Почему на Радуницу не стоит нести на кладбище искусственные цветы и есть ли альтернатива?

Ужо праз некалькі дзён могілкі па ўсёй краіне патонуць у тонах штучных кветак. З выгляду бяскрыўдныя пластыкавыя кветкі наносяць вялікую шкоду прыродзе і небяспечныя для чалавека.

— У гэтым годзе ў Беларусі Радаўніцу — час памінання памерлых — адзначаюць 28 красавіка, — гаворыць благачынны цэркваў Карэліцкай агругі Мікалай Орса. — У гэты дзень беларусы аддаюць даніну павагі блізкім, пайшоўшым у іншы свет. Менавіта для наведвання і прывядзення ў парадак месцаў пахаванняў на дзяржаўным узроўні ўсталяваны выхадны. Яшчэ дзесяцігоддзе таму ў нашай краіне не было такой разбуральнай традыцыі, як прыносіць для ўпрыгожвання на могілкі пластыкавыя кветкі. Раней павязвалі на помнікі і крыжы ручнікі і стужкі, саджалі жывыя кветкі і дрэвы. Альтэрнатывай пластыку павінны стаць жывыя кветкі ў гаршчочках, мнагалетнікі, высаджаныя ў грунт, карлікавыя хмызнякі, газонная трава, свечкі, стужкі з тканіны.

— Набываючы штучныя кветкі, мы, па сутнасці, купляем смецце, якое пасля наносіць шкоду прыродзе, выдзяляючы таксічныя рэчывы, забруджваючы глебу, паветра і грунтовыя воды, — расказвае начальнік Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілій Ляўковіч. — Калі штучныя кветкі прыходзяць у непрыдатнасць, людзі іх выкідваюць. Штогод пасля святаў на палігоны цвёрдых камунальных адходаў вывозяць каля 1 мільёна пластыкавых кветак. Тэрмін іх распаду — ад ста да пяцісот гадоў. Другаснай апрацоўцы яны не падлягаюць.

Горш, калі гэтыя кветкі спальваюць. Пры іх спальванні ў навакольнае асяроддзе вылучаюцца цяжкія металы і дыяксіны, якія негатыўна ўплываюць на здароўе людзей, а асабліва — на дзяцей.

Ужо больш за 15 гадоў на карэліцкім рытуальным прадпрыемстве «Милацвет» робяць кампазіцыі з натуральных сухацветаў і сувенірную прадукцыю з прыродных матэрыялаў. Асноўны асартымент — гэта абсалютна экалагічныя вянкі, карзінкі і кветкавыя кампазіцыі. Падчас працы над імі майстры не выкарыстоўваюць драцяны каркас, штучныя ялінкі, бутоны з пластыка. У ход ідзе вырашчаная на ўласных палях прадпрыемства сыравіна — цэлая лінейка сухацветаў. Бяссмертнік, стаціца, зёлкавыя культуры … Расліны сушаць у спецыяльных памяшканнях, а потым апрацоўваюць.

— Некаторыя пазіцыі з асартыменту прадпрыемства на 30 працэнтаў даражэй пластыкавых аналагаў. Менавіта гэта і бянтэжыць пакупнікоў, — расказвае дырэктар прадпрыемства Людміла Манкевіч. — Маўляў, адна справа — заплаціць за рытуальны вянок 20-30 рублёў, і зусім іншае — выкласці на траціну больш. Вядома, па «жывучасці» экафларыстыка прайграе кітайскаму пластыку, але, калі задумацца, і ён даволі хутка губляе яркасць, выгарае на сонцы і пакрываецца пылам. Розніца ў тым, што ад натуральнага вянка пасля ўтылізацыі застанецца толькі жменька попелу.

Акрамя кампазіцый з сухацветаў, ёсць выдатная альтэрнатыва — жывыя кветкі. На магілах блізкіх людзей можна пасадзіць кусцікі хрызантэмы, яны доўга квітнеюць. Нават самыя ўстойлівыя халады добра перанясуць невысокія іглічныя расліны. Таксама фларысты раяць звярнуць увагу на цыбульныя расліны: ландышы, нарцысы, гіяцынты, крокусы. Гэтыя мнагалетнікі не патрабуюць адмысловага догляду.

— Пластыкавыя кветкі хутка з рынку не сыдуць, гэта магутны бізнэс, — упэўнена Людміла Манкевіч. — Важна, каб людзі разумелі: ад экалогіі напрамую залежыць іх здароўе. І многія, асабліва маладое пакаленне, гэта ведаюць. Думаю, цягам прыкладна пяці гадоў агульнымі намаганнямі: эколагаў, царквы і фларыстаў — удасца ўкараніць у свядомасці людзей думку, што могілкі — гэта святое месца, а не месца ўтылізацыі.

Іна ЛЕЙКА