Напярэдадні Светлага Уваскрасення Хрыстова Вялікая субота ў Карэлічах пачалася з малітвы і асвячэння велікодных страў

Раніца Вялікай суботы ў Карэлічах усцешыла нас не толькі сонечным надвор’ем, але і Божым святлом, што атуліла сэрцы праваслаўных вернікаў. З цяплом звярнуўся да прыхаджан і благачынны Карэліцкай акругі, настаяцель Свята-Петрапаўлаўскага храма протаіерэй Мікалай Орса:

– Вялікая субота напоўнена маўчаннем і цішынёй. Мы ўсім сэрцам жывём чаканнем светлага свята Уваскрасення Хрыстова. Гэта час, калі ў душах вернікаў ажывае асаблівая праўда пра тое, што Ісус прыходзіць да кожнага з нас, аддаючы ўсяго Сябе дзеля нашага збаўлення, каб мы здабылі вечнае жыццё. Гэта надзвычайны дар і міласць Бога. Таму мы не павінны быць сынамі марнатраўнымі і правільна скарыстацца такім велічным скарбам. Найперш мы мусім жыць з глыбокай падзякай у сэрцы, нават калі на нашу долю выпадаюць моцныя цярпенні і, здавалася бы, непераадольныя цяжкасці. Сёння якраз свет сутыкнуўся з такімі выпрабаваннямі. І сімвалічна, што Вялікдзень прыпаў менавіта на гэты складаны час. Так, Хрыстос уваскрасае, але разам з Ім у кожным верніку павінна ўваскрэснуць з новай сілай вера, надзея і, што важна, любоў як да Бога, так і да бліжняга. Прашу вас, клапаціцеся і пра духоўнае жыццё, і пра адзін аднаго. Гэта праяўляецца ў простых рэчах: там, дзе людна, захоўвайце дыстанцыю, з разуменнем стаўцеся да парадаў і рэкамендацый медыкаў і ўлад, маладзейшыя дапамагайце сталым людзям ды, калі хварэеце ці адчуваеце самую малую немач, заставайцеся дома. Мы таксама хочам бачыць вас у храме ў добрым здароўі, таму робім усё магчымае для вашай бяспекі: на вялікія святы ў нас працуюць гучнагаварыцелі, таму вы можаце слухаць набажэнствы на вуліцы; службы арганізаваныя такім чынам, каб максімальна размежаваць патокі людзей і паміж вернікамі захоўвалася бяспечная дыстанцыя; паўсюль ёсць дэзынфекцыйныя сродкі; выкарыстоўваецца аднаразовы посуд пасля прычасця; рэгулярна абрабляецца памяшканне і царкоўнае начынне; для асвячэння велікодных страў сёлета мы выязджаем у розныя кропкі райцэнтра. Бо толькі ў адзінстве, праяўляючы адказнасць, міласэрнасць і чуласць, можна адолець бяду. Напрыканцы зычу вам у спакоі сэрца перажыць гэты нялёгкі час, калі маеце сілы, магчымасць і здароўе, то не забывайце дарогі ў храм, не лянуйцеся ў малітве, дзяліцеся з бліжнім дабрынёю і цеплынёю ды адчувайце ў душы прысутнасць уваскрослага Хрыста, Які заўжды побач, нястомна аберагае нас і ўзмацняе Сваёй любоўю.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

P.S. Шаноўныя вернікі! Калі ласка, уважліва прачытайце інфармацыю адносна святкавання Радаўніцы 27 і 28 красавіка 2020 года.