Усё – як па нотах! Пра гарманічны лад жыцця распавядае карэліччанка Тамара Юрчык, для якой узрост не мае значэння
Жыццё – цудадзейная крыніца, з якой напіцца цалкам нельга. Галоўнае, каб у чалавека з узростам не знікала смага да новага, цікавага, невядомага. Тамара Мікалаеўна Юрчык з Карэліч у кожным дні бачыць нагоду для радасці. Бо яна вядзе не проста здаровы лад жыцця, а найперш гарманічны.
“Душа спявае!” – гэтыя словы лепш за ўсё характарызуюць творчую натуру нашай гераіні. Нарадзілася Тамара Мікалаеўна ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Яе маці ўзгадвала, што дачка хадзіць не ўмела, а ўжо спявала. Бывае, дарослыя завіхаюцца ў полі, пакінуць дзяўчынку ў разоры, а яна заліваецца спевамі. І асабістыя дзіцячыя ўспаміны жанчыны таксама звязаныя з музыкай. Калі разам з бацькамі збіраліся за працай па гаспадарцы, то абавязкова спявалі. Любіла Тамара Мікалаеўна ў маленстве і хатнія вячоркі, асабліва на Святыя Вечары. Але дзіцячы рэпертуар складалі не толькі народныя творы. Дзяўчынка слухала радыё і завучвала папулярныя песні.
Калі паехала за адукацыяй у Магілёў, то і там знайшла час для выступленняў у хоры пры вучылішчы. Дарэчы, у гэтым горадзе Тамара Мікалаеўна сустрэла свайго будучага мужа Эдуарда. За ім яна паехала ў Гродзенскую вобласць. Спачатку маладая сям’я жыла ў Трашчычах. Там жанчына поўнасцю пагрузілася ў выхаванне дзяцей. Пасля пераезду ў Карэлічы, бухгалтар па дыпломе, сваё прафесійнае жыццё Тамара Мікалаеўна прысвяціла лічбам і не адно дзесяцігоддзе адпрацавала ў банку аж да пенсіі. Але музыка заўжды гучала ў яе доме. Муж любіў іграць на сапраўднай тульскай гармоні.
З выхадам на заслужаны адпачынак у нашай гераіні пачалася новая творчая гісторыя. Яе сястра Алена наведвала адзін з клубаў у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і аднойчы паклікала з сабой. Спачатку гэта былі экскурсійныя паездкі, затым да падарожжаў і душэўных размоў дадаліся спевы. Зараз Тамара Мікалаеўна актыўна выступае і ў складзе вакальнай групы “Сударушки”, і ў дуэце, і сольна.
Але адной музыкай усё не абмяжоўваецца. “Скандынаўская хада ў ЦСАН двойчы на тыдзень плюс мясцовыя трэнажоры, а кожную раніцу дома – гімнастыка. Часам так не хочацца рабіць, але я кажу сабе “трэба” і бяруся за практыкаванні, – дзеліцца жанчына. – Яшчэ абавязкова кантралюю свой рацыён. Кожны дзень у мяне пачынаецца па-англійску – з аўсянай кашы на вадзе, але туды я дадаю льняное насенне, сушаныя яблыкі, разынкі. Таксама ў маім дзённым меню прысутнічаюць садавіна і гародніна, тварог і арэхі. Што датычыцца сакрэтаў прыгажосці, там розныя цудадзейныя маскі і крэмы, то я лічу, што галоўнае для жанчыны – любіць сябе, свет навокал і насалоджвацца ім. Увогуле, не разумею, калі некаторыя людзі нават на пенсіі кажуць, навошта гэты спорт альбо творчыя гурткі і так часу няма. Але варта мець сілу волі і прагу да жыцця, і тады ўзрост не мае значэння!”
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара