веру, што аднойчы змагу пабудаваць такі храм цішыні ўнутры сябе. Тым больш, што фундамент, дзякуючы рэкалекцыям, закладзены, цяпер буду яго ўмацоўваць. І як нядаўна ў Тракелях мне параіў ксёндз Павел: “Любоў і Разважлівасць. Яны заўжды дапамогуць табе захаваць баланс і ісці правільнай дарогай”. А яшчэ я хачу, каб у кожнага з вас таксама было такое асаблівае ціхае і спакойнае месца ў душы.
? Марына КАЗЛОВІЧ