Цудадзейная гарбата, граматныя кансультацыі і бадзёры настрой. У межах праекта «Мір – здаровы пасёлак» прайшла раённая акцыя «Прафілактыка анкалагічных захворванняў»
Атрымаць кампетэнтную кансультацыю спецыялістаў, прадэгуставаць смачную лекавую гарбату і зарадзіцца актыўным ладам жыцця 21 лістапада змаглі ўсе жадаючыя падчас раённай акцыі “Прафілактыка анкалагічных захворванняў” у межах праекта “Мір – здаровы пасёлак”.
Насуперак туманам і дажджам, у будынку Мірскага гарадскога Дома культуры было шматлюдна і панаваў бадзёры настрой.
“Мы ўдзячныя вам за тое, што вы так актыўна падтрымліваеце праект “Мір – здаровы пасёлак”. Бо толькі разам з вамі мы зможам ператварыць яго ў жыццё і дасягнуць галоўнай мэты – каб хваробы не засталі жыхароў Міра знянацку і свет навокал іх толькі радаваў”, – задаў тон акцыі галоўны ўрач Карэліцкага райЦГЭ Аляксандр Германюк.
Эстафету здароўя падтрымалі спецыялісты Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Ажыўлена праходзілі кансультацыі ва ўрача-анколага Марыі Швайко – прыняты 9 чалавек, урача-дэрматавенеролага Антаніны Слук – 12 чалавек, урача-гінеколага Андрэя Швайкоўскага – 16 чалавек, псіхолага Дзмітрыя Касаткіна – 23 чалавекі. Да слова, трое звярнуўшыхся былі накіраваныя на дадатковае абследаванне. Таксама спецыялісты выступілі перад аўдыторыяй з дакладамі па прафілактыцы анкалагічных захворванняў і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. А замацавала публіка новыя веды з дапамогай тэматычных відэаролікаў. Апроч таго, падчас акцыі працавала “прамая лінія”, куды патэлефанавалі 7 чалавек.
Скарысталіся госці і жыхары Міра, у тым ліку старшыня мясцовага сельсавета Аляксандр Маркевіч, магчымасцю вымераць артэрыяльны ціск (усяго 63 чалавекі) і зрабіць аналіз крыві на ўзровень цукру (48 чалавек).
Прыядналіся да акцыі і прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа – яе старшыня, фельчар-валеолаг Карэліцкай ЦРБ Святлана Санцэвіч разам з валанцёрамі з Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Дарэчы, навучэнцы гэтай установы адрозніваюцца не толькі добрымі сэрцамі, але і шматлікімі талентамі. Якраз іх яны прадэманстравалі падчас акцыі на выставе сваіх работ, што без лішніх слоў матывавалі прысутных жыць без шкодных звычак і небяспечных схільнасцяў.
Цалкам пагадзіліся з такой пазіцыяй і работнікі Карэліцкага РАНС, якія разам з юнымі памочнікамі правялі на свяце здароўя комплекс мерапрыемстваў пад дэвізам «Не прапальвай сваё жыццё».
А інструктару-валеолагу Карэліцкага райЦГЭ Людміле Валасевіч, тым часам, давялося правесці анкетаванне аж 188 чалавек на тэму здаровага ладу жыцця і распавесці малодшаму пакаленню пра тое, як важна падтрымліваць навакольны свет у чысціні і парадку. Між іншым, папоўніць свае веды па гэтых пытаннях прысутныя змаглі на выставе літаратуры і інфармацыйна-адукацыйных матэрыялаў.
А побач з кнігамі і буклетамі гасцей акцыі чакаў духмяны сюрпрыз. Карэліцкія і мірскія бібліятэкары запрасілі ўсіх на гарбату з лекавых зёлак.
Пачаставацца смачнымі і карыснымі напоямі прысутныя змаглі і ля стэнда аптэкі № 58 г.п. Мір. Апроч таго, яе загадчык Аляксандра Шайдзянкова і правізар-рэцэптар з райцэнтра Кацярына Запаснік грунтоўна распавялі пра БАДы і вітамінныя комплексы, што асабліва актуальна ў сезон прастуд.
Парадавалі землякоў інсцэніроўкай “У здаровым целе – здаровы дух!” маленькія артысты – другакласнікі з сярэдняй школы г.п. Мір.
Замацавала пазітыўны настрой акцыі канцэртная праграма, дзякуючы яскравым нумарам мірскага творчага дэсанта – інструментальнага ансамбля дзіцячай школы мастацтваў і вакальнай групы гарадскога Дома культуры, а таксама гасцей з райцэнтра – нястомных і маладых душой талентаў ЦСАН Карэліцкага раёна.
Прадстаўніца старэйшага пакалення жыхароў Міра Данута Шэўка адзначыла, што завітала на акцыю такога кшталту ўпершыню і адразу атрымала максімум добрых уражанняў. А яшчэ жанчына правяла час з вялікай карысцю для свайго здароўя, бо “пракансультавалася ў граматнага і добразычлівага ўрача-анколага”. Спадабалася праграма акцыі і моладзі. Другакурсніца Мірскага ДМПТК Анастасія Шавейка разам з сябрамі з задавальненнем прадэгуставалі гарбату, з інтарэсам праслухалі выступленні спецыялістаў і сышліся на тым, што “ідэя файная, і яе трэба працягваць рэалізоўваць”. Так таму і быць, бо план асноўных мерапрыемстваў праекта “Мір – здаровы пасёлак” зацверджаны як для бягучага, так і для наступнага года.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара