Каханне праз дзесяцігоддзі. 70-годдзе шлюбу адзначылі Казімір і Вера Недзіны з вёскі Лядкі

Здаецца, столькі ўжо напісана і расказана, але не перастаеш здзіўляцца: колькі ўражваючых людскіх гісторый захоўвае карэліцкая зямля! Так, у вёсцы Лядкі нам пашчасціла стаць сведкамі дзівоснай і кранальнай падзеі – павіншаваць з 70-годдзем шлюбу Казіміра Станіслававіча і Веру Паўлаўну Недзіных.

Прыгожая дата, ды і ў народзе завецца па-асабліваму – дабрадатнае вяселле, гэта значыць жыватворнае, добрае, цудоўнае і шчаслівае. І назіраючы за цёплымі і пяшчотнымі стасункамі паміж 91-гадовым Казімірам Станіслававічам і 89-гадовай Верай Паўлаўнай, лепш і не апішаш іх сямейнае жыццё. Так, ласкава прыабдымаючы адзін аднаго, пара прымала і віншаванні з юбілеем ад старшыні Ярэміцкага сельсавета Пятра Анатольевіча Навумовіча і намесніка старшыні ДП “Царука” па ідэалагічнай рабоце Леаніда Вячаслававіча Ямелькі.

Глядзіш на такую сямейную ідылію, разумееш, што, як і водзіцца ў жыцці, не ўсё было проста, хапала рознага, але, насуперак выпрабаванням лёсу, людзі праз дзесяцігоддзі пранеслі шчырыя, светлыя і сапраўдныя пачуцці.

– Сур’ёзна, мы адзіныя ў раёне, хто ў гэтым годзе святкуе 70 гадоў шлюбу? Вера Паўлаўна, дык мы з вамі чэмпіёны! – жартаўліва звяртаецца да жонкі Казімір Станіслававіч і цалуе сваю каханую гаспадыню.

Вочы нашых герояў ззяюць радасцю, але яна не далася ім лёгка. Казімір Станіслававіч узгадвае сваё сялянскае дзяцінства ў былым панскім фальварку Пузеневічы, да якога, дарэчы, належыла і вёска Лядкі, вучыцца давялося мала, больш дапамагаць па гаспадарцы, пасвіць кароў, а потым — Вялікая Айчынная вайна, гібель бацькоў, боль і страх, цяжкі сірочы хлеб. І раптам пасля столькіх удараў лёсу падарунак – сустрэча з будучай жонкай.

Казімір Станіслававіч і зараз памятае тое імгненне. Хлопцу ішоў ужо шаснаццаты год, быў ён спраўны ды ўдалы да працы. Вось і запрасіла яго цётка Веры Паўлаўны да іх у Лядкі дапамагчы выкапаць бульбу. Зайшоў юнак у хату, а там стаіць перад люстэркам юная прыгажуня ды расчэсвае валасы. Хлопец закахаўся з першага погляду. Спадабаўся незнаёмец і Веры Паўлаўне.

Мінула яшчэ крыху часу, дзяўчына пачала хадзіць у клуб на танцы. І там наша пара сустрэлася зноў. Спачатку лявоніха, падэспань, кракавяк, полькі, вальсы, а пасля танцаў – хуткалі згулялі і вяселле.

Ды толькі маладыя нядоўга цешыліся сямейным шчасцем. Казіміра Станіслававіча забралі амаль на чатыры гады ў армію служыць аж у Хабараўскі край. Але нашых герояў ніякія адлегласці не спалохалі. І па вяртанні Казіміра Станіслававіча на малую радзіму пара паціху збудавала сабе дом, у іх нарадзілася двое дзетак – дачка і сын.

Муж спачатку працаваў у калгасе камбайнерам, пасля траўмы – на запраўцы, затым зноў сеў за баранку і так да пенсіі. Жонка ўсё жыццё была паляводам. Лёгкага хлеба не елі, але і не тужылі, заўжды знаходзілі ў жыцці маленькія радасці. Казімір Станіслававіч яшчэ ў арміі навучыўся граць на гармоніку, старажылы і зараз памятаюць, як ён даваў жару ў Лядкаўскім клубе, а Вера Паўлаўна спявала ў мясцовым хоры ды для душы вышывала.

“Так і пражылі гэтыя 70 гадоў разам – ціха, у працы, адным словам, як усе, не лепш і не горш. Дзякуй Богу, дачакаліся і ўнукаў з праўнукамі. А маладым хочацца сказаць: не шукайце сакрэту сямейнага даўгалецця, любіце і прымайце адзін аднаго такімі, якія ёсць, больш нараджайце дзетак і дзякуйце жыццю за ўсё!” – далі на развітанне мудрую параду нашы героі.

А на зваротнай дарозе ў рэдакцыю падумалася. Час абавязкова пакіне на ўсіх нас свой след. Так, з гадамі сапсуецца зрок, і мы будзем бачыць дарагога чалавека, нібы ў тумане. Напэўна, пагоршыцца і слых, і нашых блізкіх мы пачуем праз слова, а то і праз два. Але, калі мы не здамося перад цяжкасцямі, не згубім галоўнае ў руціне штодзённасці і зберажом агеньчык любові ў сваіх сэрцах, тады і праз 50, і праз 70, і, дай Божа, праз 100 гадоў сумеснага жыцця мы зможам адчуваць цяпло адзін аднаго, як у першае спатканне. Таму беражыце сем’і і пачуцці, хай усе крыўды адыдуць у нябыт, а цярплівасць, спакой, чуласць, узаемаразуменне і падзяка стануць вашымі вернымі спадарожнікамі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара