Топ-6 краязнаўчых кніг ад Карэліцкай раённай бібліятэкі
Сёлета мы адзначаем 80-годдзе Карэліцкага раёна. Наша зямля мае адмысловую гісторыю, цікавыя кнігі па якой вы заўсёды знойдзеце ў Карэліцкай раённай бібліятэцы.
У 2000 годзе на палічках дома і на працы многіх карэліччан з’явілася кніга “Памяць”, якая належыць да шматтомнай серыі энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронікаў раёнаў і гарадоў Беларусі. Пра наш край там распавядаецца ў дэталях і асобах, пачынаючы ад сівой даўніны да нашых дзён.
Падарожжа ў часе прапаноўвае чытачам і Іван Вярбіцкі ў кнізе “Ад мінуўшчыны дарогай”, якая складаецца з дзвюх частак. У першай апавядаецца пра гістарычнае мінулае Карэліч, у другой – пра сучаснае жыццё. Аўтар у анатацыі звяртае ўвагу на тое, што “сказанае не сатрэцца, і прадоўжаць мой расказ верныя нашчадкі”.
Шчырай любоўю да роднага “найпрыгажэйшага ў свеце” і “апетага ў паэтычных творах” свіцязянскага краю напоўнена кніга руплівага летапісца нашага раёна і краязнаўцы Святланы Кошур “Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі”. Аўтар дзеліцца з чытачом унікальнымі фактамі і захапляльнымі біяграфіямі пісьменнікаў і мастакоў, вучоных і артыстаў, дзяржаўных дзеячаў і воінаў, чые жыццёвыя дарогі праляглі праз нашыя прасторы.
З галоўным багаццем сваёй малой радзімы – людзьмі – знаёміць у кнізе “Карэліцкія мадонны” кіраўнік літаратурнага аматарскага аб’яднання “Рэчанька” пры газеце “Полымя” Галіна Калтунова. У цэнтры ўвагі аўтара – неардынарныя лёсы салдацкіх удоваў, зорныя вяршыні Герояў Сацыялістычнай Працы і лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР, хараство простага жыцця шчырых працаўніц нашага краю, сакрэт мужнасці жаночых сэрцаў, вялікасць мацярынскага подзвігу і светласць душы берагіняў сямейнага шчасця.
Немагчыма абмінуць увагай зборнік навуковых артыкулаў ад вядучых гісторыкаў і краязнаўцаў нашай краіны і рэгіёна “Карэліччына: людзі, час, падзеі”, натхнёнага Карэліцкімі краязнаўчымі чытаннямі. Унікальныя дадзеныя з архіваў, рэдкія дакументы, нечаканыя адкрыцці – кніга стане для чытача сапраўдным гістарычным квэстам.
І завяршае наш топ-6 улюбёнае шматлікімі аматарамі даўніны выданне пра адметныя шляхетныя месцы Карэліцкага раёна ў межах серыі “Старадаўнія сядзібы Беларусі” Анатолія Федарука, дзе навуковым рэдактарам выступіла кандыдат гістарычных навук Вольга Папко.
Прыемнай і пазнавальнай чытанкі, адкрывайце ў юбілейны год Карэліччыну нанова!
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара
? Далучайцеся да тэлеграм-канала «Гродно Медиа Group» па спасылцы @GrodnoMediaGroup.