Производственный травматизм, пожары и преступность. На заседании Кореличского райисполкома рассмотрели требования Директивы №1

Галоўнымі прыярытэтамі ў рабоце субектаў прафілактыкі, працоўных калектывах павінны быць бяспека і дысцыпліна. На гэта звярнуў увагу кіраўнік раёна Генадзій Шатуеў на чарговым пасяджэнні райвыканкама пры разглядзе пытання выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».

Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч, рэалізацыя Плана мерапрыемстваў у бягучым годзе паказала сваю эфектыўнасць. За 10 месяцаў бягучага года прасочваецца агульнае зніжэнне колькасці пацярпелых пры няшчасных выпадках на вытворчасці з 9 да 1 у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

На ўзроўні мінулага года застаецца паказчык вытворчага траўматызму. У бягучым годзе два работнікі атрымалі цяжкія траўмы (у мiнулым тры), зваліўшыся з вышыні. На жаль, не абышлося і без трагедый: у адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна загінуў чалавек.

Статыстыка сведчыць: у 50% няшчасных выпадкаў, якія адбыліся на тэрыторыі раёна, прычынай стала невыкананне самімі пацярпелымі элементарных правілаў бяспекі, яшчэ ў 17% надзвычайных здарэнняў устаноўлена віна работніка і наймальніка. На жаль, з году ў год інспектары па працы канстатуюць адны і тыя ж парушэнні. Праца на вышыні без ахоўнага агароджвання, на самаробных прыстаўных лесвіцах, якія могуць зламацца або зусім упасці, выкарыстанне самаробных інструментаў — усё гэта на некаторых прадпрыемствах стала амаль нормай. Выклікае здзіўленне, чаму зачастую  працаўнікі не апранаюць ахоўныя каскі, не карыстаюцца страховачнай прывяззю, спецыяльнай вопраткай і абуткам, хоць усё гэта заклікана захаваць іх здароўе і жыццё. Сустракаюцца не менш абуральныя выпадкі, калі людзі працуюць на абсталяванні са знятым ахоўным агароджваннем. Менавіта так і загінуў у гэтым годзе слесар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Як падкрэсліў Ігар Лазарэвіч, на паляпшэнне ўмоў працы работнікаў у бягучым годзе выдаткавана 1,4 млн рублёў. Рамантаваліся санітарна-бытавыя памяшканні і абсталяванне, будаваліся і рэканструяваліся фермы і вытворчыя памяшканні, замянялася састарэлае абсталяванне, зніжалася колькасць працоўных месцаў са шкоднымі ўмовамі працы. Тым не менш, ніякія вялікія фінансавыя ўліванні не змогуць знізіць колькасць няшчасных выпадкаў, калі самі людзі будуць забываць пра пачуццё самазахавання.

На пасяджэнні выканкама таксама адзначалася, што ў раёне за 10 месяцаў бягучага года адбылося 23 пажары, што на 20% менш у параўнанні з мінулым годам. Аднак не абышлося без ахвяр: у агні загінуў адзін чалавек. Сярод прычын вогненных здарэнняў — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і электраабсталявання.

Каб прадухіліць рост пажараў, пры сельвыканкамах і ў г.п. Карэлічы працуюць назіральныя камісіі, якія правялі 182 рэйда для абследавання жылля. У выніку агледжана больш за паўтары тысячы дамоў, яшчэ столькі ж праверылі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

У бягучым годзе на рэалізацыю супрацьпажарных мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва асвоена 10 тысяч рублёў: у 64 домаўладаннях адрамантавана няспраўнае пячное ацяпленне, у 29 — электраправодка, устаноўлена 197 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і 7 апавяшчальнікаў з вывадам на знешняе света-гукавое ўстройства.

Асаблівую заклапочанасць выклікае рост крыміналу ў раёне. Так, за 10 месяцаў здзейснена 158 правапарушэнняў, што на 21 больш, чым у мінулым годзе. З 81 да 92 вырасла колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, з якіх 55 — крадзяжы. Хоць і не дапушчаны рост злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах, павялічылася колькасць парушэнняў закону з боку нецвярозых карэліччан. Перыядычна жыхары раёна з’яўляюцца на працоўных месцах пад шафэ: у бягучым годзе выяўлена 116 такіх фактаў.

Вельмі ўскладнілася сітуацыя на дарогах раёна. З пачатку года ўдвая вырасла колькасць дарожна-транспартных здарэнняў: адбылося 12 ДТЗ, у якіх тры чалавекі загінулі і 12 атрымалі раненні. Па віне нецвярозых вадзіцеляў адбылося два ДТЗ. Затрымана 7 чалавек, якія кіравалі службовым транспартам нападпітку.

На пасяджэнні выканкама зацвердзілі план мерапрыемстваў на 2021 год па рэалізацыі ў раёне палажэнняў Дырэктывы № 1, падкрэсліўшы, што кантроль за бяспекай і дысцыплінай будзе ўзмоцнены.

Іна ЛЕЙКА