СПК «Свитязянка-2003» признан одним из лучших в животноводческой отрасли Гродненщины
Да раённага і абласнога свята “Дажынкі” СВК “Свіцязянка-2003” падышоў з вынікамі, якія з’яўляюцца арыенцірамі для большасці сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны і Гродзеншчыны.
– Калі гаспадарка не толькі выканала ўсе прагнозныя паказчыкі, але і перавыканала іх, значыць мы недарэмна працавалі на працягу года, – адзначае кіраўнік прадпрыемства, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Галавач. – Штогод прырода падкідвае нам пэўныя сюрпрызы. Аднак мы павінны навучыцца прыстасоўвацца да любых умоў надвор’я, атрымліваючы пры гэтым чакаемыя вынікі. Шмат гадоў таму пачуў выраз, які добра мне запомніўся: “Мы жывём у Беларусі, і надвор’е ў нас беларускае”.
На сённяшні дзень СВК “Свіцязянка-2003” з’яўляецца яскравым прыкладам эфектыўнай сельгасвытворчасці, поспехі якой залежаць ад шэрагу складальнікаў. А менавіта, гаспадарскі падыход да зямельнага багацця, сучаснае абсталяванне і тэхніка, прагрэсіўныя тэхналогіі, граматныя і добрасумленныя спецыялісты і работнікі, кожны з якіх на сваім працоўным месцы ўносіць важкі ўклад у агульную справу.
За 10 месяцаў бягучага года “Свіцязянка” паказала выдатныя вынікі ў жывёлагадоўчай галіне. Валавая вытворчасць малака складае 14363 тоны, альбо 108,2% да ўзроўню мінулага года. На адну карову надоена 8056 кг малака. А гэта плюс 353 кг да паказчыка 2018 года. Па выніках бягучага года гаспадарка плануе атрымаць 9600 кг малака ад умоўнай рагулі. Валавая прывага буйной рагатай жывёлы на 1 лістапада складае 858 тон, сярэднясутачныя прывагі – 836 грамаў. Адна з сёлетніх перамог “Свіцязянкі” – прызнанне МТК “Райца-2” лепшым сярод малочнатаварных комплексаў Гродзеншчыны. Да таго ж сельгаспрадпрыемства стала трэцім у вобласці па жывёлагадоўлі.
Аперыраваць значнымі паказчыкамі стала магчымым дзякуючы таму, што кампетэнтны ўпраўленец Уладзімір Галавач сабраў вакол сябе кагорту ўмелых і вопытных прафесіяналаў. Сярод іх – галоўны заатэхнік СВК “Свіцязянка-2003” Віктар Саўко, які па выніках работы за бягучы перыяд стаў трэцім на Гродзеншчыне. Пачаўшы працаваць у гаспадарцы ў 1990 годзе, ён прайшоў шэраг прыступак службовай лесвіцы. Працаваў старшым заатэхнікам, загадчыкам МТФ “Міратычы”, МТК “Райца-1”, селекцыянерам.
Арганізацыя вытворчасці, тэхналогія кармлення жывёлы, іх утрымання – толькі некаторыя накірункі, за якімі пільна сочыць галоўны заатэхнік.
– Для кожнай групы кароў неабходна скласці асабісты рацыён, – адзначае Віктар Саўко. – Аднак толькі за кошт кармлення пастаянна павялічваць надоі не атрымаецца. На сучасным этапе мы дасягнулі дастаткова высокай планкі. Але пэўныя рэзервы яшчэ ёсць. У некаторых краінах, напрыклад, у Галандыі, значная ўвага надзяляецца камфортнаму ўтрыманню кароў, адсутнасці стрэсавых сітуацый для жывёл. Гэта спрыяе павелічэнню малака. Таму плануем працаваць у гэтым накірунку.
У снежні мінулага года СВК “Свіцязянка-2003” атрымаў статус племянной гаспадаркі. Яна паспяхова рэалізуе маладых высокапародных бычкоў на Аршанскае племянное прадпрыемства. На бягучы год запланавана прадаць 20 жывёл, з якіх 18 ужо купілі.
Яшчэ адной значнай узнагароды ўдастоены галоўны ветурач гаспадаркі Уладзімір Борыс. Ён заняў другое месца ў абласным спаборніцтве. Адзін з асноўных паказчыкаў, які характарызуе работу галоўнага ветурача “Свіцязянкі”, — атрыманы прыплод. З пачатку года ў «Свіцязянцы» нарадзілася 2023 цяляты, што на 164 больш, чым у 2018 годзе.
– Галоўнае ў нашай працы – любіць жывёл. З імі мне цікава працаваць, – дзеліцца Уладзімір Борыс, стаж якога ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі складае 13 гадоў. – Хацеў стаць медыцынскім работнікам, але атрымалася так, што лячу не людзей, а жывёл. Здорава, калі ў каровы нараджаюцца двайняты. Два-тры разы ў месяц на нашых фермах такое адбываецца.
Паспяховым бягучы год быў і для раслінаводаў СВК “Свіцязянка-2003”. З кожнага гектара хлебаробы гаспадаркі атрымалі 59,2 цэнтнера з гектара пасля дапрацоўкі. Ураджайнасць кукурузы на зерне склала 133 ц/га, на сілас – 411 ц/га. Працаўнікі гаспадаркі атрымалі найвышэйшую ў раёне ўраджайнасць цукровых буракоў – 758 ц/га. Паспяховай аказалася корманарыхтоўчая кампанія бягучага года: нарыхтавана 730 тон сена, 22585 тон сенажу, 25579 тон сіласу.
Поспехі ў аграрным комплексе знаходзяцца ў прамой залежнасці ад наяўнасці ў гаспадарцы сучаснай тэхнікі. Яна ў “Свіцязянцы” ёсць пад поўную патрэбнасць. Калі тэхніка ламаецца, інжынерная служба заўсёды на падхваце. Адной з ключавых фігур на мехмайстэрнях у агр. Варонча з’яўляецца токар Віктар Малец. У гаспадарцы мужчына працуе 7 гадоў, і з металам ён на “ты”.
– Часта хлопцы да мяне звяртаюцца, – дзеліцца токар. – Што трэба, усё вытачыць магу: гайкі, балты, шайбы, утулкі і многае іншае. Асабліва цікава, калі складаную дэталь зрабіць трэба. Тады азарт, натхненне з’яўляюцца, каб выканаць справу як мага лепш.
Машынна-трактарны парк у СВК “Свіцязянка-2003” пастаянна аднаўляецца. Не стаў выключэннем і бягучы год.
– За апошні час мы набылі шмат новых адзінак высокавытворчай тэхнікі, – адзначае старшыня СВК “Свіцязянка-2003”. – Гэта кормаўборачны камбайн “Ягуар-870”, 2 энерганасычаныя трактары “Джон-Дзір”, 12-метровая сеялка і іншыя. Аднаўленне парка сельгасмашын будзе працягвацца. На будучыню плануем набыць самаходны апрысквальнік. Акрамя таго, будуць весціся работы па мадэрнізацыі зернесушыльнага комплексу ў агр. Райца з будаўніцтвам трох сіласаў для захоўвання збожжа, рамонту і мадэрнізацыі будынкаў малочнатаварных ферм. Час не стаіць на месцы. Ён патрабуе ад нас змен. І мы гатовы ісці насустрач новаўвядзенням, прымяняючы іх на практыцы.
? Даведка «Полымя»
За 10 месяцаў бягучага года СВК “Свіцязянка-2003” дасягнуў наступных паказчыкаў:
✅ прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі – 3442 тыс. руб.;
✅ чысты прыбытак – 3600 тыс. руб.;
✅ рэнтабельнасць ад рэалізацыі прадукцыі – 31,6%;
✅ сярэднямесячны заробак – 899 руб.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара