В фойе районной библиотеки открылась фотовыставка, приуроченная к Международному дню защиты детей
Сёння, 29 мая, у фае Карэліцкай раённай бібліятэкі адкрылася выстава, прымеркаваная да Міжнароднага дня абароны дзяцей, які многія краіны свету адзначаюць першага чэрвеня. Аўтарам выставы выступіла праграміст Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, фотааматар Караліна Князькова.
Ганаровым госцем урачыстасці стаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, які падкрэсліў важнасць Міжнароднага дня абароны дзяцей:
– Тое, што робіцца ў Беларусі для дзяцей і падлеткаў, бачна не на словах, а на справе. Напрыклад, учора мы наведалі адзін з інтэрнатаў сталіцы, дзе не толькі павіншавалі дзетак з надыходзячым святам і падарылі спартыўны інвентар, але тым самым прыцягнулі ўвагу грамадскасці да праблемы сацыяльнага сіроцтва.
Зараз у Парламенце ідзе напружаная работа над шэрагам законапраектаў, сярод якіх – Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях, дзе адзін з важнейшых пунктаў датычыцца непаўналетніх, а мяне, як былога работніка сістэмы адукацыі, гэта хвалюе асабліва.
– Думаю, усе пагодзяцца з тым, што дзяцінства – лепшая пара ў жыцці чалавека, таму гэтая выстава з’яўляецца своеасаблівым напамінам пра тое, што кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы ў маленстве як ніколі патрэбны бацькоўская любоў, клопат і ўвага, – расказала падчас адкрыцця выставы аўтар Караліна Князькова.
Экспазіцыя ўяўляе сабой пятнаццаць фотаработ пад назвай “Дзяцінства – гэта…”, зробленых аўтарам за апошнія дванаццаць месяцаў. Кожны здымак – гэта напамін аб тым, з чаго складаецца жыццё кожнага чалавека, – з эмоцый, так ці інакш кранаючых душу. На выставе прадстаўлены дзеці рознага ўзросту – ад немаўлят да ўжо сфармаваных самастойных асоб.
Паглядзець работы можна будзе на працягу наступнага месяца ў фае Карэліцкай раённай бібліятэкі і анлайн.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара