Канікулы-2019. Як адпачылі юныя карэліччане летам?

☀⛱ Поўныя сіл і прыемных успамінаў, карэліцкія дзеці на бягучым тыдні вярнуліся за школьныя парты. Іх ззяючы выгляд, шырокія ўсмешкі і румянец на шчоках – лепшы адказ на пытанне “Як прайшоў летні аздараўленчы сезон на Карэліччыне?” Гэта пацвердзіла і галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі райвыканкама Марына СТАНКЕВІЧ.

– Сёлета, калі казаць на школьнай мове, усё прайшло на “выдатна”. Планавыя аб’ёмы па аздараўленні дзяцей і падлеткаў раёна выкананы на 102,8 працэнта. Адзін з важных складнікаў паспяховай кампаніі – тое, што да летніх канікул у раёне пачалі рыхтавацца загадзя.

Так, у лагеры “Вясёлка” правялі бягучы рамонт будынкаў і памяшканняў, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Нездарма дзеці з бацькамі, у тым ліку госці раёна з Краснагорска, адзначылі, што з кожным годам гэтае месца становіцца ўсё больш утульным і прыгожым. Сёлета ў падрыхтоўку лагера ўкладзена без уліку сродкаў гаспадарак і арганізацый 38,673 тысячы рублёў. Сродкі пайшлі на рамонтныя работы, уладкаванне пральнага пакоя, агароджу, пажарную сігналізацыю, кухоннае абсталяванне і посуд, спартыўны інвентар, чахлы для матрацаў і іншыя патрэбы. Таксама было абследавана і ачышчана дно возера Свіцязь у месцах купання выхаванцаў лагера. Усе: ад работнікаў харчаблоку і медперсаналу да выхавальнікаў і педагогаў-арганізатараў – павысілі прафесійны ўзровень на дадатковай вучобе, семінарах і нарадах.

Таксама ў раёне да канікул прывялі ў парадак гульнявыя пляцоўкі, дзіцячыя гарадкі, школьныя стадыёны і іншыя месцы для адпачынку хлопчыкаў і дзяўчынак. Прадстаўнікамі сферы адукацыі разам з культработнікамі была распрацавана насычаная праграма, дзе практычна кожны летні дзень адбывалася нешта цікавае для юных карэліччан.

А пра тое, як бяспечна правесці канікулы, дзецям расказалі прадстаўнікі РАУС і РАНС.

Цяпер па лічбах. Летам на Карэліччыне працавалі 33 дзіцячыя аздараўленчыя лагеры: 17 – з дзённым знаходжаннем і 2 – з кругласутачным знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі, 4 – працы і адпачынку, 9 палатачных і стацыянарны кругласутачны ДАЛ “Вясёлка”.

На базе ўстаноў адукацыі з дзённым знаходжаннем лета правялі 450 чалавек, з кругласутачным – 40. Яшчэ 45 падлеткаў былі ў лагерах працы і адпачынку, а жыццё ў палатках спадабалася 170 хлопчыкам і дзяўчынкам. Лагер “Вясёлка” сёлета аб’яднаў 337 дзяцей. Такім чынам, усіх разам атрымалася 1042 чалавекі, што на 6,6% больш мінулагодняга паказчыку агульнага ахопу аздараўленнем (60,3% да 53,7%).

У межах рэалізацыі праекта “Лета-2019” адпачылі з ліку маючых патрэбу ў індывідуальнай прафілактычнай рабоце 6 чалавек, дзяцей-сірот – 80, дзяцей з інваліднасцю – 12, а таксама з сям’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, – 25, са шматдзетных – 146, з няпоўных – 208.
Сярэдні кошт пуцёўкі ў стацыянарны лагер склаў 420 рублёў, бацькоўская плата пры гэтым – 224 рублі.

Што было новага? Упершыню мы арганізавалі лагер з дзённым знаходжаннем для дзяцей з інваліднасцю на базе Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Яго наведвалі 7 чалавек. Адпачынак у двух палатачных лагерах спартыўна-аздараўленчага профілю абралі 60 дзяцей. А спартыўная змена з актыўным вучэбна-трэніровачным працэсам і ўзмоцненымі нормамі харчавання ў ДАЛ “Вясёлка”, які, дарэчы, упершыню прыняў аж 5 зменаў, надоўга запомніцца 51 юнаму жыхару раёна.

Яшчэ адна папулярная тэндэнцыя сёлетняй аздараўленчай кампаніі – мінімум гаджэтаў, тэлефонаў і віртуальнага жыцця, максімум – свежага паветра і актыўнага адпачынку. Прычым рэалізаваць сябе ў лагерах хлопчыкі і дзяўчынкі маглі ў розных сферах. І гэта не толькі творчыя і спартыўныя дасягненні альбо праца над лідарскімі якасцямі, гаворка ідзе пра такія накірункі, як турыстычна-краязнаўчы, экалагічны і патрыятычны. Адным словам, гэтыя канікулы для нашых дзяцей выдаліся адмысловымі. Таму ёсць усе падставы чакаць, што новыя сілы дапамогуць ім дасягаць значных поспехаў у вучобе.

☀⛱ У рэгіёне

У Гродзенскай вобласці паказчыкі – адны з лепшых ў рэспубліцы. Тут адпачыла кожнае другое дзіця. Агульны працэнт ахопу аздараўленнем склаў у рэгіёне амаль 56%, а гэта 63 тысячы рабят. Для 14 тысяч дзяцей працавала 23 стацыянарныя лагеры, большасць – у пяць змен. У кругласутачных лагерах, размешчаных у маляўнічай мясцовасці, пабывалі каля 5 тысяч юных жыхароў вобласці. Ва ўстановах адукацыі арганізавалі больш за 550 дзённых лагераў для 34 тысяч дзяцей. З карысцю правялі лета ў 120 лагерах працы і адпачынку 1700 падлеткаў.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, Вікторыі КАСЦЮК, Аксаны ЯНУШ, Ларысы ШУГЛІ