Сельская жизнь с городским комфортом: чем сегодня живет Лукский сельсовет

Эксперты ААН прагназуюць, што да 2050 года 70% насельніцтва планеты будуць гараджанамі. Сапраўды, колькасць беларусаў-вяскоўцаў імкліва скарачаецца. Калі ў 1991 годзе ў невялікіх вёсках і пасёлках пражывала 3 мільёны 300 тысяч чалавек, то цяпер гэты паказчык упаў практычна да 2 мільёнаў. Аднак жадаючых з’ехаць далей ад гарадской мітусні і акунуцца ў спакойнае сельскае жыццё становіцца ўсё больш. І едуць у першую чаргу туды, дзе камфорт набліжаны да гарадскога.

На выязным пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ў Лукскім сельсавеце на парадак дня вынеслі пытанне аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, дзе абмеркавалі надзённыя тэмы для вяскоўцаў: працоўныя месцы і ўмовы працы, медыцынскае і гандлёвае абслугоўванне, даступнасць адукацыі і вольнага часу.

На чале кута — вытворчасць

Прыклад умелага гаспадарання ўдзельнікі выязнога пасяджэння ўбачылі на МТФ «Далматаўшчына». На малочна-таварнай ферме — ідэальны парадак, пастаянна расце прадукцыйнасць працы, павышаецца эфектыўнасць вытворчасці, а людзі вельмі шануюць працоўныя месцы. І гэта зразумела, сярэдняя заработная плата — тысяча рублёў. Тут утрымліваюцца 720 галоў дойнага статку. Надой на карову — 21,7 літра. 60% малака атрымліваюць вышэйшым гатункам, 16% — «экстра». За 8 месяцаў бягучага года ферма прынесла дзяржаўнаму прадпрыемству «Лукі-Агра» больш за 2,5 млн рублёў выручкі.

На МТФ «Далматаўшчына» за станам пагалоўя сочаць праз экран камп’ютара

— МТФ «Далматаўшчына» пабудавана ў 2013 годзе з выкарыстаннем крэдытных сродкаў,— распавядае старшыня ДП «Лукі-Агра» Мікалай Гавіна. — У яе будаўніцтва ўкладзена 4 млн 820 тысяч рублёў. За гэтыя сем гадоў працы малочнатаварная ферма паспела акупіць сябе.

Камфортна тут сябе адчувае не толькі дойны статак, але і маладняк. 686 грамаў — такія сярэднясутачныя прывагі ў цялят, кожнае з якіх забяспечана сваім утульным домікам. Дарэчы, «Лукі-Агра» дэманструе адну з самых высокіх захаванасцей маладняку ў раёне. Усе гэтыя вытворчыя поспехі, не хаваюць у гаспадарцы, грунтуюцца на ўмела падабраных кадрах: прафесійных спецыялістах і адказных работніках. У гаспадарцы ведаюць: такіх людзей трэба шанаваць. Таму штогод тым, хто за працоўныя поспехі занесены на Дошку Пашаны, на справаздачным сходзе ўручаецца прэмія ў памеры 5 базавых велічынь і не менш прыемны бонус: плюс адна базавая штомесяц да зарплаты.

Не скупяцца ў Луках і на паляпшэнне ўмоў працы. Вытворчыя памяшканні якасна адрамантаваны, ёсць усё бытавое начынне: пральныя машыны, мікрахвалевыя печы, электрачайнікі. Так, у 2019 годзе выдзелена амаль 260 тысяч рублёў, у бягучым годзе — амаль 70 тысяч. Адзін з самых яскравых прыкладаў клопату аб чалавеку працы — сталовая, на рамонт якой выдзелена амаль 50 тысяч рублёў.

Сучасны дызайн і смачная кухня — што яшчэ трэба, каб нядорага паабедаць і адпачыць.

У Луках выдатна разумеюць, што за маладымі кадрамі — будучыня, таму моладзі ўдзяляюць нямала ўвагі. Жыллё, даплата да заробку, дадатковы заахвочвальны водпуск на працягу 5 дзён, салідныя прэміі пры працаўладкаванні. Калі няма жадання працаваць на дзяржаву — адкрывай сваю справу. Так і паступіў фермер Уладзімір Чамярыс. Яго фермерская гаспадарка «Сонечная краіна» дзейнічае з 2006 года.

Па словах прыватніка, ён займаецца ўсім патроху: вырошчвае збожжавыя, травы, бульбу, ёсць свой сад. Рынак збыту знайшоў у сваім жа раёне: збожжа адпраўляе на «Біямакс», а бульбу і садавіну — у райспажыўтаварыства. Уладзімір па прафесіі аграном, шмат гадоў круціў баранку, але ўсё роўна зямля паклікала, і цяпер разам з сынам, дарэчы, таксама аграномам у трэцім пакаленні, робіць стаўку на сельскую гаспадарку.

Лукскую лазню ведаюць пад Мінскам

На тэрыторыі Лукскага сельсавета няўхільна выконваюць сацыяльныя стандарты.

 

Тут дзейнічаюць 7 стацыянарных магазінаў і аўтакрамы. Прычым гандаль уяўляе сабой не толькі дзяржаўны сектар, але і прыватны. Здаровая канкурэнцыя прымушае ўладальнікаў гандлёвых кропак паляпшаць якасць абслугоўвання. Яно і зразумела, бо пакупнік галасуе рублём. Дарэчы, за 8 месяцаў бягучага года тавараабарот па крамах сістэмы спажыўкааперацыі склаў амаль 500 тысяч рублёў і пры гэтым увесь час расце.

У аграгарадку Лукі дзейнічае комплексны прыёмны пункт, дзе можна не толькі зрабіць пакупкі, але і пастрыгчыся, здаць у рамонт вопратку ці абутак. Пра тое, што такі міні-Дом быту ў вёсцы папулярны, сведчыць лічба: аб’ём аказаных паслуг на аднаго абслугоўваемага на КПП жыхара складае 8,4 рубля. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.

Медыцынская дапамога насельніцтву сельсавета аказваецца Лукскай амбулаторыяй урача агульнай практыкі, бальніцай сястрынскага догляду на 25 ложкаў, і Асташынскім фельчарска-акушэрскім пунктам. І хоць нараджальнасць у сельсавеце пакідае жадаць лепшага (у бягучым годзе тут нарадзілася 3 малых), радуе, што зменшылася колькасць тых, хто памёр у працаздольным узросце. І ў гэтым, безумоўна, ёсць заслуга медыцынскіх работнікаў.

Камфортныя ўмовы ствараюцца і для падрастаючага пакалення. На працягу апошніх трох гадоў у Лукскай сярэдняй школе адрамантаваны тры навучальных кабінеты, капітальна адрамантаваны харчаблок і фасад школы. На гэта затрачана амаль 100 тысяч рублёў.

Пра лазню ў Луках трэба сказаць асобна. Аматары веніка і пара паставілі б ёй «выдатна» за сучасны дызайн, чысціню і лёгкі пар. Нездарма за два выхадных дня яе наведвае не менш за 100 чалавек, і прыязджаюць не толькі з навакольных вёсак, а нават з Мінскай вобласці. Пры гэтым уваход абсалютна бясплатны.

— Усю фінансавую нагрузку па гэтаму аб’екту бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства, — кажа Мікалай Гавіна. — Але мы гэтыя выдаткі не лічым, галоўнае, каб людзям было камфортна і добра. Для гэтага і працуем.

Лазня — не адзіны аб’ект, які знаходзіцца пад крылом у мясцовага сельгаспрадпрыемства. Храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Любанічы 5 гадоў таму быў адрамантаваны з бюджэту «Лукі-Агра». Настаяцель Анатоль Шэлест удзячны кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства за тое, што дапамагло захаваць святыню. Храм быў пабудаваны ў 1840 годзе з дрэва ў выглядзе карабля і, акрамя старадаўніх абразоў, мае цікавую гісторыю. У гады Першай сусветнай вайны дзякуючы недалёкай лініі фронту тут размяшчаўся паходны храм рускага войска. Магчыма, астанкі гэтага будынка сталі часткай Успенскага храма.

Ізраільцяне прыехалі і не пазналі вёску

Старшыня Лукскага сельсавета Людміла Ваўчок не хавае, што пустуючыя і старыя дамы — вялікая праблема любой вёскі. Пажылыя вяскоўцы паміраюць, спадчыннікі не заўсёды хочуць браць на сябе лішні клопат, вось і прыходзіцца зносіць такія будынкі. На сённяшні дзень у сельсавеце знесена 15 дамоў, прызнаных безгаспадарнымі.

— Знесці такі трухлявы будынак — паўсправы, галоўнае пытанне: што рабіць з вызваленай зямлёй? — кажа Людміла Ваўчок. — І зноў на дапамогу прыходзіць мясцовы сельгаскааператыў. Пасля зносу дамоў у гаспадарчы абарот уключана 2,12 гектара. Там, дзе раней стаяла непрывабная развалюха, цяпер растуць лугавыя травы і пасуцца каровы.

Людміла Ваўчок узгадвае пацешны выпадак. У Далматаўшчыне за кароткі адрэзак часу знеслі некалькі такіх старых будынкаў. Зразумела, вёска змянілася, а прыехаўшыя пакланіцца магілам продкаў турысты з Ізраіля доўга не маглі паверыць, што гэта менавіта тая Далматаўшчына, у якой яны былі ўсяго некалькі гадоў таму.

Могілкі просяць клопату

На пленарнай частцы пасяджэння выканкама Людміла Ваўчок шмат увагі надала праблемным пытанням. Так, напрыклад, на тэрыторыі сельсавета цэнтралізаваным зборам адходаў ахоплены ўсе 8 населеных пунктаў. Але толькі 62% жыхароў заключылі дамову з камунальнікамі на вываз смецця.

 

 

Хвалюе мясцовую ўладу і становішча могілак. Іх на тэрыторыі сельсавета 8, і толькі адно знаходзіцца на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што на большасці з іх абсталяваны пляцоўкі для збору рытуальных адходаў і смецця, тут і там узнікаюць звалкі, не ў час скошваецца пустазелле і прыбіраюцца зламаныя дрэвы.

Патрабуюць вырашэння пытанні выкарыстання пустуючых будынкаў былых клуба і крамаў. Патрэбен рамонт у мясцовым Доме культуры. Чакае абнаўлення ўчастак вуліцы ў вёсцы Асташын.
— Зроблена нямала, але яшчэ больш трэба зрабіць. Бо мы працуем для таго, каб жыццё нашых людзей было камфортным, — рэзюмавала Людміла Ваўчок.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара