Кореличский район активно готовится к посевной компании. Аграрии СПК «Жуховичи» начали сеять овес

Новы аграрны сезон толькі набірае абароты. Нехарактэрная для Беларусі зіма, цёплая і бясснежная, прымусіла аграрыяў краіны сур’ёзна паскорыць тэмпы падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі. У хуткім часе тэхніка масава выйдзе ў поле. Некаторыя вобласці ўжо ўвайшлі ў пасяўную кампанію, іншыя – яшчэ стаяць на парозе сяўбы. Як вядома, у сельскай гаспадарцы не павінна быць шаблоннасці. Таму кожны раён ставіць для сябе канкрэтныя тэрміны пачатку пасяўной.

– Калі гаварыць пра Гродзеншчыну ў цэлым, то да сяўбы яравых зерневых культур ужо прыступілі Воранаўскі, Гродзенскі, Лідскі, Слонімскі і Шчучынскі раёны, – адзначыў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Генадзій Белы. – Традыцыйна наш раён уступае ў пасяўную кампанію крыху пазней за іншыя раёны вобласці. Гэта абумоўлена перавагай на Карэліччыне суглінкаў, якія добра ўтрымліваюць вільгаць. Аднак аграрыі раёна, пачаўшы сеяць яравыя, звычайна набіраюць добрыя тэмпы і завяршаюць сяўбу ў лідарах вобласці. Першыя крокі ў пасяўную ўжо зрабілі працаўнікі СВК “Жухавічы”, якія ў сярэдзіне тыдня прыступілі да сяўбы яравога аўса.

Па інфармацыі райсельгасхарчу, сёлетні яравы клін зерневых культур складае 7424 га, у тым ліку 1250 га кукурузы на зерне. Запланавана пасеяць 1195 га зернебабовых культур. Плошча пад азімыя складае 12650 га, з якіх стаўка зроблена на азімую пшаніцу. Гэтай культурай засеяна 8347 га.

На палях раёна працягваецца ўнясенне арганічных угнаенняў. У сувязі з правядзеннем дзяржтэхагляду трактарных паркаў гаспадарак гэты від сельскагаспадарчых работ часткова стрымліваўся. Аднак сёння аграрыі раёна працуюць на поўную моц. Гаспадаркамі Карэліччыны нарыхтавана 478,8 тысячы тон арганікі, вывезена на палі 422 тысячы тон, унесена 236 тысяч тон.

Таксама аграрыі карэліцкіх гаспадарак заняты падкормкай шматгадовых траў, пашняў і сенажацяў, закрыццём вільгаці на палях раёна.

Умовы надвор’я на працягу зімовых месяцаў спрыялі ўнясенню мінеральных угнаенняў пад сяўбу яравых культур. Па стане на 13 сакавіка калій унесены на 15884 га, што значна больш леташняга паказчыка, фосфар – на плошчы 8369 га.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара