Мнения кореличчан о том, как изменились некоторые улицы в райцентре

У апошнія некалькі месяцаў жыхары дамоў па вуліцах Прытыцкага і Савецкай у райцэнтры адчулі значныя змены ў сваіх дварах. Тут аднавілі асфальтнае пакрыццё, паклалі тратуары, бардзюры.

Як паведаміў начальнік планава-вытворчага аддзела Карэліцкага ДРБУ-158 Юрый Бабанскі, на ўчастку ад Прытыцкага, 1 да Савецкай, 23 палажылі 2208 квадратаў дарожнага асфальта-бетоннага пакрыцця на агульную суму ў 48,5 тысячы рублёў. Не засталіся ў баку і работнікі Карэліцкага РУП ЖКГ, якія распачалі работы яшчэ ў лістападзе мінулага года. За гэты час на ўчастку з’явіліся дзве пашыраныя аўтастаянкі для транспарту, пакладзена каля 220 метраў квадратных тратуарнай пліткі.

А што думаюць самі жыхары вуліц пра добраўпарадкаванне?

Таццяна ВЫСОЦКАЯ,
жыхарка дома №21 па вуліцы Савецкай:

– Калі параўнаць цяпершані стан двара з тым, што было раней, гэта неба і зямля. Нам нарэшце палажылі асфальт: цяпер можна будзе не хвалявацца за бяспеку дзяцей, якія часта гуляюць на вуліцы. Ды і старэйшаму пакаленню, вядома, стала прасцей: адна справа хадзіць па ямінах і зусім іншая – па роўненькай дарозе. Увогуле, зараз выходзіш на вуліцу, любуешся і думаеш: сапраўдны праспект!

Ірына БУДЗЕЙКА,
жыхарка дома № 5 па вуліцы Прытыцкага:

– Гэтых зменаў мы чакалі даўно. Цяпер, калі і тратуар палажылі, і пад’езды пафарбавалі, прыемна нават у акно выглянуць: такая прыгажосць! Разам з новым асфальтам мы атрымалі тратуары, бардзюры, – насамрэч стала лепш. Што тычыцца майго пад’езда, то каля яго заўжды была лужына, якой цяпер, як бачыце, і след прастыў.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара