По среднему удою от коровы Кореличский район находится на четвертой позиции среди 17 районов Гродненщины

Па выніках работы жывёлагадоўчай галіны за першае паўгоддзе бягучага года сярод 17 раёнаў Гродзеншчыны Карэліччына знаходзіцца на чацвёртай пазіцыі па такім паказчыку, як сярэдні надой ад каровы. Пры сярэднеабласной лічбе 3051 кг карэліцкія жывёлаводы атрымалі 3185 кг малака ад каровы, дадаўшы 126 кг да ўзроўню 2019 года. Зразумела, што канчатковы вынік ствараецца агульнымі намаганнямі вялікай каманды жывёлаводаў раёна, сярод якіх і калектыў МТФ “Машэвічы” КСУП “Малюшычы”.

Калектыў МТФ «Машэвічы»

Малочнатаварная ферма “Машэвічы” далёка не новая. Адзін з будынкаў фермы быў пабудаваны ў 1989 годзе, астатнія – у 2003 годзе. Каровы знаходзяцца на прывязным утрыманні, працуе лінейная дойка. Нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, МТФ “Машэвічы”, на якой утрымліваецца 376 галоў дойнага статку, паказвае добрыя вынікі: валавы надой за дзень складае 7500 кг малака пры сярэднясутачным надоі ад каровы 19,9 кг. 80% сыравіны здаецца вышэйшым гатункам.

– Для таго, каб здаваць дзяржаве малако гатункам “экстра”, неабходна нямала зрабіць, – адзначае намеснік дырэктара КСУП “Малюшычы” Міхаіл Валчэцкі. – Па-першае, палепшыць умовы ўтрымання жывёл. Першыя крокі ўжо зроблены. На сённяшні дзень рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі фермы, якая будзе праведзена ў два этапы за асабістыя сродкі гаспадаркі. У 2021 годзе плануем пабудаваць даільны блок і выканаць рэканструкцыю аднаго кароўніка. Падчас другога этапу будзе пабудаваны новы кароўнік, яшчэ адзін – рэканструяваны. Такія змены дазволяць павялічыць пагалоўе дойнага статку да 600 галоў і палепшыць якасць атрымліваемай прадукцыі. Увогуле, самае галоўнае ў жывёлагадоўлі – строгае выкананне тэхналогіі. Без гэтага нікуды.

У той жа час немалаважным быў і застаецца чалавечы фактар. Своечасовае кармленне і догляд за жывёламі, выкананне гігіенічных нормаў пры ўтрыманні і даенні – усё гэта кладзецца на плечы работнікаў жывёлагадоўчага аб’екта.

– Калектыў фермы – 30 чалавек, у кожнага з якіх пэўнае кола абавязкаў, – расказвае Алена Кавальчук, якая працуе загадчыкам МТФ “Машэвічы” ўжо 10 гадоў. – Працуюць 9 аператараў машыннага даення – 8 асноўных і адна падменная даярка. У перадавіках – Тамара Арцюх, якая з пачатку года надаіла больш за 4200 кг малака, Наталля Марцінкевіч і Таццяна Каратай, якія атрымалі 4160 кг і 3700 кг адпаведна. За кожнай даяркай замацавана група кароў, у якой налічваецца да 50 жывёл.

Цялятніца Алена Жэздрын

Не сакрэт, што колькасць і якасць надоенага малака напрамую залежаць ад кармлення рагуль. Таму ў гаспадарцы вялікая ўвага надаецца нарыхтоўцы кармоў. Дарэчы, сёлетняя корманарыхтоўчая кампанія ў гаспадарцы праходзіць надзвычай паспяхова.

– Нарыхтоўка кармоў бягучага года яшчэ працягваецца, аднак ужо нарыхтавана 14691 тона сенажу, альбо 116% да плана, – расказвае Міхаіл Валчэцкі. – Працягваем сушыць сена, якога на сённяшні дзень маем 440 тон. У цэлым нарыхтавана 17,1 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Кукуруза на палях выглядае добра. Таму з планам па нарыхтоўцы сіласу таксама павінны справіцца. Увогуле наша задача – з часам перайсці на аднатыпнае кармленне, што будзе спрыяць стабільнасці ў вытворчасці малака. Пакуль што ў рацыён жывёл дабаўляем зялёную масу і выганяем дойны статак на начную пасьбу, якая спрыяе патанненню малочнай прадукцыі і аздараўленню рагуль.

 

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара