Друзья и баня подождут, оставайтесь дома! Рассказываем, как чувствуют себя кореличчане на самоизоляции
Як жывуць працягам 14 дзён жыхары Карэліцкага раёна падчас хатняй самаізаляцыі пасля вяртання з-за мяжы? Адказ на гэта пытанне мы пачулі ад іх саміх у межах рэйду міжведамаснай камісіі па райцэнтры і раёне.
Субота, першая палова дня. Карэлічы ўжо даўно прачнуліся, на вуліцах даволі ажыўлена. Хтосьці спяшаецца па працоўных ці хатніх справах, іншыя проста выйшлі на прагулку. А міжведамасная камісія ў складзе выконваючага абавязкі загадчыка цэнтральнай раённай паліклінікі Алены Лічык, памочніка ўрача-эпідэміёлага райЦГЭ Таццяны Партоль і ўчастковага інспектара міліцыі РАУС Рамана Шнока накіроўваецца па 9 адрасах тых жыхароў райцэнтра, што знаходзяцца на самаізаляцыі пасля вяртання з-за мяжы з эпідэміялагічна неспрыяльных раёнаў па інфекцыі COVID-19.
З размовы з самаізаляванымі карэліччанамі адразу становіцца зразумела, што пасля вяртання на радзіму з імі пастаянна на сувязі работнікі ЦРБ. Таксама яны маюць памяткі з парадкам самаізаляцыі, прытрымліваюцца дадзеных там рэкамендацый і кантралююць тэмпературу цела і самаадчуванне. Ведаюць нашы жыхары і пра тое, што выходзіць з дому можна толькі пры крайняй неабходнасці. Напрыклад, ім патрэбна ў аптэку ці за прадуктамі ў магазін альбо вынесці смецце. А вось сустрэчы з сябрамі, шашлыкі ці візіт у гарадскую лазню варта адкласці. Азнаёмлены карэліччане і з тым, што пры наведванні той жа аптэкі яны абавязаны надзець медыцынскую маску і гумавыя пальчаткі, карыстацца антысептыкам і захоўваць дыстанцыю мінімум у 1,5 метры. Для выхаду з дому трэба абіраць самы бязлюдны час ці лепш знаходзіць варыянт увогуле не рабіць гэтага.
Станоўчыя прыклады самаізаляцыі сустрэла міжведамасная камісія і ў сельскай мясцовасці, куды накіравалася пасля абеду. У адной з вёсак раёна малады чалавек свядома на 14-дзённы перыяд з’ехаў з горада на дачу адзін, каб, у выпадку чаго, не падвяргаць небяспецы сваю сям’ю. Удругім населеным пункце маці з сынам, якія нядаўна вярнуліся з заморскага ўзбярэжжа, прадэманстравалі камісіі тэмпературны лісток. Было адразу бачна, што ў гэтым доме за станам здароўя пільна сочаць. Усяго ў раёне камісія наведала 4 населеныя пункты і 7 чалавек. Тут трэба таксама аддаць належнае мясцовым амбулаторыям урача агульнай практыкі, якія падчас рэйду па сельскай мясцовасці ва ўсім дапамагалі камісіі.
Падводзячы вынік, хочацца адзначыць наступнае. Добра, што карэліччане з разуменнем ставяцца да неабходнасці самаізаляцыі. Бо мы з вамі жывём у соцыуме, а не на бязлюдным востраве, і мусім клапаціцца не толькі пра сябе і свае жаданні, але і пра бяспеку тых, хто побач.
А напрыканцы хочацца яшчэ раз нагадаць рэкамендацыі спецыялістаў на перыяд самаізаляцыі:
✅ 1. Важна, каб з Вамі ў першыя суткі з моманту прыезду з-за мяжы звязаўся медыцынскі работнік тэрытарыяльнай арганізацыі аховы здароўя. Ці Вы можаце патэлефанаваць самастойна ў паліклініку па месцы жыхарства (часовага знаходжання). Далей Вы застаяцеся дома на працягу 14 дзён і не наведваеце ў гэты перыяд месцы працы/вучобы, а таксама масавага знаходжання людзей (магазіны, кафэ, гандлёвыя цэнтры, канцэрты, лазні і г.д.).
✅ 2. Максімальна абмяжоўваеце любыя кантакты, у тым ліку з членамі сям’і, якія пражываюць з Вамі. Лепш за усё, каб у Вас быў асобны пакой, але калі яго няма – памятайце пра адлегласць не меншую за 1,5 м ад іншых людзей і наяўнасць медыцынскай маскі. Апроч таго, у Вас павінны быць асобныя ручнікі, пасцельная бялізна, посуд. Кранаць паверхні (дзвярныя ручкі, механізмы санітарна-тэхнічнага абсталявання і інш.) таксама лепш аднаразовай сурвэткай. Ды і сваю бялізну варта мыць асобна.
✅ 3. Мінімізіруйце кантакты са сталымі людзьмі (60 гадоў і старэй), асобамі з хранічнымі захворваннямі сэрца, лёгкіх, цукровым дыябетам і інш. У выпадку крайняй неабходнасці кантакту з імі Вам трэба выкарыстоўваць медыцынскую маску. Дарэчы, апошнюю можна насіць толькі працягам 2 гадзін, а мяняць яе варта, вымыўшы рукі ці апрацаваўшы іх спіртаўтрымліваючым сродкам.
✅ 4. Мыйце рукі з мылам старанна і не менш за 20 секунд, не забываючы пра вобласці паміж пальцамі, вакол пазногцяў, куцікулы і вялікага пальца. Не лішнім будзе і антысептык. Дарэчы, калі Вы выкарыстоўваеце аднаразовыя насоўкі ці сурвэткі, абавязкова ўтылізуйце іх у закрыты кантэйнер для смецця ці пластыкавы пакет.
✅ 5. Праветрывайце памяшканне, рабіце вільготную ўборку, надаючы асаблівую ўвагу апрацоўцы дзвярных ручак, прадметаў мэблі, тэлефонных апаратаў, пультаў кіравання, камп’ютарных клавіятур, мышак і іншых гаджэтаў, санітарна-тэхнічнага абсталявання і г.д.
Будзьце здаровыя, сумленныя і адказныя! А, між тым, рэйды міжведамаснай камісіі працягнуцца.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара