Мои ученики — моя гордость. Министр сельского хозяйства Республики Беларусь Иван Крупко был учеником Жанны Евгеньевны Лабоцкой из ГУО «Циринский УПК детский сад-СШ»
Правільны выбар
Жанна Яўгеньеўна нарадзілася ў вёсцы Альшаны Цырынскага сельсавета. Закончыла Цырынскую сярэднюю школу і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1987 годзе была накіравана на працу ў Карэліцкі раён — у Жухавіцкую сярэднюю школу настаўнікам хіміі.
— «Дагрузілі» мяне геаграфіяй, — успамінае педагог. — Падумала пра спецыяльную адукацыю і завочна паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Танка на факультэт прыродазнаўства.
У 1989 годзе перайшла на працу ў Цырынскую сярэднюю школу. Выкладала хімію і адначасова была прызначана на пасаду арганізатара па выхаваўчай рабоце. Затым увесь час — настаўнік хіміі і геаграфіі ў гэтай жа школе.
Калі б мне зноў прыйшлося выбіраць прафесію, то таксама абрала б настаўніцкі шлях. Цябе кожны дзень чакаюць дапытлівыя і зацікаўленыя вучні, і дзеля гэтага хочацца жыць і працаваць.
У 2019-2020 навучальным годзе Жанна Яўгеньеўна Лабоцкая прымала ўдзел у раённым конкурсе «Настаўнік года» і была фіналістам.
«Хімія — вобласць цудаў»
«Чаму менавіта хімія?» — паўтарае Жанна Яўгеньеўна маё пытанне і тлумачыць, што са школы хацела быць настаўнікам, а хімія таму, бо матуля Ірына Канстанцінаўна была медыцынскай сястрой і была звязана з лекамі, а бацька Яўген Васільевіч — шафёрам у Альшанскай бальніцы, і дзяўчынцы хацелася глыбей пазнаць гэтую навуку.
Хімія, гаворачы словамі Максіма Горкага, гэта вобласць цудаў, дзе схавана шчасце чалавека, — дадае Жанна Яўгеньеўна. А па-простаму, гэта навука пра рэчывы і іх ператварэнні, што дае чалавеку, па-першае, разумець навакольнае асяроддзе, па-другое, арыентавацца ў самых неабходных прадуктах харчавання і па-трэцяе, развіваць сябе.
Прадаўжальнікі справы
— Я ганаровая тым, што мае ўрокі не прайшлі дарэмна, а вучні знайшлі сябе ў жыцці з пазнаннем хіміі, — усхвалявана гаворыць далей Жанна Яўгеньеўна. — Выпускнік Жухавіцкай сярэдняй школы Іван Крупко, якога пачынала вучыць хіміі, сёння з’яўляецца міністрам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, а Іван Наумовіч — кандыдат сельскагаспадарчых навук. Радуе, што выпускнік Цырынскай сярэдняй школы Павел Манько — галоўны ўрач Бялыніцкай бальніцы.
Да таго ж учарашнія вучні Аляксей Качкарык паступіў у Мінскі тэхналагічны ўніверсітэт на факультэт аховы прыроды, а Арцём Каралько — у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт на заатэхнічны факультэт. Некаторыя выпускнікі выбралі прафесію медыцынскага работніка, дзе прафіліруючым прадметам на экзаменах была хімія. Ёсць таксама выпускнікі, якія абралі галоўным накірункам у жыцці вучобу ў сельгаспадарчых вышэйшых навучальных установах.
Родны куточак
Свае адносіны да роднай старонкі Жанна Яўгеньеўна выказвае асабістымі словамі-прызнаннем: «Зямля мая, разумная матуля, ты — мой свет, ты — мой цень. Ты для мяне ўсё».
Кожны дзень а восьмай гадзіне раніцы яна адмервае шлях ад бацькоўскай хаты да роднай школы на веласіпедзе. Гэта дапамагае ёй падтрымліваць здароўе, захоўваць знешнюю прыгажосць і глыбей пазнаць навакольны свет. І дзе б ні была, заўсёды вяртаецца на сваю Бацькаўшчыну, малую радзіму, у родную вёсачку Альшаны, з дзяцінства дарагую бацькоўскую хату, дзе нарадзілася, вырасла і зараз жыве.
У думках жанчына заўсёды з дарагімі сэрцу сынамі. Павел закончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, працуе інжынерам-канструктарам на МАЗе ў Мінску, а Дзмітрый пасля заканчэння Мінскага аўтамеханічнага каледжа і службы ў арміі — у «БелТВ сэрвісе».
Да таго ж Жанна Лабоцкая вядзе здаровы лад жыцця. У снежную зіму любіць стаць на лыжы, каб палюбавацца зачараваным лесам і ўдыхнуць асалоду свежага паветра. Любіць здзейсніць пешую прагулку па мясцінах, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва, а наведванне басейна прыдае сілы і магчымасць быць у добрым настроі. Гэта ўсё спазнае ў родным краі, які стаў для яе дарагім. Тут яна жыве і працуе, радуецца жыццю і перадае сваю любоў да роднага куточка маладому пакаленню.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аксаны ЯНУШ