Кореличчанка Рита Яроцкая делится впечатлениями о «Славянском базаре в Витебске» и проекте «#Беларусь. Моладзь. Натхненне»
XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” зноў падарыў беларусам і гасцям нашай краіны шмат яркіх эмоцый. Уражаннямі ад грандыёзнай міжкультурнай падзеі дзеліцца мастацкі кіраўнік Карэліцкага РЦКіНТ Рыта Яроцкая.
– У Дзень моладзі на “Славянскім базары ў Віцебску” быў дадзены старт праекту “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”, арганізаванаму Міністэрствам адукацыі, БРСМ і Беларускай чыгункай. Мне пашчасціла разам з юнакамі і дзяўчатамі з розных куткоў рэспублікі адправіцца ў гэтую незвычайную вандроўку ў цягніку па нашай прыгожай краіне. Усяго нас падарожнічае каля 100 чалавек. Гэта таленавітыя навучэнцы, студэнты, маладыя вучоныя, спартсмены, працуючая і вясковая моладзь, удзельнікі студатрадаўская руху, валанцёры. У нашым маршруце, апроч Віцебска, значацца Шклоў, Магілёў, Гомель, Пінск, Брэст, Гродна, Маладзечна, а фінішнай кропкай стане 25 ліпеня Мінск. Для мяне, як і для ўсіх удзельнікаў праекта, гэта выключная магчымасць нанова адкрыць для сябе хараство Беларусі, пазнаёміцца са знакавымі аб’ектамі нашай краіны – як гістарычнымі, так і створанымі ў сучаснай незалежнай рэспубліцы, аддаць даніну памяці героям Вялікай Айчыннай вайны. Важная частка праграмы – адкрытыя дыялогі, сустрэчы з кіраўнікамі розных ведамстваў, дэпутатамі, лідарамі грамадскіх арганізацый.
Але хачу асобна спыніцца на тым, як усё пачыналася. У першы дзень праекта ў фестывальным Віцебску нас чакаў прыемны сюрпрыз ад арганізатараў: кожнай дэлегацыі падарылі білеты на канцэрт “Жывая музыка кіно”, што адбыўся ў межах міжнароднага культурнага форуму. Адзначу, што большасць з нас апынулася на фестывалі ўпершыню. Мы былі ўражаны канцэпцыяй і рэжысёрскай задумкай падзеі. У прыватнасці, я атрымала магчымасць убачыць зладжаную працу вялікай каманды абсалютна творчых і ўлюбёных у сваю справу людзей. Таксама шмат цікавага я даведалася з адкрытага дыялога “Беларусь: учора, сёння, заўтра” з дырэктарам фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” Глебам Лапіцкім. Ён распавёў пра сакрэты сваёй працы, творчыя дасягненні і пра тое, як важна пастаянна самаразвівацца, каб мець высокія вынікі. У цэлым, працягам дня для нас падрыхтавалі вельмі насычаную праграму, якая пакінула незабыўныя ўражанні і эмоцыі пра віцебскую зямлю. Мы нават не заўважылі, як настаў вечар. Радасныя і бадзёрыя мы накіраваліся начным парадам ад плошчы Перамогі да чыгуначнага вакзала “Віцебск”, адкуль наш маладзёжны цягнік вырушыў у неверагоднае падарожжа. Зараз яно працягваецца і дорыць нам шмат чароўных момантаў!
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Рыты ЯРОЦКАЙ