Ремесленник из деревни Лядки Сергей Упировец: «И дня не могу прожить, чтобы не взять в руки стамеску»
Гледзячы на адмысловыя разьбяныя шкатулкі, арыгінальныя драўляныя ключніцы, маляўнічыя яйкі Фабержэ таленавітага рамесніка Сяргея Упіраўца з в. Лядкі Ярэміцкага сельсавета, як здзіўляешся: як звычайны кавалак драўніны можна ператварыць у сапраўдны твор мастацтва?
На Карэліччыну мужчына трапіў воляй лёсу 15 гадоў назад. Нарадзіўся ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, служыў у Запаляр’і, працаваў на нафтаперапрацоўчым прадпрыемстве ў Рэчыцы.
– Прыехаўшы аднойчы на Карэліччыну, тут і застаўся, – дзеліцца Сяргей Упіравец. – Ведаеце, менавіта тут я змог поўнасцю аддацца свайму хобі – разьбе па дрэве. Жаданне выразаць з драўніны ў мяне было заўсёды, але часта не было магчымасці. На Ярэміччыне каля 10 гадоў адпрацаваў на ферме ў Лядках. Не сакрэт, што праца ў жывёлагадоўлі вельмі цяжкая. Пачало падводзіць здароўе, таму вымушаны быў звольніцца. Вярнуцца да разьбы дапамог выпадак: родныя падарылі карысную літаратуру “Мастацкая разьба па дрэве”. Затым у якасці падарунка атрымаў набор стамесак для прафесійнай дзейнасці пад назвай “Таццянка”. Менавіта так называецца стыль, у якім працую.
Тры гады назад Сяргей Упіравец, які сёння з’яўляецца членам Савета мастакоў і майстроў Цэнтра БелКультуры, зарэгістраваўся ў якасці рамесніка. Пэўны час мужчына прапаноўваў набыць свае вырабы наведвальнікам Мірскага замка. Аднак з-за пандэміі часова прыпыніў гандаль ля сцен старажытных муроў. Тым не менш работы майстра застаюцца запатрабаванымі. Замовіць шкатулку альбо ключніцу можна па тэлефоне.
– У асноўным тэлефануюць мінчане, робяць заказ, выказваюць свае пажаданні, якія я ўвасабляю ў жыццё, – адзначае Сяргей Упіравец. – Увогуле цяжка падлічыць, колькі работ ужо выразаў. Больш за 500 дакладна будзе. Над адной шкатулкай працую дзесьці чатыры дні. Зразумела, усё залежыць ад складанасці выраба. Якая цана? Шкатулку сярэдніх памераў прадаю за 60-70 рублёў. Асноўнымі пакупнікамі каля сцен Мірскага замка былі турысты з Еўропы. Расіяне і беларусы таксама не заставаліся раўнадушнымі. Зразумела, гандаль як латарэя: бывае, цэлы дзень прастаіш і ніводнай не прадасі. Таму асаблівага заробку маё хобі не прыносіць. Але дае мне маральнае задавальненне, калі працую, а таксама трымаю ў руках гатовы выраб.
Пазнаёміцца з драўлянымі шэдэўрамі ярэміцкага майстра ўжо змаглі наведвальнікі персанальных выстаў Сяргея Упіраўца ў Лагойску, Маладзечне, шпіталі ў Бараўлянах. Вялікую дапамогу ў іх арганізацыі аказвае кіраўнік сталічнага клуба мастакоў-энтузіястаў Аляксандр Лейка, які таксама дасылае ярэміцкаму рамесніку навінкі літаратуры. Яны ў сваю чаргу натхняюць майстра на стварэнне новых твораў мастацтва.
– Ведаеце, не магу і дня пражыць, каб не ўзяць у рукі стамеску, – дзеліцца Сяргей Упіравец. – Працуючы, атрымліваю задавальненне. А яшчэ мяне цешыць думка, што мае вырабы будуць упрыгожваць дамашні інтэр’ер пакупнікоў і радаваць іх вока.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара