Погода капризничает, а работа идет. В Кореличском районе посеяно 1119 га яровых культур
На мінулым тыдні амаль усе гаспадаркі Карэліччыны прыступілі да сяўбы ранніх яравых культур. Большая частка сельгаспрадпрыемстваў раёна ўвайшла ў пасяўную кампанію зерневых культур. Аднак з-за начных замаразкаў аграрыі раёна знізілі тэмпы сельскагаспадарчых работ і знаходзяцца ў рэжыме чакання стабільнага надвор’я са знакам плюс.
Па аператыўнай інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на раніцу 24 сакавіка пасеяна 1119 га яравых культур, у тым ліку 932 га ранніх зерневых і зернебабовых культур. На першы план выйшаў яравы ячмень, якім засеяна 558 га. Пад сяўбу яравых культур падрыхтавана 2976 га, альбо 15% ад запланаваных 20336 га. Закрыццё вільгаці праведзена на 7531 га.
Аграрыі Карэліччыны працягваюць падкормку азімых зерневых культур, сенажацяў і пашняў, амаль завяршылі ўнясенне мінеральных угнаенняў пад шматгадовыя травы. З-за начных халадоў агранамічныя службы гаспадарак раёна свядома стрымліваюць падкормку рапсу.
Працягваецца нарыхтоўка мінеральных угнаенняў. На ўчарашнюю раніцу забяспечанасць гаспадарак азотнымі ўгнаеннямі склала 77%, фосфарнымі – 50%, калійнымі – 109%. Не спыняюцца работы па вывазе на палі і ўнясенні арганікі пад яравую сяўбу. На раніцу 24 сакавіка вывезена 448 тысяч тон арганічных угнаенняў, унесена 301 тысяча тон.
Па інфармацыі райсельгасхарчу, сёлета тэмпы асноўных відаў сельскагаспадарчых работ на палях раёна значна апераджаюць леташнія паказчыкі і знаходзяцца на ўзроўні абласных лічбаў.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара