Свята, у якім зліліся радасць і гора. Віншуем з Днём Перамогі ў нашым праекце «Вершы на свята»
Кранальны твор Пімена Панчанкі пра неўміручасць салдат і пра тое, як важна памятаць і шанаваць герояў Вялікай Айчыннай вайны,чытае для вас Аляксандра Літвінёнак.
Яна акторка Гродзенскага абласнога тэатра лялек, якая добра ўжываецца ў кожную са сваіх роляў.
Дарэчы, любоў да тэатральнага мастацтва пачала фарміравацца ў яе яшчэ ў дзяцінстве. Гэтаму, можна сказаць, паспрыялі яе бацькі, якія таксама працавалі ў тэатры.Таму дзяўчынка літаральна расла ў творчай атмасферы.
– У тэатры лялек я працую ўжо семнаццаць гадоў. У акцёраў ёсць такое паняцце, як «манкі». Гэта ўзбуджальнікі эмацыйнай памяці. Буру эмоцый у мяне, напрыклад, выклікаюць тры тэмы: мама, жывёлы і вайна… Калі казаць пра вайну, напрыклад, то яна выклікае ў мяне эмоцыі страху і жаху, – падзялілася Аляксандра Літвінёнак.
Акрамя таго, у Аляксандры ёсць свая тэатральная студыя, у якой навучаюцца акцёрскаму майстэрству дзеці ад трох да пятнаццаці гадоў.
Пімен Панчанка
Што даты? Гэта толькі вехі гісторыі.
А для салдат,
Чые навек закрыты вейкі,
Няма ўжо дат, ніякіх дат.
За рысай той – маўкліва, пуста,
І на дарогах крыжавых
Узводзім помнікі і бюсты
Мы не для іх, а для жывых.
І для дзяцей, каб не зблудзілі
У гушчары нікчэмных дат.
Каб памяць песні нарадзіла
Аб неўміручасці салдат.