Итоги работы Кореличского района за 9 месяцев рассмотрены на заседании райисполкома
Па выніках работы за 9 месяцаў у Карэліцкім раёне выканана большасць паказчыкаў прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця. Пра гэта паведамілі на пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама пад старшынствам кіраўніка раёна Генадзія Шатуева.
Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч, забяспечана выкананне такіх асноўных мэтавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, як колькасць працаўладкаваных на зноў створаныя рабочыя месцы, вытворчасць сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі, рост сярэднямесячнай заработнай платы і аб’ём будаўніча-мантажных работ.
Разам з тым не дасягнуты такія паказчыкі, як экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі, рознічны тавараабарот гандлю.
Праца з чыстым прыбыткам
За 9 месяцаў гаспадаркамі раёна выраблена прадукцыі на 141,2 млн рублёў, у тым ліку прадукцыі жывёлаводства — на 77,4 млн рублёў, раслінаводства — на 63,8 млн рублёў. Усе гаспадаркі забяспечылі вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі не ніжэй за ўзровень 2019 года.
Валавы збор зерня склаў 113,9 тысячы тон пры ўраджайнасці 57 цэнтнеру з гектара. Вытворчасць хлеба ў параўнанні з мінулым годам вырасла на 7,2%. А вось масланасення рапсу сабралі крыху менш за узровень 2019 года: 9289 тон.
Аграрыі раёна падрыхтавалі добрую кармавую базу для зімоўкі дойнага пагалоўя: нарыхтавана 31,9 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву. З году ў год гэта адзін з лепшых паказчыкаў на Гродзеншчыне. Таму і аддзячваюць рагулі добрымі надоямі. Так, за 9 месяцаў вытворчасць малака склала больш за 64 тысячы тон, або 104,6% да аналагічнага перыяду мінулага года. Амаль на 200 кілаграмаў малака больш у параўнанні з мінулым годам дала кожная карова — 4864 кг. Толькі адна гаспадарка дапусціла зніжэнне вытворчасці малака — ДП “Чарняхоўскі-Агра”.
Гаспадаркі раёна адправілі на малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы больш за 50 тысяч тон сыравіны. Жывёлаводаў непакоіць той факт, што разам з павелічэннем аб’ёму вытворчасці не ўдалося захаваць якасць прадукцыі: прададзена толькі 32% малака гатункам “экстра”. Вялікі ўплыў на вытворчасць малака аказвае аднаўленне статка. У цэлым па раёне асемянёна кароў больш, чым у мінулым годзе, аднак у асобных сельгаспрадпрыемствах: “Цырын-Агра”, “Чарняхоўскі-Агра”, “Лукі-Агра” — гэты паказчык кульгае.
Вырасла вытворчасць ялавічыны (вырашчана 5340 тон) і свініны (7125 тон), яек, наадварот, зменшылася на 3 млн штук.
За 8 месяцаў гаспадаркамі Карэліччыны атрымана амаль 13 тысяч рублёў прыбытку, ці 116,5% да ўзроўню мінулага года. Усе 10 прадпрыемстваў атрымалі чысты прыбытак.
Вірус ставіць палкі ў колы
З пачатку года ў раёне выраблена прамысловай прадукцыі на суму больш за 9 тысяч рублёў, або 150,5% да аналагічнага перыяду мінулага года. Аднак Карэліцкае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва знізіла аб’ёмы вытворчасці: каранавірус перашкаджае выязному гандлю, за кошт якога прадпрыемства дэманстравала рэнтабельную работу.
Карэліцкая сельгастэхніка таксама дапусціла зніжэнне аб’ёму вытворчасці: заказаў на рамонт абсталявання стала значна менш.
На экспарт пастаўлена тавараў амаль на 1,6 млн долараў ЗША. Гэты паказчык упаў у параўнанні з мінулым годам. Па-ранейшаму буйнымі экспарцёрамі сталі ТАА “Вікас”, ААТ “Карэлічы-Лён”, ТАА “НПП Ніка” і ТАА “Актава”. Мясцовы лён, бульба, ялавічына і драўніна прададзены ў Казахстан, Украіну, Малдову, Расію, Кітай і Вьетнам. Кітайцы набылі нашага лёну на 160 тысяч долараў ЗША, чакаецца падпісанне новых кантрактаў.
Паказчык па экспарце паслуг удалося выканаць толькі на 62% да ўзроўню мінулага года. Закрытыя межы і адсутнасць турыстаў балюча б’юць па гэтым сектары эканомікі.
Наваселлі не за гарамі
За 9 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю амаль 2 тысячы квадратных метраў жылля. Працягваецца ўзвядзенне 20-кватэрнага дома па вуліцы 8 Сакавіка ў г.п. Карэлічы, у якім будуць пабудаваны 4 сацыяльныя кватэры і 16 кватэр для мнагадзетных сем’яў.
За кошт уласных сродкаў СВК “Свіцязянка-2003” будуюцца два двухкватэрныя і аднакватэрны дамы ў аграгарадку Райца. Чакаецца, што навасёлы атрымаюць ключы ўжо ў бягучым месяцы.
Завершаны капітальны рамонт дамоў па вуліцы Гагарына і Паркавая ў г.п. Карэлічы.
Будуюцца і сельскагаспадарчыя аб’екты: памяшканне для маладняку ў вёсцы Паланая, зернесушыльна-ачышчальны комплекс у Паланой, зернясховішча на 3 тысячы тон у Райцы.
Больш за 200 вакансій на 14 беспрацоўных
25 чалавек працаўладкаваны на зноў створаныя працоўныя месцы за 9 месяцаў бягучага года. Усяго ў раёне працуе 8390 чалавек. Маецца 253 вакансіі, з якіх амаль 50% — вакансіі па рабочых прафесіях. Найбольш у кадрах маюць патрэбу сельская гаспадарка (36%), перапрацоўчая прамысловасць (9,1%), будаўніцтва (5,9%). На сёння ў раёне зарэгістравана 14 беспрацоўных.
Што з зарплатамі?
Сярэднямесячная заработная плата работнікаў раёна за 8 месяцаў склала 868,3 рубля, у тым ліку за жнівень — 998,9 руб. Тэмп росту рэальнай зарплаты да аналагічнага перыяду мінулага года складае 109,7%, у тым ліку ў жніўні — 112%.
Сацыяльная сфера — у прыярытэце
Як расказаў начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Іван Дарашэнка, у бюджэт раёна паступіла больш за 25 млн рублёў, з іх больш за 12 млн рублёў уласных даходаў і 13 млн рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Асноўную долю ў выдатках бюджэту займае фінансаванне сацыяльнай сферы. На ўтрыманне ўстаноў адукацыі накіравана больш за 8 млн рублёў, аховы здароўя — амаль 7 млн рублёў, культуры — 1 млн рублёў, сацыяльнай палітыкі — каля 1 млн рублёў.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара