Акция «Квітней, зямля маіх бацькоў!» в Кореличах открыла программу праздничных мероприятий ко Дню Независимости Республики Беларусь

1 ліпеня праграму святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адкрыла музычна-патрыятычная акцыя “Квітней, зямля маіх бацькоў!”

Летні настрой і цёплыя эмоцыі праз знаёмыя і любімыя мелодыі падарылі землякам артысты Карэліцкага РЦКіНТ. У першы дзень ліпеня яны ўладкавалі прыемны музычны сюрпрыз жыхарам і гасцям райцэнтра на пляцоўках каля магазінаў ПГУП “БелТавіс” па вуліцах Нягневіцкай, Кастрычніцкай і Гастэлы пры падтрымцы іх уладальніка Аляксандра Трусевіча.

Гледачы сустракалі кожны нумар гучнымі апладысментамі і шырокімі ўсмешкамі. Паслухаць добрыя песні ў кампаніі землякоў завітала на адну з імправізаваных канцэртных пляцовак і маладая пара – Юрыя і Марыя Кажанавы.

– Як толькі мы ўбачылі афішу, то адразу вырашылі, што абавязкова наведаем гэтае мерапрыемства разам з нашай гадавалай дачушкай Ганнай і пляменніцай Дар’яй Барабан. Цудоўная атмасфера, дынамічная музыка, запальныя выканаўцы. Бачыце, якія нашы дзяўчаткі радасныя, так танцуюць! – падзяліўся ўражаннямі Юрый. – Усе мы атрымалі задавальненне ад канцэртнай праграмы, дзе так удала падабралі песні на любы густ. Так што Дзень Незалежнасці Беларусі наша сям’я сустракае ў адмысловым настроі!

Фота Дзмітрыя Ненартовіча

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара