В агрогородке Луки в третий раз весело и ярко отпраздновали «Улассе ў Луках» (фоторепортаж)

Беларуская спадчына поўніцца вялікай колькасцю розных традыцый, якія з году ў год падтрымлівалі і ўвасаблялі ў жыццё нашы продкі. Некаторыя з іх адышлі ў небыццё, а некаторыя, як, напрыклад, абрад Улассе, атрымалі новы подых у выглядзе вясёлага і цікавага свята, якое ладзіцца ў аграгарадку Лукі трэці год запар.

Раней Уласа, якога яшчэ называлі Аўлас, народ лічыў апекуном свойскай жывёлы, а яго дзень – каровіным ці конскім святам. Менавіта таму гаспадар, які не шанаваў гэтую дату, мог наклікаць на сваю худобу розную немач. У гэты дзень жывёле трэба было даваць лепшы корм, не працаваць на ёй, але зранку раілася аб’язджаць маладых коней. Дарэчы, у даўніну на іх стараліся ездзіць як мага далей, па доўгіх дарогах ды ўсю ноч, каб на лета радзіў такі ж доўгі лён. Каб у гаспадара раслі здаровыя ды гладкія цяляткі, гаспадыня ў раніцу пякла аладкі, а калі свята супадала з Масленічным тыднем, то гаварылі: “На Аўласа бяры каўшом масла”.

Для сям’і Лісоўскіх раніца пачалася з упрыгожвання галоўнага героя свята – чатырнаццацігадовага каня па мянушцы Чарныш. Як расказвае гаспадар, конь гэты з’явіўся ў іх сям’і дзякуючы мясцоваму калгасу. Зараз Мікалай актыўна карыстаецца ўсімі магчымасцямі жывёлы: ездзіць на ёй верхам, запрагае ў воз і трэці год запар прыводзіць на “Улассе”, каб падняць настрой і сабе, і знаёмым. Дарэчы, добрыя эмоцыі Чарныш гатовы падараваць не толькі чужым, але, у першую чаргу, сваім гаспадарам: маленькія дзеці і ўнукі Мікалая і Наталлі Лісоўскіх вельмі любяць забаўляцца з жывёлай, не баяцца падыходзіць і нават залазіць на спакойнага і лагоднага каня. Акрамя Чарныша, ёсць у сям’і і двухгадовая прыгажуня Аліса, якая ў наступным годзе складзе свайму сябру пару на свяце.

– Пакуль выводзіць кабылу “ў людзі” яшчэ ранавата, – расказвае пастаянны ўдзельнік “Уласся ў Луках” Мікалай Лісоўскі. – Але паступова, крок за крокам, я рыхтую яе да гэтага. Нягледзячы на памеры (а Аліса амаль роўная з Чарнышом, – заўв. рэд.), яна ўсё ж такі яшчэ дзіцё, таму і патрабуе догляду і выхавання.

Дарэчы, набыў Мікалай Лісоўскі яшчэ аднаго каня менавіта з-за ўнукаў, якія разам з гаспадаром гадавалі Алісу з першых дзён яе жыцця, калі жарабя важыла ўсяго шэсцьдзясят кілаграмаў. Таму ўдзел у свяце для мужчыны – гэта яшчэ адна нагода для шчаслівых усмешак сваіх маленькіх памочнікаў.

А тым часам на святочнай пляцоўцы разгарнулася тэатралізаванае прадстаўленне, падрыхтаванае мясцовымі творчымі калектывамі. Жыхароў і гасцей мерапрыемства чакалі вясёлыя гульні, смачныя бліны з варэннем, а таксама конныя прагулкі, дзе кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў ролі сапраўднага яздака.

Напрыканцы свята вядучыя пажадалі ўсім не забывацца пра галоўнае – традыцыі, якія з’яўляюцца галоўным падмуркам нашай беларускай культуры.



З першых вуснаў

Лідзія СВІРЫДЗЕНКА, жыхарка Мінска:
– На сённяшняе свята мы завіталі невыпадкова: у аграгарадку жыве наша цётка, якая вельмі часта запрашае нас з дачкой да сябе. Вось і ў гэтыя выхадныя мы вырашылі змяніць шумны мегаполіс на цішыню і спакой, якія найлепшым чынам увасобіліся ў Луках. А калі даведаліся пра свята, то, вядома, застацца дома было не варыянт (усміхаецца). Нягледзячы на тое, што на вуліцы досыць холадна, што для мяне, што для Кіры праблемай гэта не з’яўляецца: усё ж такі пазітыўных эмоцый удвая больш!

Виктория КОСТЮК
Фото автора