За образованием — в Мир и Кореличи. Как живут студенты учреждений образования нашего района?
На календары ўжо амаль палова верасня, а гэта значыць, што гарачая пара для абітурыентаў і іх бацькоў засталася ў мінулым. Камусьці пашанцавала крыху больш у гэтай уступнай гонцы, камусьці – менш, але доўгачаканы статус студэнта набылі многія. Установы сярэдне-спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Карэліччыны выканалі свае планы на 100%: у сукупнасці на першы курс залічаны 128 юнакоў і дзяўчат з усёй рэспублікі.
Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж на базе прафесійна-тэхнічнай адукацыі набраў дзве групы па трыццаць чалавек, што значна больш за паказчык мінулага году. Атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю тут пажадалі дваццаць пяць маладых людзей, якія будуць навучацца на дзённым аддзяленні, і пятнаццаць – на завочным. Такім чынам, маладая і амбіцыёзная “сотня” дала зразумець: на творчыя спецыяльнасці ў Міры ёсць попыт. І сапраўды, побач са знакамітай жамчужынай беларускай зямлі жадаюць вучыцца як мясцовыя рабяты, так і моладзь з Мінска, Свіслачы, Століна і нават з Клічава, які знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці.
Ураджэнка Валкавыска Кацярына Шпак – адна з тых, хто паступіў у каледж з самым высокім сярэднім балам – 8,8. Некалькі год таму тут вучылася яе матуля, якая і запэўніла дачку падаваць дакументы менавіта ў Мір.
– Мне заўсёды хацелася чагосьці творчага, а гэты каледж можа ў поўнай меры даць мне магчымасць рэалізавацца, – з запалам у вачах расказвае Каця і бярэ са стала патэльню, рыхтуючыся да абеду. – Да таго ж я столькі добрых слоў пачула ад матулі, што іншага выбару амаль не было (усміхаецца).
Як і ўсіх першакурснікаў, Кацярыну засялілі ў інтэрнат, дзе яна жыве з дзвюма дзяўчатамі. У пакоі, дарэчы, вельмі прасторна і ўтульна: у кожным куточку чысціня і парадак – адразу відаць, што тут жывуць гаспадыні. Вокны ў пакоі пластыкавыя, што не дасць нагоды шукаць зімой дадатковую коўдру. Ложкі, у сваю чаргу, драўляныя, а не жалезныя, як у далёкія савецкія часы… Для асабістых рэчаў – дзве шафы і чатыры тумбачкі. Дазваляюць у інтэрнаце карыстацца і электрачайнікам – ён павінен быць адзін на пакой. Халадзільнік знаходзіцца ў кабінеце выхавальніка інтэрната, куды можна прыйсці і паласавацца нават ноччу. Галоўнае – упакаваць свае прадукты і напісаць прозвішча, каб хтосьці, напрыклад, не пераблытаў сваю бульбу і чужы кефір.
На інтэрнацкай кухні сустракаем Вадзіма Багуцкага – хлопца, які на Карэліччыну прыехаў з гарадскога пасёлка Воранава. Пятнаццацігадовы юнак старанна чысціць бульбу і адначасова распавядае пра выбар прафесіі:
– Я абраў Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж таму, што тут вучаць разьбе па дрэве, якой я займаюся ўжо некалькі гадоў. Акрамя таго, тут вучыўся мой настаўнік Дзмітрый Іванавіч Лялько, які адзываўся пра каледж самымі добрымі словамі.
Бацькі выбар хлопца падтрымалі і пажадалі яму поспеху, бачачы, што ў сына насамрэч талент. Лепш за ўсё гэта адлюстроўвалася ў драўляных лыжках і прадметах хатняга ўжытку, якія Вадзім з задавальненнем майстраваў у вольны час.
Жыве хлопец таксама ў інтэрнаце, які выклікае ў яго самыя пазітыўныя эмоцыі. Дарэчы, усім навучэнцам на базе прафесійна-тэхнічнай адукацыі штодзень прадастаўляецца бясплатны абед. Тыя, хто вучацца на другой ступені адукацыі, сярэдне-спецыяльнай, атрымліваюць паўнавартасную стыпендыю.
Акрамя самага неабходнага – кухні і прыбіральняў – у інтэрнаце працуюць пакой самападрыхтоўкі, бібліятэка, трэнажорная і дыскатэчная залы, а таксама пакой быту, дзе можна скарыстацца прасам.
Дваццаць восем чалавек летась папоўнілі і лік навучэнцаў Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя. Пераважная большасць жадаючых атрымаць кваліфікацыю машыніста аўтамабільнага крана, вадзіцеля і электрагазазваршчыка – з райцэнтра, але ёсць у групе і хлопцы са Стоўбцаў і Навагрудка.
Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Мялешка, інтэрнат разлічаны на 217 месцаў. Акрамя навучэнцаў ліцэя, тут пражываюць маладыя спецыялісты, якія прыехалі ў Карэліцкі раён па размеркаванні. На кожным паверсе маюцца душавыя кабіны, прыбіральні, падключаны Інтэрнэт. Раней, расказвае Марыя Пятроўна, сярод навучэнцаў былі і дзяўчаты, таму душ падзяляўся на мужчынскі і жаночы. Зараз жа, на жаль, у гэтым няма неабходнасці.
Вялікім попытам у студэнтаў карыстаецца трэнажорная зала, дзе мы і сустрэлі першакурсніка Вадзіма Купрыянчыка. Ураджэнец аграгарадка Лукі на працягу некалькіх год займаецца футболам і хакеем, займаючы пры гэтым прызавыя месцы на вобласці і рэспубліцы. Дарэчы, яшчэ вучнем сёмага класа хлопец атрымаў тытул лепшага абаронцы на спаборніцтвах у Гродне.
За ведамі і спецыяльнасцю ў Карэлічы прыехаў і Віктар Блешчык, які нарадзіўся і вырас у Стаўбцоўскім раёне. Зараз хлопец жыве на другім паверсе інтэрната, добра ўжываецца з суседзямі і нават гатуе з імі разам. Дарэчы, у інтэрнаце ёсць пральная машына, якой можа скарыстацца кожны.
Як бачым, у Міры і Карэлічах існуюць усе ўмовы для добрай прафесійнай падрыхтоўкі і якаснага, камфортнага жыцця навучэнцаў. Галоўнае, каб яны дарэмна не растрачвалі свае сілы, а накіроўвалі іх у будучае паспяховае заўтра.
Зараз у Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы навучаецца 231 чалавек, з іх 100 – першакурснікі. Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй налічвае 83 навучэнца, з якіх 28 сёлета залічаны на першы курс установы
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара