14 августа Кореличский государственный строительный профессиональный лицей отметил 45-летие
У сярэдзіне жніўня Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй адзначыў 45-годдзе. Нягледзячы на тое, што першыя навучэнцы селі за парты ў лютым 1976 года, афіцыйныя дакументы сведчаць аб тым, што менавіта 14 жніўня – дзень адкрыцця вучылішча.
Загадам старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па прафтэхадукацыі і Міністра сельскай будоўлі Беларускай ССР ад 14 жніўня 1975 года ў г.п. Карэлічы было адкрыта гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча на базе абласнога ўпраўлення “Гроднасельбуд”. Вучылішча створана з мэтай павелічэння падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых для будаўнічых арганізацый Міністэрства сельскай будоўлі БССР.
У лютым 1976 года ва ўстанове адукацыі зазвінелі галасы першых навучэнцаў. У групе № 1 па спецыяльнасці муляр адукацыю атрымлівалі 30 чалавек, у групе № 2 навучанне праходзілі 32 будучыя тынкоўшчыкі. З 1 верасня 1976 года ў вучылішча было залічана 210 навучэнцаў на аснове базавай адукацыі і 30 чалавек на аснове сярэдняй адукацыі па наступных спецыяльнасцях: муляр-мантажнік канструкцый; тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік; тры групы маляроў (будаўнічых); сталяр (будаўнічы); слесар (будаўнічы); мантажнік па мантажы стальных і жалезабетонных канструкцый з уменнем выконваць электразварачныя работы.
У вучэбным корпусе былі абсталяваны 9 кабінетаў, бібліятэка на 50 месцаў, спартыўная і актавая залы. Пабудаваны інтэрнат на 240 месцаў, сталовая.
За час існавання навучальная ўстанова неаднаразова мяняла назву. Так, у 1976 годзе яна набыла статус у сярэдняга гарадскога прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 125 будаўнікоў. З 1984 года зноў стала называцца сярэднім прафесійна-тэхнічным вучылішчам (СПТВ), а з 1990 года – прафесійна-тэхнічным вучылішчам № 125 будаўнікоў. У 2010 годзе ўстанова адукацыі перайменавана ў Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй.
1 студзеня 1993 года ў вучылішча былі пераведзены міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат і аддзяленне дапрафесійнай падрыхтоўкі вучняў школ. Тут вучні 9-га класа мелі магчымасць пазнаёміцца з рабочымі прафесіямі, а 10-га класа – займацца па двухгадовай праграме і па жаданні здаць экзамены на атрыманне рабочых спецыяльнасцей.
З вялікай цікавасцю навучэнцы займаліся па спецыяльнасцях вадзіцель катэгорыі “С”, “В”, трактарыст катэгорыі “А”, памочнік выхавальніка дзіцячага сада, швачка-матарыстка. У вучылішчы былі створаны ўсе ўмовы для вучобы і адпачынку, працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці, лекторый “Здароўе”. Штогод праводзіліся конкурсы букетаў і вырабаў з прыроднага матэрыялу “Асенні букет”, “Алё, мы шукаем таленты” і інш. Навучэнцы вучылішча штогод прымалі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, спартыўных спаборніцтвах.
З моманту адкрыцця на чале навучальнай установы стаялі дырэктары Канстанцін Сцяпанавіч Шчэрбіч, Леанід Міхайлавіч Кулеша, Фёдар Уладзіміравіч Куляка, Сямён Сяргеевіч Гімпель, Генадзій Паўлавіч Бычко, Сяргей Вячаслававіч Тур і Генадзій Мікалаевіч Арцюх.
Больш за 30 гадоў прысвяціў працы ў Карэліцкім вучылішчы Сямён Сяргеевіч Гімпель. З 1 сакавіка 1979 года па жнівень 1996 года працаваў у якасці намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Наступныя 13 гадоў быў дырэктарам навучальнай установы. Сямён Сяргеевіч падзяліўся сваімі ўспамінамі.
– Для таго, каб вучылішча паспяхова працавала і развівалася, мы імкнуліся адкрыць новыя спецыяльнасці, павялічыць колькасць навучэнцаў. Іх шукалі самі. Як толькі ў сакавіку ў рабят заканчваліся заняткі і яны ішлі на вытворчую практыку, я разам з педагогамі з агітбрыгады “Мастерок” праводзілі шырокую прафарыентацыйную работу. Ездзілі па школах раёна, вобласці і рэспублікі, сустракаліся з вучнямі старэйшых класаў, расказвалі аб існуючых у вучылішчы спецыяльнасцях, імкнуліся зацікавіць будучых абітурыентаў. Плённа працавала прыёмная камісія. Калі бачылі, што па балах абітурыент не праходзіць на тую ці іншую спецыяльнасць, знаёмілі яго з іншымі прафесіямі, якія можна атрымаць у вучылішчы. Часта юнакі так і рабілі – выбіралі іншую спецыяльнасць і вучыліся ў нас.
Геаграфія навучэнцаў была вельмі шырокай. Адразу скажу, што ўсе іншагароднія юнакі і дзяўчаты забяспечваліся інтэрнатам. Да нас прыязджалі вучыцца з Навагрудка, Бярозаўкі, Ліды, Дзятлава, Ашмян, Узды, Нясвіжскага, Баранавіцкага і Стаўбцоўскага раёнаў. А колькі карэліцкіх рабят у вучылішчы атрымалі прафесію! Сёння на Карэліччыне, бадай што, няма ніводнага прадпрыемства, арганізацыі, дзе б не працавалі нашы выпускнікі. Вучыліся ў нас і юнакі, і дзяўчаты. Апошнія выбіралі ў асноўным такія спецыяльнасці, як прадавец, лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу, швачка. Аднак памятаю нашу навучэнку, якая паспяхова атрымала спецыяльнасць зваршчыка, падчас навучання прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства і сваё жыццё звязала менавіта з гэтай прафесіяй.
Заўсёды быў упэўнены, што кадры вырашаюць усё. У гэтым плане мне пашанцавала. У вучылішчы склаўся моцны педагагічны калектыў. Для многіх педагогаў і майстроў вытворчага навучання Карэліцкае вучылішча стала адзіным месцам працы. У сценах навучальнай установы яны рабілі першыя крокі ў прафесію, адсюль ішлі на заслужаны адпачынак. Адпаведна высокакваліфікаваныя педагогі давалі трывалую базу ведаў навучэнцам. Увогуле для рабят былі створаны ўсе ўмовы як для навучання, так і ўсебаковага развіцця.
Мы добра разумелі, што вучыцца да нас прыходзяць падлеткі ў тым узросце, у якім вельмі шмат спакус. Да таго ж былі рабяты з сем’яў, дзе бацькі злоўжывалі спіртным. Таму ў вучылішчы былі строгая дысцыпліна і пэўны распарадак дня. Імкнуліся насыціць вольны час навучэнцаў культурнымі мерапрыемствамі, самадзейнасцю, спартыўнымі спаборніцтвамі. Падлеткі з задавальненнем прымалі ўдзел у турыстычных злётах, асенніх сельскагаспадарчых работах у калгасах раёна. У вучылішчы быў духавы аркестр і інструментальны ансамбль, у якіх навучэнцы маглі развіваць свае музычныя здольнасці. У 1991 годзе каманда Карэліцкага вучылішча заняла другое месца ў Рэспубліканскіх сацыялістычных спаборніцтвах. У якасці прыза 15 навучэнцаў атрымалі пуцёўкі ва Усесаюзны аздараўленчы лагер у г. Анапа. Падчас экскурсій навучэнцы наведвалі гарады былога Савецкага саюза. Вось такім цікавым і насычаным быў вольны час навучэнцаў Карэліцкага вучылішча.
З 23 жніўня 2016 года дырэктарам Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя з’яўляецца Генадзій Мікалаевіч Арцюх, які з задавальненнем распавядае аб поспехах і дасягненнях сённяшніх навучэнцаў.
– Нашы навучэнцы з’яўляюцца пастаяннымі і паспяховымі ўдзельнікамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, – адзначае Генадзій Арцюх. – Так, у 2019-2020 навучальным годзе нашы рабяты занялі трэцяе месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Не гасне летапіс перамог” у намінацыі “Зорачка на карце раёна” ў рамках патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе – 75!”, другое месца ў першынстве раёна па цяжкай атлетыцы сярод юнакоў 2003-2004 г.н. Да таго ж за вынаходніцтва зерневай сеялкі навучэнцы ўдастоены дыплома трэцяй ступені ў заключным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, за распрацоўку і выраб серыі святочных упрыгожванняў у рамках абласнога конкурсу “ТехноЕлка” – дыплома трэцяй ступені. Дасягненні і поспехі навучэнцаў ліцэя можна пералічваць бясконца. Увогуле, кожны навучальны год прыносіць шэраг перамог, за якімі стаяць намаганні і плённая сумесная праца рабят з педагогамі. Карыстаючыся момантам, хочацца нагадаць абітурыентам, што ў нашай навучальнай установе прыём дакументаў падоўжаны да 15 верасня. У кожнага жадаючага яшчэ ёсць шанс стаць навучэнцам ліцэя, падаўшы дакументы на адну з трох спецыяльнасцей – электрагазазваршчык, тынкоўшчык, маляр; кантралёр-касір, прадавец; вадзіцель крана аўтамабільнага, вадзіцель аўтамабіля, слесар па рамонце аўтамабіляў.
Аксана ЯНУШ
Фота з архіва Карэліцкага прафтэхліцэя