Кореличские школьники ответили на самые сложные вопросы областной викторины к 75-летию Великой Победы и вошли в число победителей

Сёлета дзясяткі школьнікаў Гродзеншчыны аб’яднала абласная віктарына “Гэты дзень мы набліжалі, як маглі…”, прысвечаная 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Выдатныя веды ў яе межах прадэманстравалі вучні сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Зоі Бакей.

Дзесяцікласнік Мікіта Ляўковіч стаў лепшым як на раённым этапе віктарыны, так і на абласным. А яшчэ дапытлівага юнага гісторыка ўзнагародзілі каштоўным падарункам Гродзенскага абласнога савета ветэранаў – гадзіннікам. Такі поспех Мікіту парадаваў:

– Стаць пераможцам віктарыны ды яшчэ ў юбілейны год вельмі прыемна. Тым больш, у будучым я планую звязаць сваё жыццё з гісторыяй і далей займацца тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Сама ж віктарына складалася з 20 пытанняў. Асабіста для мяне яны былі цікавымі як з гістарычнага боку, так і статыстычнага. Што найбольш спадабалася? Гэта пытанне пра уклад Беларусі ў Вялікую Перамогу. Таксама шмат мне дала праца над тэмай пра беларусаў са званнем Герой Савецкага Саюза.

Моцныя ўражанні засталіся ад удзелу ў віктарыне ў дзевяцікласніц Юліі Даніўка і Карыны Звонка. На раённым этапе дзяўчаты ўзялі Дыплом ІІ ступені, а падчас узнагароджання адзначылі:

– Праца аказалася дастаткова складанай. Мы павінны былі асвятліць самыя розныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і адказаць, як яна праходзіла, хто ўдзельнічаў, якія былі наступствы. Інфармацыю шукалі ў падручніках, у інтэрнэце, у бібліятэцы. Шмат раіліся з Зояй Аркадзьеўнай Бакей – нашай настаўніцай гісторыі. Асабліва запомнілася пытанне пра жанчын на вайне і іх шлях да Вялікай Перамогі. Цікава было паглыбіцца ў тэму партызанскіх аб’яднанняў. У цэлым віктарына стала для нас карысным вопытам, бо мы праверылі свае веды і набылі новыя.

Даведка “Полымя”

На Карэліччыне раённы этап віктарыны праводзіўся пад патранажам упраўлення адукацыі райвыканкама, раённага савета ветэранаў, РК ГА “БРСМ”. Было разгледжана 8 работ з 7 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з іх 7 індывідуальных і 1 калектыўная. Пераможцамі сталі прадстаўнікі сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы – Мікіта Ляўковіч (1 месца), Юлія Даніўка і Карына Звонка (2 месца), сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы – Віялета Лісоўская (3 месца), Жухавіцкай сярэдняй школы – Эльвіра Аўчук (3 месца).

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара