17 февраля — День спонтанного проявления доброты. Как кореличчане делают этот мир лучше?
Многія лічаць, што наш сусвет выратуе прыгажосць. Спрачацца ці пагаджацца з гэтай высновай – справа кожнага, але менавіта мне здаецца, што планету выратуе дабрыня. 17 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень спантаннага праяўлення дабрыні, які пачаў сваю гісторыю са Злучаных Штатаў Амерыкі. Сёння гэта дата мае агульнасусветнае значэнне і святкуецца незалежна ад грамадзянства, нацыянальнасці і рэлігійных перакананняў. У некаторых краінах 17 лютага прынята дарыць незнаёмым людзям кветкі, праяўляючы так сваю любоў і клопат. Лічыцца, што пасля гэтага падымаецца настрой і хочацца зрабіць нешта добрае ў адказ…
А якія добрыя ўчынкі робяць жыхары нашага раёна?
Святлана РАМАНОВІЧ,
эканаміст СВК “Жухавічы”:
– Мы з мужам не можам быць абыякавымі да братоў нашых меншых… Час ад часу, калі на нашым шляху сустракаюцца тыя, каму патрэбна дапамога, мы забіраем іх да сябе, лечым, выходжваем. У мінулым годзе, напрыклад, мы паехалі ў лес па грыбы, дзе нечакана натыкнуліся на кошку, якая была ўся ў кляшчах. Да таго ж было відаць, што яе нехта збіў і хутчэй за ўсё пакінуў паміраць на абочыне… Ці можна было ў такім выпадку прайсці міма? Вядома, не. Мы з мужам забралі яе дамоў, вылечылі і назвалі Мірай, бо спаткалі якраз каля гарадскога пасёлка Мір. Радасна і шчыра сустракае нас з працы і сабака, якога летась я знайшла ў Жухавічах. Мы таксама яго выхадзілі, звазілі да ветэрынара, зрабілі прышчэпкі і пакінулі ў сябе. Назвалі Радай, бо яна вельмі ласкавая і эмацыйная: заўсёды радуецца ўсім, хто прыходзіць да нас у госці. Нельга не ўзгадаць, што муж Аляксей аднойчы прынёс кінутае кацяня, таму ў нашым доме зараз аж тры выратаваныя душы…
Святлана ТУРОК,
бібліятэкар Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа:
– У сярэдзіне студзеня мы з хлопцамі і дзяўчатамі з валанцёрскага атрада “Стрыж”, каардынатарам якога я з’яўляюся, наведалі дзетак з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна. Акрамя салодкіх падарункаў, якія атрымаў кожны з выхаванцаў, мы прадставілі гульнёвую праграму пад назвай “Што? Дзе? Калі?”, расказаўшы малечы аб правілах дарожнага руху і правілах карыстання бытавымі прыборамі. Дарэчы, у складзе валанцёрскага атрада шмат навучэнцаў-сірот, якія не па чутках ведаюць, як важна рабіць добрыя справы… Вясной мы плануем яшчэ раз наведаць Цэнтр, каб дапамагчы з добраўпарадкаваннем гульнёвай пляцоўкі.
Увогуле, наша дзейнасць шматгранная: мы дапамагаем і дзецям, і дарослым, і людзям, якія засталіся на схіле жыцця зусім адныя… Дабрыня – гэта ж не грошы. Гэта тое, што павінна быць у кожнага чалавека і рабіць наш свет больш шчырым і шчаслівым.
Падрыхтавала Вікторыя КАСЦЮК
Фота з архіва ўдзельнікаў апытання