Гісторыя беларускай камсамольскай арганізацыі. Выстава “Маладосць” адкрылася ў сталічным Нацыянальным гістарычным музеі
24 верасня 1920 года I Усебеларускім з’ездам камсамола быў створаны Камуністычны саюз моладзі Беларусі (КСМБ). Менавіта з гэтай даты пачынаецца дзейнасць моладзевай арганізацыі, і гэты дзень адзначаецца ў якасці дня яе заснавання.
Дадзены праект – гэта не проста храналогія і сухі пералік фактаў. Каштоўнасць яго ў тым, што ў год стагоддзя арганізацыі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь абуджае настальгічныя ўспаміны аб камсамольскіх гадах у тых наведвальнікаў, каму давялося быць членамі камуністычнага саюза моладзі, а таксама агортвае яго атмасферай больш маладых гасцей.
Прадстаўленая выстава раскрывае асноўныя этапы станаўлення і развіцця дзейнасці беларускай камсамольскай арганізацыі. У ёй адлюстраваны перыяды зараджэння і першыя дзесяцігоддзі яе існавання, адлюстраваны ўклад камсамола ў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, асветлены тэмы пасляваеннага будаўніцтва, фестывальнага і будатрадаўскага руху.
На выставе прадстаўлены прадметы з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: дакументы, фотаздымкі і плакаты, а таксама прадметы быту, працы і вольнага часу, адзенне і асабістыя рэчы савецкіх людзей.
Выставачны праект рэалізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.