Почему в кореличской бане закрыты бассейны, а пятница больше не банный день
У рэдакцыю нашай газеты звярнуўся чытач, які пацікавіўся, чаму карэліцкая лазня перастала працаваць па пятніцах, а басейны ўвогуле зачынены. За тлумачэннем мы звярнуліся да дырэктара Карэліцкага камунгаса Аляксандра Рудака.
— У чэрвені бягучага года ў сувязі з пандэміяй каранавірусу дзеля бяспекі людзей было прынята рашэнне аб закрыцці басейнаў у мужчынскім і жаночым аддзяленнях, — патлумачыў Аляксандр Рудак. — Акрамя таго, басейны патрабуюць капітальнага рамонту, кошт якога складзе прыкладна 25 тысяч рублёў. Плануецца, што ў наступным годзе такія работы будуць праведзены.
Людзі і самі асцерагаюцца новага вірусу, таму з вясны колькасць аматараў пару значна зменшылася: за дзень лазню наведвалі не больш за 20 чалавек. За 9 месяцаў бягучага года наведвальнасць скарацілася ўтрая. Зразумела, лазня не можа працаваць ухаластую, бо гэта цягне за сабой немалыя выдаткі і не лепшым чынам сказваецца на эканоміцы прадпрыемства наогул. Таму было прынята рашэнне аб скарочаным графіку працы, і часова банныя дні цяпер — гэта субота і нядзеля.
Просьбу нашага чытача аб устаноўцы плацёжнага тэрміналу ў буфеце лазні пракаментаваў дырэктар Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Сяргей Саўко, які запэўніў, што магчымасць разлічыцца карткай у гандлёвай кропцы з’явіцца не пазней за 1 снежня.
Іна ЛЕЙКА