Как взрастить чемпионов и мастеров спорта международного класса, знают в кореличской гандбольной династии Малиновских

Большасць людзей спортам проста займаюцца, але ёсць і тыя, хто ім гараць і жывуць з пакалення ў пакаленне. Да такіх прафесіяналаў, глыбока адданых справе, належыць сям’я Маліноўскіх.

Гульня працягваецца

Калі вы ў Карэлічах скажаце слова “гандбол”, то размова абавязкова зойдзе пра трэнера з 40-гадовым стажам Міхаіла Маліноўскага. Яго выхаванцы абараняюць спартыўны гонар краіны на самых прэстыжных спаборніцтвах, а наш сціплы герой распавядае, як на пенсіі займаецца дачай і ўнукамі.

– А што тут асабліва расказваць? – бачна, што Міхаіл Уладзіміравіч не звык да інтэрв’ю, яму зручней на спартыўнай пляцоўцы, дзе прафесіяналізм даказваюць не словам, а справай. – Усё маё жыццё звязана з роднымі Карэлічамі і гандболам. Так павялося яшчэ са школы. Праўда, у дзяцінстве, апроч фізкультуры, яшчэ вельмі любіў біялогію. Таму ў мяне не было пытанняў, куды паступаць. Спачатку скончыў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, затым завочна – Інстытут фізічнай культуры ў Мінску.

Гаворка зайшла і пра асаблівага чалавека, які стаў для Міхаіла Маліноўскага настаўнікам у прафесіі і даў пуцёўку ў спартыўнае жыццё.

– Цяпер у гэта цяжка паверыць, але, калі я быў яшчэ школьнікам, урачы мне сказалі забыць пра спорт. Якраз ішлі 1970-я гады, у нашым раёне толькі пачынаў культывавацца гандбол і адкрывалася адпаведнае аддзяленне. Мікалай Савельевіч Карп, тады яшчэ трэнер, а ў будучым дырэктар спартыўнай школы ў Карэлічах, сказаў мне: “Дыягназ зразумелы, але давай паспрабуем”. Гэтыя словы сталі вырашальнымі ў маім жыцці. І вось ужо больш за 40 гадоў я ў спорце.

Міхаіл Уладзіміравіч годна працягнуў справу свайго першага трэнера. А на пытанне “як рэалізавацца ў такой няпростай прафесіі?”, упэўнена адказаў:

– Поспех працы трэнера залежыць як ад яго прафесіяналізму, так і ад матывацыі выхаванцаў. Асабліва яна важная, калі працуеш з дзецьмі і моладдзю. За дзесяцігоддзі, праведзеныя ў Карэліцкай спартыўнай школе, я гэта зразумеў дакладна. Яшчэ важна навучыць выхаванцаў правільна ставіцца да перамог і паразаў. Бо ў спорце не бывае ўсё роўна: ёсць спады, але тым радасней пад’ёмы. Сёння ты вяртаешся са спаборніцтваў з прызавым месцам, а заўтра назіраеш, як іншыя займаюць тваё месца на п’едэстале. Але пакуль ёсць воля да перамогі, гульня працягваецца, галоўнае – не здавацца. І калі мы прыязджалі на той жа чэмпіянат вобласці, бачылі перад сабой моцных супернікаў з буйных гарадоў, то не апускалі рукі, а ішлі да канца. У спорце не важна, ты з гарадскога пасёлка альбо з абласнога цэнтра, тут значэнне маюць твой характар і мэтанакіраванасць. І як вынік – на абласных чэмпіянатах мы перамагалі нават гродзенцаў.

Вядома, гаварыць пра трэнерскую працу і не закрануць тэму выхаванцаў немагчыма.

– Жадаючых займацца гандболам у Карэлічах заўжды было так шмат, што мне як трэнеру часам не хапала рук. Добра, што дапамагаў Пётр Лазарэвіч з Красненскай школы, – узгадвае былыя часы Міхаіл Маліноўскі. – Але такая насычаная праца прынесла багаты плён. За 40 гадоў мне пашчасціла выпусціць нямала юнакоў у спартыўнае жыццё, усіх не пералічыш. Прыемна, што яны дасягнулі значных вынікаў, сталі трэнерамі, заслужылі званне майстроў спорту, некаторыя нават міжнароднага класа, што ў гульнявых відах зрабіць надзвычай складана, прадстаўлялі нашу краіну на чэмпіянатах Еўропы і свету. Хочацца адзначыць Дзяніса Лейку, які з Сяргеем Гоўшам паспяхова выступаў у складзе гандбольнага клуба СКА-Мінск. Апроч таго, варта назваць Мікалая Гурына, Валерыя Лейку, Мікалая Гаваку, Сяргея Жука, Сяргея Бязмена, Дзмітрыя Лазарэвіча, Аляксандра Комара, Аляксандра Буцкевіча. І калі зараз іншыя мае выхаванцы чытаюць гэтыя радкі, хай не крыўдуюць, што не назваў іх, бо і газеты не хопіць, каб усе змясціліся, але кожны з вас, хлопцы, заслугоўвае самых добрых слоў.

Любоў да спорту ўклаў Міхаіл Уладзіміравіч і ў сваіх дзяцей.

– Мае сыны Аляксандр і Ігар таксама прайшлі праз гандбол, як і большасць родных. Толькі я трэніраваў заўжды хлопцаў, а мая сястра Тамара Прохар – дзяўчат. Зараз назіраем за нашымі ўнукамі і бачым, што ім таксама імпануе гандбол. Ганаруся і тым, што сын Аляксандр працягнуў маю справу ў Карэлічах, а Ігар, хоць і працуе ў структуры МНС у Мінску, але мае фізкультурную адукацыю і не парывае сувязь са спортам.

Актыўны лад жыцця вядзе на заслужаным адпачынку і сам Міхаіл Маліноўскі.

– На пенсіі падтрымліваць спартыўную форму дапамагаюць унукі, якія не могуць доўга сядзець на адным месцы. Іх увесь час цягне на вуліцу, на стадыён ці спартыўную пляцоўку. І яны паказваюць дзеду вельмі добры прыклад таго, што ў спорце няма пенсіі. Вось і калегам зычу ў сувязі з прафесійным святам жыць актыўна, бадзёра і радасна, трымаць выдатную спартыўную форму, умацоўваць здароўе і дасягаць высокіх вынікаў як у нашай агульнай справе, так і па жыцці!

Галоўнае – любіць прафесію і дзяцей

Эфектная і абаяльная Тамара Прохар, здаецца, разгадала сакрэт вечнай маладосці. Яна ўпэўнена: ён – у спорце. Нядзіўна, што ў роднай сястры Міхаіла Маліноўскага ўдала спалучаюцца жаноцкасць і валявы характар старшага трэнера-выкладчыка па гандболе ДЮСШ.

– У мяне з малых гадоў перад вачыма быў цудоўны прыклад улюбёнага ў спорт чалавека. Мой дзядзька Мікалай Іванавіч Каспяровіч займаў пасаду старшыні спорткамітэту і браў з сабой на розныя спаборніцтвы ды проста на стадыён. Узгадваю, як разам з ім мы каталіся на лыжах, хоць я была тады зусім маленькая. Запомнілася і тое, як ён вучыў мяне азам лёгкай атлетыкі. Затым у чацвёртым класе я прыйшла ў нашу спартыўную школу і там “захварэла” гандболам. Я на ўсё жыццё засталася ўдзячная сваім першым трэнерам Мікалаю Савельевічу Карпу і Георгію Рыгоравічу Марцюшаву. Іх вера ў мае здольнасці дапамагла мне ў свой час увайсці ў зборную вобласці, а затым і знайсці любімую справу. Нямала зрабілі для гэтага і мае школьныя настаўнікі фізкультуры – Зоя Іванаўна Данько і Аляксандр Аляксандравіч Шышэя. Добра памятаю, як нават падчас перапынкаў яны прыдумвалі для нас розныя спортхвілінкі, праводзілі рухомыя гульні. Таму прадказальна, што пасля школы я паступіла ў Гродзенскі тэхнікум фізкультуры.

Першым месцам працы Тамары Уладзіміраўны стала школа ў Луках, дзе яна была настаўнікам фізкультуры. У канца 1970-х гадоў прафесійная дарога прывяла яе ў Карэлічы ў спартыўную школу. З той пары і па сённяшні дзень Тамара Прохар рыхтуе да вялікіх перамог юных гандбалістак. А яе прафесійнае крэда гучыць так:

– Мая мэта як трэнера адначасова простая і складаная. Бо патрэбна, захоўваючы сяброўскія адносіны з дзяўчатамі, умець, калі трэба, праявіць строгасць. Я хачу, каб мае спартсменкі раслі здаровымі, моцнымі духам і фізічна, паспяховымі і прыгожымі. Гэта неверагоднае пачуццё, калі бачыш, як дзяўчынка раскрываецца. Яшчэ ўчора яна сумнявалася ў сабе і сваіх магчымасцях, а сёння ззяе, дасягае высокіх званняў, у тым ліку майстра спорту міжнароднага класа, і перамагае на айчынных і міжнародных пляцоўках.

Словы трэнера пацвярджаюць вынікі. Гандбалістак з Карэліч высока цэняць і адзначаюць на абласным і рэспубліканскім узроўнях, ахвотна бяруць у зборныя.Тамара Уладзіміраўна кажа, што будучыя спартыўныя зоркі ёсць практычна ў кожным яе выпуску.

– За 40 гадоў трэнерства было столькі таленавітых дзяўчат. Гэта Наталля Цвірка, Вераніка Гразоўская, Святлана Масюкевіч, Кацярына Бакей, Аляксандра Самец, Кацярына Смольская, Ірына Мокат, Наталля Гесць, Аляксандра Лазарэвіч, Аляксандра Вярбіцкая і многія іншыя. А мая выхаванка Святлана Вярбіцкая стала калегай – трэнерам-выкладчыкам Карэліцкай ДЮСШ. Юных спартсменаў вучаць і другія мае дзяўчаты: Аксана Саковіч у Гродне, Ірына Камароўская ў Лідзе. Усімі сваімі выхаванкамі ганаруся, стараюся, чым магу, дапамагчы, не толькі ў гандболе, але і ў асабістых справах, бо яны для мяне як родныя. У сваю чаргу, і я з задавальненнем з імі раюся наконт сучасных трэндаў ці гаджэтаў. Мы з імі, сапраўды, сям’я. Дарэчы, самыя старэйшыя з маіх выхаванак, якія засталіся ў Карэлічах, спачатку прыводзілі да мяне на трэніроўкі сваіх дзяцей, а цяпер ужо і ўнукаў.

Не злічыць і спаборніцтваў, дзе ўдала выступілі карэліцкія гандбалісткі пад кіраўніцтвам Тамары Прохар.

– Падзеі, якія асабліва запомніліся? Безумоўна, тыя, дзе мы перамаглі. Яшчэ з шэрагу спаборніцтваў вылучаю рэспубліканскі турнір па гандболе памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь майстра спорту міжнароднага класа Леаніда Гуско. Там мы, дарэчы, узялі першае месца.

Перамогай па жыцці Тамара Уладзіміраўна лічыць і тое, што ў іх сям’і вось ужо якое пакаленне жывуць спартыўныя традыцыі.

– Дзеці маіх брата і сястры маюць фізкультурную адукацыю і шмат часу прысвячаюць спорту. Вялікая радасць для мяне і тое, што дачка Вольга паспяхова працягвае нашу гандбольную дынастыю, таксама трэніруе дзяцей. Ды і сын Дзяніс застаецца верным актыўнаму ладу жыцця.

А найкаштоўным набыткам у спорце для Тамары Прохар сталі асаблівыя рэчы:

– Самае галоўнае тое, што, дзякуючы сваёй прафесіі, я магу рабіць штосьці важнае і карыснае для іншых людзей, даваць сваім выхаванкам стымул імкнуцца да новых вышыняў, каб ім было лягчэй у жыцці знайсці сваё месца. Бо кожнае дзіця, як тое маленькае дрэўца, якому патрэбны асаблівы догляд. І я ўдзячная сваім дзяўчатам і іх бацькам за тое, што яны разумеюць мой пасыл і падтрымліваюць ва ўсім. Калегі таксама надзейная апора ў прафесіі. У наша свята жадаю ім цярпення, поспехаў, веры ў сябе і сваіх выхаванцаў, моцнай любові да сваёй справы і нязгаснага жадання працаваць дзеля вялікіх мэтаў!

Гандбол у спадчыну

Звязаць жыццё са спортам трэнера-выкладчыка па гандболе Карэліцкай ДЮСШ Аляксандра Маліноўскага натхніў яго тата Міхаіл.

– Нават не помню, калі дакладна пачаў займацца спортам. Здаецца, як толькі навучыўся хадзіць. А дзесьці ў класе чацвёртым-пятым прыйшоў да таты на гандбол. Нам з братам ён увогуле даў выдатную падрыхтоўку, навучыў разбірацца ў самых розных відах спорту, таму цяпер мяне бяруць універсальным суддзёй практычна на ўсе раённыя спаборніцтвы. Тата быў і ёсць для мяне настаўнікам, з якім можна параіцца і атрымаць слушную параду. Не так навучальныя ўстановы, як менавіта ён заклаў ува мне практычныя веды трэнерскай працы. Хаця я вельмі ўдзячны сваім выкладчыкам з Мінскага педагагічнага каледжа і БДПУ імя Максіма Танка.

А пачаўся прафесійны шлях Аляксандра Маліноўскага з пасады настаўніка фізкультуры ў базавай школе ў вёсцы Смольчычы. Пасля чаго яго запрасілі трэнерам у Карэліцкую ДЮСШ, дзе спачатку каля шасці гадоў займаўся з юнымі гандбалістамі ў Красным, затым і па сённяшні дзень – у Карэлічах. Зараз Аляксандр працуе з трыма групамі дзяцей ад чацвёртага да дзясятага класа.

– Пра сваіх выхаванцаў магу сказаць толькі добрае. Усе яны маюць значны патэнцыял, здольныя і накіраваныя на перамогу. Нашы хлопцы заўжды гатовыя прыняць выклік ад самых сур’ёзных супернікаў. Ды і пасля ДЮСШ некаторыя з іх працягваюць прафесійна займацца спортам, атрымліваюць фізкультурную адукацыю, ідуць у трэнеры.

На пытанне “ці ёсць каму ў сям’і працягнуць дынастыю?” Аляксандр з усмешкай кажа, што яго старэйшая дачка Валерыя хоць і ходзіць толькі ў другі клас, але ўжо актыўна цікавіцца гандболам. А значыць ёсць вялікая надзея, што мы на Карэліччыне яшчэ не раз пачуем пра новыя перамогі сям’і Маліноўскіх.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара