300 тысяч туристов за год, самая большая коллекция западноевропейских шпалер и уникальные портреты владельцев. Мирский замок стремится к новым вершинам

Замкавы комплекс «Мір» з’яўляецца адным з нацыянальных брэндаў нашай краіны і вядомы далёка за яе межамі. Пасля завяршэння рэстаўрацыі і ўрачыстага адкрыцця ў снежні 2010 года, ён працягнуў дынамічна развівацца. Штогод ён сустракае не менш за 300 тысяч турыстаў з усяго свету.

Музейныя фонды з кожным годам папаўняюцца сотнямі прадметаў, якія ўяўляюць вялікую гістарычную і культурную каштоўнасць. На дадзены момант музей «Замкавы комплекс «Мір» з’яўляецца ўладальнікам самых вялікіх сярод усіх беларускіх музеяў калекцый заходнееўрапейскіх шпалер канца XVI-XVIII стагоддзяў, веераў і шляхецкіх гузікаў. У 2016 годзе ў яго фонды паступілі набытыя за мяжой 18 партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў XVIII-XIX стагоддзяў, якія дапоўнілі рэканструяваны інтэр’ер экспазіцыі Партрэтнай залы.

Наведвальнікаў замкавага комплексу па сённяшні дзень здзіўляе разнастайнасць музейных прадуктаў: тэматычныя і аглядныя экскурсіі, экскурсіі з элементамі тэатралізацыі і дэгустацыі, музейныя заняткі, квэсты, тэатралізаваныя паказы, прысвечаныя вяселлям і вясельным гадавінам, і многае іншае.

У сакавіку 2020 года музей далучыўся да праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь», мэтай якога з’яўляецца садзейнічанне актыўнаму і ўстойліваму выкарыстанню культурнай і гістарычнай спадчыны ў трансгранічных праектах. Выдзеленыя грошы будуць выкарыстаны для ўкаранення новых інфармацыйных і мультымедыйных тэхналогій у музейную прастору.

У планах на бліжэйшую будучыню намечана рэалізацыя двух буйных інфраструктурных праектаў: аднаўленне італьянскага саду XVIII стагоддзя і рэканструкцыя вадаскіднага збудавання з добраўпарадкаваннем і арганізацыяй пляцоўкі для сезоннага гандлю.

Гэты год для замкавага комплексу «Мір» з’яўляецца юбілейным: 20 гадоў таму ён быў уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Знаходжанне ў гэтым прэстыжным спісе падштурхоўвае да таго, каб не спыняцца на дасягнутым і імкнуцца да новых вяршыняў.

Вольга НАВІЦКАЯ