В горпоселке Мир продолжаются работы по строительству станции обезжелезивания
Усім вядома, што ад якасці пітной вады залежыць і якасць нашага жыцця. Гэта выказванне ва ўсіх на слыху і, думаю, наўрад ці хто-небудзь стане з ім спрачацца. Менавіта ад якасці вады, якую мы ўжываем, залежыць не толькі здароўе і імунітэт чалавека, але і наша самаадчуванне, знешні выгляд і нават настрой.У
На працягу пэўнага часу жыхары гарадскога пасёлка Мір скардзіліся на якасць вады. У рамках праграмы “Чыстая вада”, якая дзейнічае на Гродзеншчыне, у вобласці пабудавана 45 станцый абезжалезвання, дзякуючы якім самая неабходная вадкасць для функцыянавання жыцця стала больш якаснай. Вядома, змены закранулі і Мір, дзе актыўныя работы пачаліся ў кастрычніку мінулага года.
– Праект водазабеспячэння пасёлка складаецца з некалькіх этапаў: гэта будаўніцтва трох артэзіянскіх свідравін, станцыі абезжалезвання, рамонт існуючай воданапорнай вежы і пракладанне вадаводаў, – расказаў геадэзіст ААТ “Будаўніча-мантажны трэст № 19” Аляксандр Пагоцкі. – На дадзены момант намі прабурана адна свідравіна, вакол якой узведзена помпавая станцыя. З часам унутры яе з’явіцца помпа і будуць праведзены адпаведныя камунікацыі.
Што тычыцца станцыі абезжалезвання, то на сённяшні дзень яна ўяўляе сабой фундамент, на якім будзе размешчаны кантэйнер з неабходным абсталяваннем. Калі будаўніцтва будзе на фінальнай стадыі, у станцыі пачнуць адбывацца вельмі складаныя і важныя працэсы. Справа ў тым, што ў пітной вадзе, якая здабываецца са свідравіны, жалеза знаходзіцца ў двухвалентным стане: яно не мае паху і колеру. Падчас ачысткі вада насычаецца кіслародам у аэрацыйнай калоне, у выніку чаго жалеза пераходзіць у трохвалентны стан і набывае выгляд шматкоў рудага колеру з характэрным пахам металу. Апошнім этапам з’яўляецца прапусканне вады праз сістэму фільтраў, дзе і адбываецца канчатковая ачыстка пітной вады, якая затым падаецца ў вадаправодную сетку Міра. Пасля складанага працэсу абезжалезвання паказчык утрымання хімічнага элементу знаходзіцца на ўзроўні 0,1 – 0,15 мг/л.
На этапе будаўніцтва знаходзіцца і трансфарматарная падстанцыя. Ужо заліты фундамент, падрыхтавана падлога для кабеляў, на чарзе – узвядзенне сцен. Па словах будаўнікоў, значныя цяжкасці ўзнікалі падчас праходжання тэхнікі, бо ўся зямля ўяўляе сабой урадлівы грунт. Плюсавая тэмпература і высокая вільготнасць “паспрыялі” таму, што неабходна было выклікаць дадатковую тэхніку, каб у рэшце рэшт правесці работы.
Генеральным падрадчыкам будаўніцтва сістэмы водазабеспячэння ў гарпасёлку Мір выступіла ААТ “Будаўніча-мантажны трэст № 19”, разам з якім на аб’екце працуюць работнікі лідскага БМУ-4 і карэліцкага ДРБУ-158.
Дарэчы, у мінулым годзе ў рамках інвестыцыйнай праграмы на мэты водазабеспячэння гарадскога пасёлка Мір выдзелена 904 тысячы рублёў. Агульны кошт аб’екта складае амаль 2 млн рублёў.
Работы па забеспячэнні міран чыстай пітной вадой плануецца завяршыць у бягучым годзе.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара