Водитель Кореличской сельхозтехники Владимир Маковик два десятилетия крутит баранку «МАЗа»

Быць светлым промнем і самому вылучаць святло — вышэйшая лесвіца жыцця, якой чалавек можа дасягнуць. Менавіта так падумалася пасля сустрэчы з Уладзімірам МАКОВІКАМ.

Уладзімір Мікалаевіч Маковік — вадзіцель ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка». Працоўны дзень у яго пачынаецца рана: а сёмай гадзіне ён ужо за рулём «МАЗа». Вяртаецца дамоў, калі пачынае цямнець. Перавозіць цукровыя буракі з сельгаскааператываў раёна на Гарадзейскі цукровы камбінат. У дарозе вадзіцелю добра думаецца: у памяці ўсплывае мінулае, пераасэнсоўваюцца ўчынкі, радуюць душу яркія ўспаміны.

Яго радзіма — вёска Валокі. Закончыў Малюшыцкую сярэднюю школу. Падчас вучобы ў вучэбна-вытворчым камбінаце пры Карэліцкім ДПТВ-125 будаўнікоў атрымаў правы вадзіцеля. Гэтая спецыяльнасць спатрэбілася ў арміі. Пасля службы працаваў у калгасе «Ленінскі шлях». Ажаніўся і пераехаў у Карэлічы.

У 1999 годзе Уладзімір Мікалаевіч уладкаваўся на працу ў сельгастэхніку, і больш за 20 гадоў служыць абранай справе. Калектыў падабаецца, з задавальненнем успамінае вадзіцеляў Мікалая Міхайлавіча Кузьміча, Аляксандра Аляксандравіча Качана, Ігара Мікалаевіча Жука.

У памяці ўсплываюць родныя мясціны і вёска дзяцінства. Ён і зараз часта туды наведваецца, бо там жыве родная душа — мама Ірына Аляксандраўна Маковік. Вось і цягнуцца сын ды двое дачок да любімай матулі, каб сагрэць яе старасць. Усе жывуць у райцэнтры, праз два-тры дні едуць, як-ніяк матулі восемдзесят гадоў.

З пяшчотай Уладзімір Мікалаевіч расказвае і пра сваіх дарослых дзяцей, якія ўжо самастойныя і зрабілі свой выбар у жыцці. Юрыстам марыць быць дачка Рыта, студэнтка чацвёртага курса Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, сын Раман, студэнт другога курса Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, — інжынерам.

Ёсць яшчэ адна родная душа — спадарожніца жыцця, з якой жывуць у згодзе і любові. Разам з жонкай Марынай любяць падарожнічаць па роднай Беларусі і лічаць гэта карысным заняткам. Наведваюць знакамітыя мясціны і з гэтымі ўражаннямі яшчэ доўга жывуць.

З сябрам дзяцінства Дзмітрыем сустракаюцца ў роднай вёсцы і ў райцэнтры. Застаецца толькі падзякаваць лёсу за тое, што не развёў іх, а сяброўства ўсё больш мацнее.

— Немагчыма пра большае і марыць, — зазначае Уладзімір Мікалаевіч. — Дзеці пайшлі сваёй дарогай, адносіны ў сям’і добрыя, любімая праца ёсць, матуля сэрца сагравае… Што яшчэ можна жадаць ад жыцця?

— Якія яны, ключы ад шчасця? — цікаўлюся ў субяседніка.

— Яны ў характары, — адказвае ён. — Крыўды ні на кога і ніколі не трымаю, гумар разумею, работу люблю. Няхай так будзе заўжды.

Галоўны інжынер ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка» Юрый РУСАК:
— Аб’ём вытворчасці прадукцыі, работ і паслуг за 9 месяцаў 2020 года склаў 2137,7 тысячы рублёў, у тым ліку: па рамонтнай майстэрні — 429,6; па аўтатранспарце — 1182,6; па мехатраду — 225,2; па будаўніча-мантажным участку — 282,3; валавы даход па гандлёвай дзейнасці — 18 тысяч рублёў.
Выручка за 9 месяцаў бягучага года склала 3123 тысячы рублёў, у тым ліку па аўтатранспарту — 1427,6 тысячы рублёў.
Аб’ём грузаперавозак за 9 месяцаў бягучага года — 150,3 тысячы тон, аб’ём грузаабароту — 3898,90 тысяч тонакіламетраў.
На палі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Карэліцкага раёна вывезена 112 тысяч тон арганічных угнаенняў, унесена ў глебу 52,7 тысячы тон.
Правапнавана 1,1 тысячы гектараў кіслых глебаў, унесена 6,6 тысячы тон вапнавых матэрыялаў.
Аптовы тавараабарот склаў 509,9 тысяч рублёў, у тым ліку: мінеральныя ўгнаенні — 154,5 тысячы рублёў і збожжавыя культуры — 325,9 тысяч рублёў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКА