Равнодушию нет места. Сотни кореличчан присоединились к акции «За сильную и процветающую Беларусь!» (+видео)

Карэліччане за моцную, непадзельную, незалежную Беларусь! Мы за цішыню, мір і спакой у нашай краіне! Жыхары карэліцкай зямлі хочуць бачыць родную зямлю чыстай, утульнай і дагледжанай. Менавіта таму сотні карэлічан, не лічачыся з асабістым часам, па закліку душы, з адкрытым сэрцам і святочным настроем прынялі ўдзел у акцыі-канцэрце «За моцную і квітнеючую Беларусь!», якая адбылася на стадыёне «Юнацтва» ў райцэнтры.

 

Педагогі, медыкі, работнікі сельскагаспадарчай і прамысловай сфер раёна, прадстаўнікі устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў Карэліччыны… Усе тыя, хто далучыўся да патрыятычнай акцыі, хочуць не «залатых гор», а простых рэчаў, якія не вымяраюцца грашыма, – стабільнасці, мірнага неба над галавой, упэўненасці ў заўтрашнім дні.

9 мая Карэліччына разам з усёй краінай адсвяткавала 75-годдзе Вялікай Перамогі. У гэты дзень да абеліскаў і помнікаў загінулым у гады вайны ляглі кветкі як даніна памяці і павагі тым героям, якія цаной асабістага жыцця заваявалі мір на зямлі. І вось сёння, праз дзесяцігоддзі спакою, развіцця і росквіту краіны, дарагім для кожнага беларуса ізноў становіцца слова «мір».

Ад імя 9 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія сёння жывуць на Карэліччыне, да ўсіх прысутных звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Яфрэмава.
– Нашы ветэраны зведалі нямала выпрабаванняў ваеннага ліхалецця. Але сёння яны ў страі, і больш за ўсё хочуць міру і цішыні на планеце, у нашай роднай краіне. Мне двойчы пашчасціла сустракацца з нашым Прэзідэнтам. І я з упэўненасцю магу сказаць, што гэта разумны кіраўнік, інтэлектуальны і ініцыятыўны чалавек, які ведае, чым жыве беларускі народ, і робіць усё для росквіту нашай краіны.

Эмацыянальна, не хаваючы хваляванняў, звярнуліся да ўдзельнікаў акцыі дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Дзмітрый Арцюх, жыхаркі г.п. Карэлічы Алена Шабан і Зінаіда Ардзюк, мастацкі кіраўнік раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Рыта Яроцкая. У сваю чаргу карэліччане, якія сабраліся на стадыёне, падтрымлівалі выступоўцаў гучнымі апладысментамі і скандзіравалі: «За Беларусь!».

Прадстаўнікі мясцовай улады далучыліся да карэліччан і выказалі сваё меркаванне аб сітуацыі ў краіне.
– Сёння са сцэны вельмі часта гучыць слова «неабыякавасць». І гэта вельмі важна, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. – Бо кожны з нас сёння неабыякавы да таго, што адбываецца на вуліцах нашай краіны. Мы сабраліся тут, каб адкрыта сказаць пра тое, што нам не ўсё роўна, як мы і нашы дзеці будзем жыць далей, у якой краіне будзем будаваць будучыню. Я заклікаю ўсіх цвяроза ацаніць становішча і зрабіць правільны выбар, выбар на карысць міру і стабільнасці. Кожны з нас хоча пераменаў. Але перамены бываюць розныя – пазітыўныя і негатыўныя. Я вельмі хачу, каб наша краіна заўсёды ішла па шляху стварэння, развівалася і квітнела. І не забывайце напоўненыя глыбокім сэнсам выразы: «Добра там, дзе нас няма», «Што маем – не захоўваем, страціўшы – плачам». Дык давайце шанаваць і захоўваць тое, што ў нас ёсць і чым ганарыцца Рэспубліка Беларусь.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў шчыра падзякаваў усім прысутным за актыўную грамадзянскую пазіцыю.
– Мы падтрымліваем нашу свабодную і незалежную Беларусь. Не так даўно мы выказалі свае словы падтрымкі любімай краіне на мерапрыемствах у Мінску і Гродна. Сёння мы робім тое ж самае на акцыі ў родным пасёлку. Я ўпэўнены, што ўсе існуючыя пытанні павінны вырашацца за сталом перамоваў, а не на вулічных акцыях і пратэстах. Я ведаю, што беларусы годна выйдуць з сітуацыі, якая склалася ў краіне, і будуць плённа працаваць на карысць нашай квітнеючай Беларусі. Пакуль мы адзіныя, мы – непераможныя. І ў гэтым моц беларускага народа.

Падчас мерапрыемства са святочнай сцэны гучалі шчырыя прызнанні ў любові роднай краіне. Да таго ж нямала цёплых слоў і пажаданняў пакінулі госці мерапрыемства на папяровым сэрцы з беларускім арнаментам. Арганізатары акцыі падрыхтавалі яе ўдзельнікам шэраг сюрпрызаў і магчымасцей: пазнаёміцца з выставай-продажам вырабаў майстроў народнай творчасці, прыняць удзел у майстар-класе па ткацтве паясоў, зрабіць фотаздымак на фотазоне “Скарбы сялянскай хаты” і падсілкавацца стравамі беларускай кухні.

Не хаваючы эмоцый, карэліччане дзяліліся сваімі думкамі і меркаваннямі.

Алена ПАНЬКО, бухгалтар КСУП “Лукі-Агра”:
– Балюча і страшна глядзець на усе тыя мітынгі і пратэсты, якія на працягу апошніх двух тыдняў адбываюцца ў краіне. Асабіста мне хочацца выказаць словы падзякі дзеючаму Прэзідэнту за тое, што мы жывём пад мірным небам, спакойна працуем і выхоўваем дзяцей. Хочацца, каб і надалей Беларусь развівалася і дасягала новых вяршынь.

Дзіяна РАКАЧ, настаўнік Турэцкага ВПК дзіцячы сад – СШ:
– Сёння кожны з нас хоча жыць у міры, быць спакойным за нашых дзяцей, якім мы жадаем толькі светлай будучыні. Сітуацыя, калі беларусы падзяліліся на два лагера, настарожвае і палохае. На мой погляд, выхад адзіны: сесці за стол перамоваў і знайсці кампраміс. Мы павінны паважліва ставіцца да роднай Беларусі, нашай малой радзімы, якая нас узгадавала.

Дзмітрый УТКІН, памочнік упраўляючага МТФ “Малюшычы”:
– У 1999 годзе я з бацькамі пераехаў у Беларусь з Казахстана, дзе было сапраўды цяжка жыць. На беларускай зямлі я хадзіў у школу, служыў у арміі. Тут жа сёння працую. У мяне ёсць сям’я, дом, які мне выдзеліла гаспадарка, зарплата, мірнае неба над галавой. А што яшчэ трэба для шчаслівага жыцця?
Уладзімір ГІЗ, слесар КСУП “Малюшычы”:
– Я скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Вучыўся на бюджэтнай форме, таму вышэўшую адукацыю я атрымаў бясплатна. На мой погляд, для моладзі ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, развіцця і раскрыцця сваіх здольнасцей. Трэба толькі мець жаданне.

Служба інформацыі «Полымя»