Имена уроженцев Кореличчины — художника-графика Эдуарда Кучинского и историка Льва Мирочицкого известны далеко за пределами Беларуси
У юбілейны для Карэліччыны год мы з пашанай успамінаем імёны славутых землякоў, якія сваёй творчай, навуковай і грамадскай дзейнасцю праславілі родны край на міжнародным узроўні. Сярод іх – ураджэнцы раёна Эдуард Кучынскі і Леў Мірачыцкі, дні нараджэнні якіх прыпадаюць на другую палову кастрычніка.
Беларускі і польскі мастак-графік, мастацкі педагог Эдуард Кучынскі нарадзіўся 20 кастрычніка 1905 года ў в. Варонча ў беднай сялянскай сям’і. Бацька будучага мастака выехаў на заробкі ў ЗША, маці з дзецьмі накіравалася ў Навагрудак, дзе ў 1913-1914 гадах Эдуард вучыўся ў пачатковай школе. Неўзабаве сям’я вярнуліся ў вёску, аднак праз некалькі гадоў, у 1917 годзе, ізноў пераехала ў Навагрудак. У 1921 годзе Эдуард Кучынскі паступіў на вучобу ў Навагрудскую гімназію, пасля чаго вучыўся на мастацкім факультэце Віленскага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння ў 1934 годзе выкладаў малюнак у Віленскай школе мастацкіх рамёстваў.
У 1942 годзе Эдуард Кучынскі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. З 1946 годзе жыў у Польшчы, дзе выкладаў на кафедры графікі Торуньскага ўніверсітэта. У 1957 годзе атрымаў званне дацэнта. Эдуард Кучынскі ілюстраваў кнігі А. Міцкевіча, М. Метэрлінка, Р. Ралана, М. Радзевіча, ствараў экслібрысы, гравюры, пісаў пейзажы, плакаты. З 1937 годзе Эдуард Кучынскі ўдзельнічае ў міжнародных выставах у Вільні, Нью-Йорку, Парыжы, Варшаве і інш.
Беларускі гісторык, культуролаг, публіцыст, кандыдат гістарычных навук Леў Мірачыцкі – ураджэнец в. Баяры Карэліцкага раёна. Нарадзіўся 25 кастрычніка 1925 года ў сялянскай сям’і. Леў Мірачыцкі пачынаў вучыцца ў роднай вёсцы. У 1951 годзе скончыў сярэднюю школу ў Цырыне. Вышэйшую адукацыю беларускі гісторык атрымаў пасля заканчэння аддзялення журналістыкі філфака БДУ. Падчас вучобы працаваў журналістам у рэдакцыях газет «Калгасная праўда», «Чырвоная змена». Шмат друкаваўся ў беларускай перыёдыцы ў пазнейшыя гады.
У 1956-1957 гадах Леў Мірачыцкі быў навуковым супрацоўнікам Дома-музея А. Міцкевіча ў Навагрудку, старшым навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром Літаратурнага музея Я. Коласа ў Мінску (1956-1962 гг.), старшым рэферэнтам Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі (1963-1970 гг.). З 1970 года працуе ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Як публіцыст Леў Мірачыцкі друкуецца з 1951 года. З 1955 года выходзяць яго навуковыя публікацыі ў галіне культурных сувязяў Беларусі з замежнымі краінамі. Выдаў кнігі «Сцежкамі вялікага паэта» (1957 г.), «З незабыўных дарог» (1961 г.), «Беларуска-чэхаславацкія культурныя і навуковыя сувязі» (1981 г., на рускай мове), «Беларуска-югаслаўскія культурныя і навуковыя сувязі» (1991 г.), «Светлым ценем Адама Міцкевіча”, «Эміграцыя з Наваградчыны» (1994 г.). Артыкулы пра славянскія ўзаемасувязі друкаваліся ў выданнях Беларусі, Польшчы, Чэхаславакіі, Югаславіі.
Падрыхтавала Аксана ЯНУШ
Фота з кнігі С. КОШУР «Залатая падкова Свіцязі» і адкрытых інтэрнэт-крыніц