Первым секретарем Кореличского РК ОО «БРСМ» избрана Аксинья Ждан
У мінулую пятніцу да абавязкаў першага сакратара Карэліцкага раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” прыступіла Аксіння ЖДАН.
Нарадзілася Аксіння Уладзіміраўна ў гарадскім пасёлку Карэлічы 9 студзеня 1997 года. Пасля школы паступіла ў Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж, які скончыла ў 2016 годзе па спецыяльнасці “банкаўская справа”. З 2017 па 2018 год працавала эканамістам цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела адукацыі, спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама, які з цягам часу быў перайменаваны ва ўпраўленне адукацыі раённага выканаўчага камітэта. З 2018 года Аксіння Ждан займала пасаду галоўнага бухгалтара РК ГА “БРСМ”, а са студзеня 2020 года – выконваючага абавязкі першага сакратара. Не замужам.
– Летам бягучага года моладзь Карэліччыны чакае шэраг цікавых падзей: ад працы ў студэнцкіх атрадах, дзе сёлета плануецца задзейнічаць каля двухсот юнакоў і дзяўчат, да актыўнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі Прэзідэнта Беларусі, – падзялілася планамі на перспектыву новы кіраўнік РК ГА “БРСМ”. – Да Дня Незалежнасці ўжо традыцыйна пройдзе акцыя “Кветкі Вялікай Перамогі”, падчас якой моладзь раёна будзе распаўсюджваць святочныя бутаньеркі. Не міне самых актыўных і акцыя па добраўпарадкаванні могілак і мясцовых мемарыялаў, таксама будзе аказана дапамога нашым ветэранам.
У жніўні прадстаўнікоў маладога пакалення чакае рэспубліканскі праект “Моладзь за ўраджай”, які традыцыйна збярэ дзясяткі актыўных і ініцыятыўных юнакоў, якія разам з вопытнымі хлебаробамі будуць змагацца за званне лепшых. Таксама ў планах РК ГА “БРСМ” – правядзенне такіх экалагічных акцый, як “Моладзь за чысціню гарадоў і сёлаў” і “Малым рэкам – вялікі клопат”, якія накіраваны на добраўпарадкаванне і навядзенне прыгажосці на малой радзіме.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара