“Карэліччане памятаюць сваіх герояў”: жыхар вёскі Міратычы Мікалай Васілеўскі расказвае пра свайго бацьку-франтавіка

У год 75-й гадавіны Вялікай Перамогі рэдакцыя газеты “Полымя” аб’явіла аб старце праекта “Карэліччане памятаюць сваіх герояў”. Першым, хто адгукнуўся на наш заклік расказаць аб Вялікай Айчыннай вайне ў гісторыі яго сям’і, стаў жыхар вёскі Міратычы Мікалай Аляксеевіч Васілеўскі.

— Мой тата, Аляксей Уладзіміравіч Васілеўскі, нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Антанёва Ярэміцкага сельсавета, — расказвае, трымаючы ў руках франтавую фатаграфію роднага чалавека, Мікалай Васілеўскі. —  Як і ўсе мужчыны-беларусы, у ліпені 1944 года быў прызваны на фронт. З ліпеня па верасень 1944-га служыў у 64-м стралковым палку стралком. Затым некаторы час быў кавалерыстам, пазней — радыётэлефаністам.

У студзені 1945 года 171-ы стралковы полк, дзе служыў стралок Аляксей Васілеўскі, быў перакінуты да Варшавы. Там салдату давялося ўдзельнічаць у баях за вызваленне Варшавы і фарсіраваць Віслу. За ўдзел у жорсткіх баях быў узнагароджаны медалём “За вызваленне Варшавы”.

У красавіку 1945 года полк накіравалі ва Усходнюю Прусію. Ехалі ў таварных вагонах, недаядалі. На станцыях мясцовыя жыхары кідалі ў эшалоны сырую бульбу. Яе салдаты падагравалі, прыціснуўшы да топкі паравоза, і елі паўсырую.

Сапраўдным пеклам называў салдат Аляксей Васілеўскі баі за вызваленне Кенігсберга, якія ішлі з 6 па 9 красавіка 1945 года.

— Тата казаў, што гэта была сапраўдная крывавая мясарубка, — успамінае размовы з бацькам Мікалай Аляксеевіч. —  Барацьба ішла за кожны сантыметр зямлі, чырвонай ад крыві. Нашы салдаты гналі акупантаў да самога Берліна. Тата стаў сведкам сапраўднай гістарычнай падзеі, калі 1 мая 1945 года над Рэйхстагам узняўся Сцяг Перамогі. Пазней тата атрымаў медаль “За ўзяцце Берліна”.

Але пасля доўгачаканага Дня Перамогі служба для нашага земляка не закончылася. Дэмабілізаваўся і вярнуўся дамоў ён толькі ў сакавіку 1948 года. Доўга яшчэ салдату снілася вайна, былі чутныя загады камандзіраў, выбухі і крыкі параненых таварышаў.

— Калі я быў маленькі, мы з татам часта сядзелі каля распаленай печы пры лямпе, а ён расказваў пра вайну і спяваў любімую песню франтавікоў: “Вставай, страна огромная, вставай на смертный бой…”, — успамінае Мікалай Васілеўскі. — Тата доўга працаваў у калгасе “Чырвоны партызан”  жывёлаводам, а потым да самай пенсіі ў Шчорсаўскім лясніцтве — лесніком.

Разам з жонкай Марыяй Мікалаеўнай былы франтавік выхаваў траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Памяць аб Аляксеі Уладзіміравічы Васілеўскім жыве ў сэрцах яго нашчадкаў.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з архіва М. Васілеўскага