Заместитель директора замкового комплекса «Мир» Ольга Новицкая рассказывает о новом издании «Мір. Замак»
Добры дзень, паважаныя чытачы выдавецтва «Беларусь»! Сёння мы прадстаўляем вам чарговае навукова—папулярнае выданне, прысвечанае Мірскаму замку – помніку дойлідства нацыянальнага і сусветнага ўзроўню, аднаму з нацыянальных сімвалаў незалежнай Рэспублікі Беларусь. Выхад кнігі прымеркаваны да 20—годдзя ўключэння славутага архітэктурнага аб’екта ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.
Выданне «Мір. Замак» уяўляе сабой калекцыю сучасных мастацкіх здымкаў, унікальных архіўных фотадакументальных крыніц (самая старая фатаграфія адносіцца да 1889 года) помніка архітэктуры XVI–XX стст. і населенага пункта, на тэрыторыі якога ён знаходзіцца. Унікальнасць кнігі ў тым, што ў ёй можна ўпершыню пабачыць здымкі Мірскага замка не толькі з архіваў і музеяў Беларусі, але і замежных краін.
У выданні выкарыстаны фотаздымкі беларускага прафесійнага фатографа А. П. Дрыбаса, а таксама з архіваў выдавецтва «Чатыры чвэрці» (Мінск), музея «Замкавы комплекс «Мір», Беларускага дзяржаўнага архіва навукова—тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД), Беларускага дзяржаўнага архіва—музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД), Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (ЛДГА), Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі (ДА РФ), Іванаўскага дзяржаўнага гісторыка—краязнаўчага музея імя Д.Г. Бурыліна, фонда «Археалогія фотаздымка» (Рэспубліка Польшча), асабістага архіва супрацоўніка музея Н. В. Марэцкай.
Адметнасцю кнігі «Мір. Замак» з’яўляецца і тое, што яна ўключае ў сябе шэраг парных фатаграфій, зробленых з аднаго і таго ж ракурса будынка, але ў розны час (старадаўнія і сучасныя). Тэкст і подпісы да ілюстрацый, змешчаных у выданні, пададзены на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Прадстаўляем вашай увазе інтэрв’ю са складальнікам кнігі «Мір. Замак» намеснікам дырэктара музея «Замкавы комплекс «Мір» Навіцкай Вольгай Васільеўнай.
— Добры дзень, Вольга Васільеўна! Віншуем Вас з выхадам кнігі! Скажыце, калі ласка, як узнікла ідэя стварыць выданне «Мір. Замак»?
— Добры дзень. Дзякуй за віншаванні. Пачну з таго, што ідэю стварэння выдання, у якім сумяшчаліся б і старыя, і новыя фотаздымкі, нам падказалі самі турысты. У канцы 2019 года ў Мірскім замку праходзіла выстава пад назвай «Замак у часе», на якой былі прадстаўленыя фотаздымкі розных часоў з фондаў як беларускіх, так і замежных архіваў. Супрацоўнікі музея заўважылі, што наведвальнікі з неверагоднай цікавасцю іх разглядаюць. Менавіта гэта і падштурхнула да стварэння фотаальбома «Мір. Замак», у якім мы не толькі выйшлі за межы самога помніка архітэктуры, але і праніклі яшчэ на тэрыторыю мястэчка Мір, якое мае не менш цікавую гісторыю.
— Колькі часу вялася праца над кнігай? На колькі складана было атрымаць архіўныя матэрыялы з замежжа?
— Актыўная праца над кнігай пачалася са студзеня 2020 года. Ня гледзячы на тое, што на той момант у музеі была сабрана вялікая колькасць архіўных фотаздымкаў, неабходна было атрымаць дазвол на іх выкарыстанне. Прыемна, што ўсе ўстановы, у тым ліку і замежныя, адразу адгукнуліся на нашы лісты з просьбай дазволіць выкарыстаць у якасці галоўнага ілюстрацыйнага матэрыяла фотаздымкі з іх фондаў. Потым былі некалькі месяцаў напружанай працы, якая ўскладнялася эпідэміялагічнай абстаноўкай. Аднак вельмі прыемна, што ўсё ўдалося рэалізаваць з дапамогай супрацоўнікаў выдавецтва «Беларусь» і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Развароты кнігі «Мір. Замак». 2020
— Пералічыце некалькі самых унікальных фотаздымкаў з кнігі «Мір. Замак».
— На мой погляд, усе архіўныя фотаздымкі, якія мы ўключылі ў выданне, унікальныя. Напрыклад, тыя, што з фондаў нашага музея – самыя раннія па датаванні. Фотаздымкі Соф’і Хамянтоўскай з польскага фонду «Археалогія фотаздымка» далі магчымасць уявіць, як выглядалі замкавыя пакоі пры апошніх уладальніках – князях Святаполк—Мірскіх. Не менш унікальны фотаматэрыял часоў Першай сусветнай вайны нам прадаставілі Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі і Іванаўскі дзяржаўны гісторыка—краязнаўчы музей імя Д. Г. Бурыліна. Шмат цікавых фотаздымкаў, якія даюць уяўленне аб знешнім выглядзе Міра і Мірскага замка ў 1910–1990—я гады, былі прадастаўленыя Літоўскім дзяржаўным гістарычным архівам і такімі беларускімі архіўнымі ўстановамі, як БДАНТД, БДАМЛМ, БДАКФФД. Удвая прыемна, што ёсць у кнізе і фотаздымкі з асабістага сямейнага архіва супрацоўніка нашага музея Наталлі Марэцкай.
— Якім чынам гэтыя фота некалі трапілі ў замежныя архівы і музеі?
— Пачну з польскага фонду «Археалогія фотаздымка». Менавіта адтуль мы атрымалі фотаздымкі Соф’і Хамянтоўскай, якая з цікавасцю ў 1930—я гады здымала архітэктурныя аб’екты, перш за ўсё інтэр’еры палацаў. У 1936 годзе яна трапіла ў Мірскі замак. На той момант гаспадаром тут быў князь Міхаіл Мікалаевіч Святаполк—Мірскі. З яго дазволу вядомая фотамастачка зрабіла фотаздымкі, якія вярнуліся ў замак амаль праз стагоддзе ў выглядзе электронных версій. Вядома, што ў 1940—я гады Соф’я Хамянтоўская эмігравала ў Аргентыну. У 2010 годзе яе архіў негатываў быў дастаўлены ў Польшчу дзякуючы намаганням фонду «Археалогія фотаздымка», які з тых часоў працуе над гэтай калекцыяй.
У Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі знаходзіцца фонд генерал-маёра Уладзіміра Фёдаравіча Джункоўскага, у якім захоўваецца некалькі альбомаў фотаздымкаў, зробленых у 1916–1917 гадах на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў час ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны. Вядома, што Джункоўскі з 26 снежня 1915 года камандаваў брыгадай 8-й Сібірскай стралковай дывізіі, затым самой гэтай дывізіяй на Заходнім фронце, а мястэчка Мір з’яўлялася ў 1916 годзе месцам размяшчэння штаба. У альбомах Джункоўскага ёсць і тыя, якія былі зробленыя ў самім мястэчку Мір: паўразбураны Мірскі замак, царква-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, палонныя аўстрыйцы ў цэнтры мястэчка на плошчы і шмат іншых.
З перыядам Першай сусветнай вайны звязаныя і фотаздымкі, зробленыя ў Міры, з Іванаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея імя Д. Г. Бурыліна. Спытаеце, як яны туды трапілі? Усё вельмі проста. Іх зрабіў жыхар Іванава, афіцэр Барыс Мацвеевіч Мігачоў. Усю вайну ён прайшоў з фотаапаратам. Яму ўдалося зняць на плёнку вайну «знутры», пакінуўшы бясцэнны для нашчадкаў дар сведкі і ўдзельніка ваенных падзей. Фотаздымкі гэтыя ў літаральным сэнсе гістарычныя – пакінутыя ваенныя аб’екты, байцы, камандзіры, сцэны ваеннага побыту, сёстры міласэрнасці. Больш за тое, кожны са здымкаў мае дакладную даціроўку і тлумачальны надпіс. Вядома, што калекцыя трапіла ў Іванаўскі музей у 2018 годзе, а той нам прадаставіў электронныя варыянты здымкаў у добрай якасці.
На жаль не вядома, якім чынам вялікая колькасць фотаздымкаў Міра і Мірскага замка трапіла ў Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў. Аднак, дзякуючы беларускім гісторыкам, мы даведаліся, што здымкі ёсць у фондах гэтай установы, і прыклалі ўсе намаганні, каб іх атрымаць.
— Раскажыце, калі ласка, пра прынцып, паводле якога ў кнізе размешчаны фотаздымкі.
— Усе архіўныя фотаздымкі пастараліся размясціць у кнізе, перш за ўсё, у храналагічным парадку. Адразу прадставілі фота Мірскага замка і тых архітэктурных аб’ектаў, якія размешчаны на прылеглай тэрыторыі. Пасля гэтага, цэлым блокам размешчаны адзін за адным здымкі архітэктурных аб’ектаў самога Міра, а потым ізноў вярнуліся ў замак і пачалі з інтэр’ераў.
Сучасныя фотаздымкі ў кнізе пачынаюцца з дэманстрацыі выяў паселішча, якое мае шматвекавую гісторыю, затым быў зроблены плаўны пераход да аб’ектаў, размешчаных на замкавай тэрыторыі, а потым — да самога Мірскага замку і экспазіцыйных залаў музея.
— Якія старонкі гісторыі Мірскага замка і мястэчка Мір удалося ўзнавіць дзякуючы замежным архівам? Ці застаюцца яшчэ ў ёй белыя плямы?
— За апошнія дзесяцігоддзі, як ні дзіўна, давялося ўзнавіць вельмі шмат старонак у гісторыі Мірскага замка і мястэчка Мір. Шмат чаго новага выявілі навуковыя супрацоўнікі музея.
Напрыклад, у далёкім 2008 годзе праз Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з Архіва знешняй палітыкі Расійскай Імперыі гісторыка-дакументальным дэпартаментам Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі былі прадастаўленыя ксеракопіі дакументаў па князю Міхаілу Мікалаевічу Святаполк—Мірскаму, аднаму з уладальнікаў Мірскага замка. Важная інфармацыя, якая тычыцца царквы-пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх, была атрымана пасля вывучэння 107 лістоў княгіні Клеапатры Міхайлаўны Святаполк—Мірскай, што захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. Частка лістоў змяшчае ўвогуле звесткі, да гэтага невядомыя, аб маёнтку Замір’е: будаўніцтве сядзібнага дома, царквы-пахавальні і ўладкаванні прылеглай тэрыторыі, а таксама згадваюцца маёнткі, набытыя Святаполк-Мірскімі ў канцы XIX – пачатку ХХ стагоддзяў.
У жніўні мінулага года атрымалі комплекс дакументаў з архіва Інстытута Гувера, заснаваным пры Стэнфардскім універсітэце (ЗША). Дакументы, у асноўным, складаюцца з успамінаў Марыі Аляксандраўны Святаполк-Мірскай, жонкі князя Уладзіміра Мікалаевіча, пахаванага ў радавой царкве-пахавальні ў Міры.
Акрамя гэтага, вялікі комплекс дакументаў па гісторыі роду князёў Вітгенштэйнаў і Гагенлоэ, якія былі ўладальнікамі Мірскага замка ў XIX стагоддзі, быў вывучаны В.М. Папко, былым дырэктарам музея, у Федэральным архіве Германіі ў Кобленцы.
Праца па выяўленні дакументаў па Міры і Мірскаму замку ў замежных архівах не спыняецца. У тым годзе атрымалі сканіраваныя копіі з Галоўнага архіва старажытных актаў (AGAD) з Варшавы: рэестр гардэроба, які знаходзіўся ў Мірскім замку ў 1764 годзе, а таксама дакументы, якія тычацца сям’і арандатара Мірскага замка ў XIX стагоддзі В. Мілера.
Навукова—даследчая работа ў музеі праводзіцца ў актыўным супрацоўніцтве з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ініцыяваны музеем праект па навуковаму даследаванню роду Іллінічаў, першых уладальнікаў Мірскага замка, быў рэалізаваны навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі. У 2015 годзе музей заснаваў серыю пад назвай «Genus Albaruthenicum», першым выданнем якога стала калектыўная навуковая манаграфія Р.А. Аляхновіч, С.А. Рыбчонка, А.І. Шаланды «Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV–XVI стст.: радавод, гербы, уладанні». Таксама супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі быў падрыхтаваны зборнік дакументаў і матэрыялаў на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах па гісторыі мястэчка Мір, Мірскага замка і графства ў часы валодання імі князямі Радзівіламі (1568–1813). Зборнік быў выдадзены музеем у 2017 годзе. Дакументы і матэрыялы адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё тагачасных гаспадароў Міра, мясцовых жыхароў, стан Мірскага замка, а таксама палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурна-рэлігійныя працэсы ў мястэчку і графстве. Большасць дакументаў і матэрыялаў было ўпершыню ўведзена ў навуковы абарот.
— Вольга Васільеўна, у якім ўзросце Вы даведаліся пра існаванне Мірскага замка? Ці марылі Вы працаваць у ім?
— Пра існаванне Мірскага замка, як ні дзіўна, я ведала заўсёды, бо нарадзілася і вырасла ў Міры. Я – мясцовая жыхарка ў шостым пакаленні. З вокнаў хаты ў сваім дзяцінстве я кожны дзень бачыла замак. Якраз у той час у ім пачалі праводзіць рэстаўрацыйныя работы. У сам замак тады я не заходзіла, бо ведала, што нельга, а вось тэрыторыя вакол замка заўсёды была адкрытая для мясцовых жыхароў.
У дзяцінстве я нават і не марыла аб тым, што буду працаваць у замку. Перш за ўсё, мне на той момант нават не верылася, што калісьці ў сценах сярэднявечнага будынка будзе музей, бо наперадзе да гэтага быў вельмі вялікі аб’ём работ.
1 — На экскурсіі па выставе ваеннага касцюма «З Імператарскага гардэроба», прымеркаванай да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны з калекцыі Дзяржаўнага музея-запаведніка «Царскае Сяло». Лістапад 2018 г.;
2 — Падчас перадачы французскіх веераў ручной работы ХIХ ст. у фонды музея «Замкавы комплекс «Мір» мецэнатам А. Данілавай. Кастрычнік 2019 г.
— З якога года Вы працуеце ў музеі? Якім чынам туды трапілі?
— У музей я прыйшла працаваць у чэрвені 2006 года на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. На той момант турысты маглі трапіць толькі ў адну Паўднёва-заходнюю вежу з шасцю экспазіцыйнымі заламі. У першы дзень сваёй працы я пайшла знаёміцца з экспазіцыяй і адразу была шакіраваная стромкімі лесвіцамі і высокімі прыступкамі. Я заўсёды з усмешкай узгадваю гэты дзень. Асабліва ўразіла лесвіца з трэцяга на чацвёрты ярус вежы. Мне тады здавалася, што яна ніколі не скончыцца. Падняўшыся на чацверты ярус, я нават страціла мову, бо ўбачыла, што ёсць яшчэ адзін паверх і трапіць туды таксама прыйдзецца па такіх жа высокіх прыступках. Аднак, нягледзячы вось на такі вельмі насычаны на ўражанні першы мой працоўны дзень, затрымалася ў замку, як бачыце, надоўга.
Калядны баль для дзяцей у Мірскім замку (В.В. Навіцкая — другая злева). Студзень 2014 г.
— Ці не цяжка Вам кожны дзень хадзіць па высокіх прыступках замка?
— Як ні дзіўна, але хадзіць па высокіх каменных прыступках замка за столькі гадоў я навучылася добра. Зараз па высокіх каменных прыступках я падымаюся і спускаюся кожны дзень, бо мой працоўны кабінет размешчаны на другім паверсе адной з вежаў замка. Таму ўсё гэта ўспрымаю, як заняткі фітнесам.
— Назавіце Ваша любімае месца ці аб’ект у Міры і Мірскім замку?
— Самыя любімыя месцы ў Міры – гэта хата, у якой я жыла ў дзяцінстве, і кватэра, дзе я жыву зараз. А вось любімы аб’ект – гэта, канешне, замак! Кожны раз, калі гляджу на яго, то здзіўляюся, як яго маглі пабудаваць у тыя часы. Ён такі прыгожы і велічны!
— Вы даўно праводзіце экскурсіі для наведвальнікаў Мірскага замку. У турыстаў з якіх краін Мірскі замак выклікае найбольшую эмацыйную рэакцыю?
— Найбольшую эмацыйную рэакцыю Мірскі замак выклікае ў тых турыстаў, якія цікавяцца гісторыяй. І тут няма ніякай розніцы, з якой краіны яны прыехалі. Хаця замежных турыстаў супрацоўнікі музея навучыліся адразу вылучаць з усяго патоку. А вось заўсёды ўважліва слухаюць экскурсію турысты з такіх краін, як Расія, Польшча і Літва.
Экскурсія па музею «Замкавы комплекс «Мір» для намесніка Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па пытаннях адукацыі Цянь Тана
(другі справа ў першым радзе). Май 2009 г.
— Існуюць легенды пра падземны ход, які нібыта некалі злучаў Мірскі і Несвіжскі замкі, і пра дванаццаць адлітых з золата і срэбра статуй апосталаў у чалавечы рост… Скажыце, у наш час даследчыкі яшчэ спадзяюцца іх знайсці? Ці робіцца што-небудзь для гэтага?
— Не выдае беларуская перліна сярэднявечча ўсіх сакрэтаў. Надзейна хавае падземны ход, які, паводле легенды, калісьці злучаў два замкі – Мірскі і Нясвіжскі. Сцвярджаюць, што па тунэлі даўжынёй у 30 км магла праехаць карэта, запрэжаная тройкай коней. На жаль, ніякіх слядоў гэтага падземнага ходу выяўлена не было, і дадзеная версія – дагэтуль неразгаданая таямніца.
Праверкай легенды пра існаванне падземнага ходу, які звязваў паміж сабой Мір і Нясвіж, у канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя займаўся навуковы кіраўнік па правядзенні рэстаўрацыйных работ у замку Дзмітрый Сямёнавіч Бубноўскі. Ён быў старшынёй камісіі па пошукавых работах. Звярнуліся за дапамогай да геалагічнай службы Беларусі, каб яна зрабіла зрэз зямлі паміж Нясвіжам і Мірам. Ніякіх тунэляў выяўлена не было. Аднак падземныя тунэлі былі знойдзеныя пад самім замкам і ў раёне пасёлка, але яны маюць лакальны характар без значных працягаў.
А вось дванаццаць адлітых з золата і срэбра статуй апосталаў у чалавечы рост, мабыць, яшчэ трэба паспрабаваць пашукаць у Нясвіжы.
— На Ваш погляд, у якую пару года Мірскі замак самы прыгожы і найбольш выклікае замілаванне?
— Пабудаваны пяць стагоддзяў таму Мірскі замак у любую пару года прыгожы і па—свойму незвычайны. Асабліва, на мой погляд, ён незабыўны летам, калі блакітная роўнядзь возера і свежая зеляніна дрэў памнажаюць яго прывабнасць. Тварэнне рук нашых продкаў, замак у Міры ўвасабляе ў сабе іх талент, таму і мае выключную прыцягальную сілу.
— Ці верыце Вы ў легенды пра прывіды, якія ў народзе звязваюць з замкам?
— Некалькі стагоддзяў тамуна беларускай зямлі было шмат прыгожых замкаў. Але ім не пашчасціла захавацца, яны былі знішчаныя. А Мірскі замак выстаяў і праз стагоддзі пранёс прыгажосць і магутнасць сваіх сцен. Дык хто ці што яго аберагае?
Мабыць, менавіта пасля гэтага пытання якраз да месца расказаць легенду пра камень, які ўмураваны ў паўднёвую сцяну замка і нагадвае галаву барана. Паводле легенды, калі гэты камень зваліцца, Мірскі замак разбурыцца да падмуркаў і ніхто ніколі яго не адновіць. Магчыма, гэта магічны знак.
Паводле язычніцкіх вераванняў нашых продкаў, у пачатку будаўніцтва чарадзей здымаў мерку з галавы жывой істоты (у дадзеным выпадку з галавы барана), знаходзіў камень, абчэсваў па мерцы і ўмуроўваў у сцяну. Потым жывёла, пазбаўленая свайго ценю, памірала і станавілася прывідам, які павінен быў блукаць вакол замка і ахоўваць ад разнастайных ворагаў. А як вядома, у кожнай легендзе ёсць доля праўды.
— Вялікі Вам дзякуй за інтэрв’ю! Зычым Вам далейшага плёну ў працы і новых творчых поспехаў!
Матэрыял падрыхтавала Алеся Коршак