Кореличчане присоединились к республиканской акции «Чистый лес»

17 кастрычніка, у суботу, на Карэліччыне падтрымалі рэспубліканскую акцыю «Чысты лес».

У Карэліцкім лясніцтве на гэты заклік адгукнуліся загадзя. У сваіх імкненнях леснікі не засталіся адны: ім на дапамогу прыйшлі работнікі раёна электрасетак і газавай гаспадаркі. Усе разам прыбіралі бытавое смецце ў лесафондзе вакол Карэліч.

Знайшліся памочнікі і ў работнікаў Свіцязянскага лясніцтва. Імі аказаліся вучні Валеўкаўскай сярэдняй школы-сада Навагрудскага раёна. Разам наводзілі парадак каля возера Свіцязь.

Калектыў Ярэміцкага лясніцтва таксама наведаў месца масавага адпачынку. Леснікі навялі парадак каля ракі Нёман і адзначылі, што культура адпачываючых расце — смецця было няшмат.

Леснікі-міране займаліся ўборкай бытавога смецця вакол вёскі Міранка. У Мірскім лясніцтве перакананы, што агульнымі намаганнямі трэба наводзіць чысціню і парадак на зямлі.

Вучні Мірскага дзяржаўнага прафтэхкаледжа не змаглі не далучыцца да добрай справы, таму зладзілі працоўную акцыю ў парку каля Мірскага замка.

Акцыя «Чысты лес» паказала, што канкрэтнымі справамі можна зрабіць  навакольны свет больш прыгожым. Лес з’яўляецца нашым багаццем, і неабходна беражліва яго захоўваць. Прырода шчодра плаціць  нам свежым паветрам, непаўторнасцю краявідаў, ляснымі дарамі. Мы не павінны заставацца ў даўгу.

Галіна СМАЛЯНКА