«В Беларуси у моих детей есть будущее», — уверена переселенка из Украины Людмила Канцыбо

Як жывецца перасяленцам з Украіны ў Карэліцкім раёне?

Людміла Канцыба з мужам і маленькім сынам пераехалі з Данецкай вобласці ў Беларусь у жніўні 2014 года.

— Да вайны ў нас усё было добра: работа, кватэра, сын хадзіў у дзіцячы садок, а ў 2013 годзе адбыўся Майдан, — успамінае жанчына. — Тады мы не думалі, што ўсё зойдзе так далёка і нам прыйдзецца пакінуць Радзіму і ўцякаць ад вайны. Мы пра другое марылі: купіць большую кватэру, планавалі яшчэ дзяцей.

10 жніўня 2014 года, гэта была нядзеля, Людміла выйшла з сынам пагуляць.

— Звычайны дзень, усё, як заўсёды. І раптам над намі пачалі ляцець снарады. Я схапіла Мацвейку і — дамоў. У той жа дзень даведаліся, што загінула выхавальніца дзіцячага садка з нашага гарадка. Яна проста вярталася дамоў, — Людміле і сёння цяжка ўспамінаць падзеі таго дня. — Мы доўга не раздумвалі, узялі дакументы, асбістыя рэчы і вырашылі ехаць у Беларусь. Чаму ў Беларусь? Ведалі, што там спакойна і ёсць работа.

З дзвюма сумкамі і невялікай сумай грошай сям’я перасяленцаў аказалася на Мінскім чыгуначным вакзале. У бюро інфармацыі параілі звярнуцца ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Адтуль Людміла з сям’ёй рушылі ў Дзяржынскі раён.

— Беларусь мы ўбачылі на свае вочы такой жа, якой бачылі ў тэлевізары: засеяныя палі, чысціня, добрыя дарогі і спагадлівыя людзі. Нават поезд, на якім ехалі ў Беларусь, ззяў чысцінёй. У Дзяржынскім раёне ў калгасе “Пяцігор’е” нас ужо чакалі, далі жыллё і работу. Людзі імгненна адгукнуліся, дапамаглі, хто чым мог: вопраткай, пасцельнай бялізнай, посудам.

Людміла пайшла на цялятнік, муж таксама працаваў з жывёлай. Але ў Ігара на Украіне засталася старэнькая маці, таму ён вымушаны быў вярнуцца. Людміла яшчэ тры гады працавала ў “Пяцігор’і”. На жаль, не вытрымаўшы іспытанне адлегласцю, сям’я распалася.

Жаночае шчасце Людміла знайшла на Карэліччыне: тут у яе з’явілася новая сям’я, нарадзілася дачка Анечка. Зараз жанчына працуе ў Карэліцкай сельгастэхніцы дыспетчарам, сын вучыцца ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра, дачка наведвае Палужскі дзіцячы садок, муж Андрэй працуе ў племзаводзе “Карэлічы”. Сям’я жыве ў трохпакаёвай арэнднай кватэры.

— Жыццё ў Беларусі мне падабаецца, — гаворыць Людміла. — Людзі тут вельмі душэўныя і працалюбівыя. Мяне спачатку здзіўляла, што ў вас амаль на кожным кавалачку зямлі нешта расце. Я таксама ў невялікім 5-тысячным гарадку жыла, але людзі там амаль не займаліся гаспадаркай. А беларусы стараюцца мець і сваю бульбу, і сваё яблычка. Зразумела, што і ў мяне зараз свой агарод. Як жа ад мясцовых адстаць?!

Нядаўна Людміла пабывала на Радзіме і заўважыла, што людзі там вярнуліся да працы на зямлі. Жыць стала цяжэй, трэба неяк звязваць канцы з канцамі. Многія ад’язджаюць за мяжу: Польшча, Германія… Людміла часта ўспамінае жыццё ва Украіне да вайны. Але вяртацца не хоча. Гаворыць, будучыні там для сваіх дзяцей не бачыць.

— Часам лаўлю сябе на думцы, што ў Беларусі мне лепш, чым ва Украіне, — прызнаецца жанчына. — Бачу, што тут кантроль за бяспекай дзяцей наладжаны, медыцынскае абслугоўванне на лепшым узроўні. Якасць беларускіх прадуктаў выдатная, гэта мы і раней ведалі. Тут клапоцяцца пра захаванне гістарычнай спадчыны. Мы ўсёй сям’ёй кожнае лета ездзім у Нясвіжскі замак, гэта ўжо наша традыцыя. А самае галоўнае, што ў маіх дзяцей у Беларусі ёсць будучыня.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара