З паклонам да роднай зямлі. У КУСП “Чарняхоўскі-Агра” працуюць у адной моцнай звязцы

У цэнтры Карэліцкага раёна паміж рэкамі Уша і Сэрвач раскінуліся землі КУСП “Чарняхоўскі-Агра”. Чым сёння жыве гаспадарка з сямідзесяцігадовай гісторыяй, распавёў дырэктар Святаслаў Уладзіміравіч АЛЯШКЕВІЧ.

Дырэктар Святаслаў Аляшкевіч

– Перш, чым перайсці да лічбаў, хачу сказаць пра тое, што гэта асаблівы край, зямля маіх бацькоў. Я тут вырас і з маленства бачыў, якія працавітыя і годныя людзі мае землякі. Вядома, сельская гаспадарка – справа няпростая, не заўжды ўсё складваецца ў плане паказчыкаў так, як хацелася б. Але гэта не нагода апусціць рукі, а стымул працаваць лепш. Такую думку падзяляе і наш калектыў, а гэта 340 чалавек.

Касцяк складаюць вопытныя работнікі, але і моладзь не падводзіць у працы. Дарэчы, сёлета на раённым узроўні адзначаны трактарысты-машыністы Ігар Бушма, Віталій Загібайлаў, Аляксандр Гурскі і Мікалай Забаўскі, які, між іншым, з двумя братамі ўжо багата год працуе на карысць гаспадаркі. Заўважаны кіраўніцтвам і нашы маладыя спецыялісты аграном-насеннявод Анастасія Шапуцька і ветэрынарны фельчар Мікіта Рагулевіч, як і галоўны эканаміст са значным стажам Наталля Дубкова. Асобна хачу ўзгадаць трактарыста-машыніста Сяргея Плескача. Ён з намі ўжо 35 гадоў, працуе плённа і сёлета ўзнагароджаны Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Трактарыст-машыніст Сяргей Пляскач

Калі звярнуцца да лічбаў па раслінаводстве, то хачу адзначыць, што за перыяд са студзеня па кастрычніку параўнанні з мінулым годам мы палепшылі некаторыя паказчыкі: азімага рапсу атрымалі 883 тоны, зерневых – 11533 тоны, ільновалакна – 127,6 тоны. Кармоў нарыхтавана 12882 тоны.

Асобна варта спыніцца на жывёлагадоўлі. У 2015 годзе была здадзеная ў эксплуатацыю племянная ферма на 250 асноўных чыстапародных свінаматак з рэпрадуктарам на 950 асноўных свінаматак каля вёскі Тарасавічы для комплексу па вырошчванні і адкорме 27000 парасят у год. І сёлета, дзякуючы зладжанай працы калектыва ў 46 чалавек, ферма выйшла на праектныя магчымасці. Зараз там усяго ўтрымоўваецца 11847 галоў, а штомесяц прыплод складае ў сярэднім 2800 парасят, якія далей мы перадаём на адкорм у СВК “Маяк-Заполле”. Таксама мы прадаём свіней на племаб’яднанні і іншыя свінакомплексы Беларусі. Усяго рэалізавана за 10 месяцаў бягучага года 443 галавы.

Адным словам, усе мы ў гаспадарцы адчуваем сябе ў адной моцнай звязцы і клапоцімся пра агульны дабрабыт роднай зямлі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з архіва КУСП “Чарняхоўскі-Агра”