25 сакавіка на каталіцкім календары — урачыстасць Звеставання Пана
25 сакавіка Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Звеставання Пана.
Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына Касцёл святкуе як асобную ўрачыстасць за дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння. Гэта, канешне ж, умоўная дата, таксама як і дата Божага Нараджэння. Ва Усходніх Цэрквах Дабравешчанне адзначалі ўжо ў V стагоддзі. На Захадзе дзень Уцелаўлення Божага Сына пачалі святкаваць падчас пантыфікату папы Грыгорыя Вялікага ў VІІ стагоддзі.
У падзеі, звязанай з прыходам Хрыста на зямлю, Касцёл бачыць здзяйсненне надзеі Ізраэля. Марыя — гэта ўвасабленне Ерузалема і спадкаемца дадзеных яму абяцанняў, якія спаўняюцца, калі Яна, напоўненая верай, прамаўляе у момант Звеставання словы: «Вось я слуга Пана, няхай мне станецца паводле Яго слова». Дзякуючы Марыі Бог становіцца «Богам з намі» — прадказаным прарокамі Эмануэлем.
Хіба што ніводзін эпізод са Святога Пісання не набыў такой папулярнасці ў мастацтве, як сцэна Звеставання. Шматлікія творцы спрабавалі розным чынам выявіць тое, што святы Лука перадае на пачатку свайго Евангелля: Божы Пасланец Арханёл Габрыэль прыносіць Марыі нечаканую і радасную вестку і атрымлівае Яе згоду на незвычайную місію. Марыя павінна нарадзіць Сына, якому дасць імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў.
Евангельскі аповед пра Звеставанне прадстаўляе нам момант спаткання Божай волі са свабодай чалавека. У ім паказаны свабодны адказ Марыі на Божае запрашэнне. Чалавек заўсёды патрэбны Богу як свабодная асоба, а не як нявольнік.
Каталікі просяць у гэты дзень падчас святочных набажэнстваў, каб «вызнаючы, што Сын Марыі Панны — гэта сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, моцай Яго Уваскрасення маглі дайсці да вечнай радасці», а прамаўляючы Сімвал веры, кленчаць на словы «І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі», каб такім чынам ушанаваць гэтую вялікую Таямніцу.
У апошні час у Касцёле ўзнікла традыцыя здзяйсняць ва ўрачыстасць Звеставання Пана акт духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Гэты акт заключаецца ў тым, што алавек дае абяцанне на працягу дзевяці месяцаў маліцца за адно зачатае дзіця, каб яно змагло з’явіцца на свет, а не стала ахвяраю аборту.
Крыніца: catholic.by